Беларускі хакеіст Алексей Протас адыграў ключавую ролю ў перамозе “Вашынгтона” над “Эдмантанам” з лікам 7:3.

Нападнік адзначыўся трыма галявымі перадачамі, у тым ліку на Аляксандра Авечкіна, які аформіў хет-трык і наблізіўся да рэкорду Уэйна Грэтцкі. Наступную гульню “Кэпіталз” правядуць 26 лютага супраць “Калгары”, за які выступаюць Ягор Шаранговіч і Ілля Салаўёў.
“Лакаматыў” гарантаваў сабе месца ў плэй-ін Экстралігі
Беларускі чэмпіянат па хакеі падыходзіць да завяршэння, і клубы працягваюць змагацца за месца ў плэй-оф. “Лакаматыў” хаця і прайграў “Нёману” 0:2, але ўжо гарантаваў сабе месца ў раўндзе плэй-ін. У іншых матчах дня “Славуціч” перамог “Шахцёр” 5:2, а “Віцебск” на выездзе разабраўся з “Магілёвам” 5:1. “Металург” перамог “Хімік” 1:0 дзякуючы шайбе ў авертайме. Апошнія матчы рэгулярнага чэмпіянату пройдуць 24-25 лютага, пасля чаго вызначацца апошнія ўдзельнікі плэй-оф.
Берасцейскае “Дынама” разгромлена дэбютантам Вышэйшай лігі
Футбольны клуб “МЛ Віцебск” стаў аўтарам сенсацыі, перамогшы “Дынама-Брэст” з разгромным лікам 6:0 у таварыскім матчы. Галоўнай зоркай сустрэчы стаў Дзяніс Казлоўскі, які аформіў покер. Цікава, што яшчэ ў мінулым сезоне нападнік выступаў за “Гомель”. Тры дні таму берасцейцы ўпэўнена перамаглі БАТЭ 3:0, але цяпер паказалі цалкам іншы ровень гульні.
“Вітэн” узначаліў чэмпіянат Беларусі па міні-футболе
Аршанскі “Вітэн” вярнуўся на першую пазіцыю ў нацыянальным чэмпіянаце, разграміўшы “Дарожнік” з лікам 10:0. Другі радок займае “Ахова-Дынама”, якое перамагло “УВД-Дынама” 5:3, а на трэцім месцы знаходзіцца ВРЗ, які перамог “Меркурый-ГТК” 4:1.
Баркоўскі дапамог “Пушчы” абыграць “Лехію”
Беларускі форвард Герман Баркоўскі зрабіў галявую перадачу ў матчы “Пушча” – “Лехія”, які завяршыўся з лікам 2:0, у чэмпіянаце Польшчы. У Іспаніі Лука Модрыч забіў свой самы далёкі гол у Ла Лізе – з амаль 27 метраў, а “Рэал” перамог “Жырону” 2:0. У Італіі “Ювентус” абыграў “Кальяры” дзякуючы голу Влахавіча 1:0. У Англіі “Ліверпуль” перамог “Манчэстэр Сіці” 2:0, а “Арсенал” адстае ад лідара АПЛ на 11 ачкоў.
Шыфрын стала першай у гісторыі горналыжніца, якая выйграла 100 этапаў Кубка свету
Мікаэла Шыфрын увайшла ў гісторыю сусветнага спорту, стаўшы першай гарналыжніцай, якая дасягнула 100 перамог на этапах Кубка свету. У італьянскім Сестрыеры яна перамагла ў слаламе, заняўшы першую пазіцыю пасля двух спускаў. На яе рахунку двойчы залатыя медалі Алімпіяды, восем тытулаў чэмпіёнкі свету і пяць Крыштальных глобусаў за перамогі ў сезонах.
Беларускае Радыё Рацыя






