Беларускі форвард Ілья Протас бліснуў у матчы Хакейнай лігі Антарыа (OHL), дзе яго «Віндзор» разграміў «Сарнію» 8:2. Нападнік аформіў 4 (1+3) ачкі пры двух кідках па брамцы і атрымаў паказчык карыснасці +3. За сезон ён ужо набраў 83 (36+47) ачкі ў 47 матчах і ўваходзіць у топ-4 бамбардзіраў лігі.

Кадола ўпершыню адзначыўся ў сезоне КХЛ
Беларускі хакеіст Уладзіслаў Кадола набраў першы выніковы бал у гэтым сезоне КХЛ. У матчы супраць «Куньлуня», які завяршыўся 4:1, ён дапамог адкрыць лік, аддаўшы галявую перадачу. Гэта яго першы выніковы бал у 20 матчах сезону, які ён пачынаў у «Барысе», працягнуў у «Нафтахіміку», а зараз выступае за «Тарпеда».
Шымановіч спыніла выступы ў Канкуне
Беларуская тэнісістка Ірына Шымановіч не змагла прабіцца ў паўфінал турніру WTA-125 у Мексіцы. У чвэрцьфінале яна не здолела навязаць барацьбу брытанцы Франчэске Джонс, прайграўшы 1:6, 0:6. Да гэтага беларуска ўпэўнена перамагла немку Таццяну Марыю 6:2, 6:2, а потым у напружанай трохсэтавай сустрэчы адолела аўстралійку Тайлу Прэстан 6:4, 1:6, 7:5. Таксама Шымановіч выступала ў парным разрадзе, дзе разам з расіянкай Марыяй Козыравай дабралася да чвэрцьфіналу, але саступіла аўстралійскаму тандэму Прэстан / Джойнт 6:7, 7:6, 7:10.
Самы дарагі гулец чэмпіянату Беларусі – расійскі форвард
Паводле дадзеных Transfermarkt, самым каштоўным футбалістам беларускай лігі з’яўляецца расійскі форвард берасцейскага «Дынама» Ягор Корцоў – яго кошт ацэньваецца ў 750 тысяч еўра. За ім ідуць Даніла Нечаеў і Павел Савіцкі, якія ацэньваюцца ў 700 тысяч еўра. Гэта значна менш, чым да зімовага перапынку, калі тройку лідараў складалі Фёдар Лапухоў (1 млн), Родзі Эфаге (900 тысяч) і Гулжыгыт Алыкулоў (800 тысяч еўра). Сярод тых, хто значна падаражэў за мінулы сезон, адзначаюцца Вадзім Пігас, Мікіта Дземчанка і Леанард Гвет – кожны з іх дадаў у кошце па 200 тысяч еўра.
Тры футбалісты пакінулі «Шахцёр»
Салігорскі «Шахцёр» развітаўся з абаронцамі Макарам Ліцкевічам і Дзмітрыем Шуляком, а таксама форвардам Станіславам Стэфановічам. Ліцкевіч правёў за клуб 4 матчы, Шуляк – 5, а Стэфановіч згуляў у 8 афіцыйных сустрэчах.
Грузінскі экс-гулец «Нёмана» перайшоў у «Сокал»
Паўабаронца Гіоргі Кантарыя, які ў 2017-2021 гадах гуляў за гарадзенкі «Нёман», знайшоў сабе новую каманду. Грузінскі футбаліст падпісаў кантракт з расійскім «Сокалам» да канца сезона. Раней Кантарыя выступаў у Азербайджане за «Шамахы», адкуль быў адхілены па падазрэнні ва удзеле ў дамоўных матчах.
У Расеі арганізуюць «Лігу легенд» з удзелам менскага «Дынама»
Расійскі футбольны саюз анансаваў новы турнір «Ліга легенд», прысвечаны 80-годдзю Перамогі. Турнір пройдзе падчас Санкт-Пецярбургскага эканамічнага форуму ў чэрвені. У спаборніцтвах возьмуць удзел вядучыя расійскія клубы – «Спартак», «Зеніт», ЦСКА і «Лакаматыў», а таксама менскае і тбілісскае «Дынама». У складзе гэтых каманд згуляюць знакамітыя футбалісты мінулых гадоў. Арганізатары лічаць, што гэта можа стаць першым крокам да адраджэння Кубка Садружнасці.
Салах увайшоў у элітны клуб АПЛ
Лідар «Ліверпуля» Махамед Салах зноў трапіў у гісторыю Англійскай прэм’ер-лігі. У перанесеным матчы супраць «Эвертана», які завяршыўся з лікам 1:1, егіпцянін зрабіў гол+пас, і такім чынам дасягнуў 100 выніковых дзеянняў у сваіх апошніх 100 матчах у АПЛ. Раней толькі тры футбалісты змаглі паўтарыць такі вынік – Алан Шырэр, Цьеры Анры і Робін ван Персі.
Беларускія дзюдаісты заваявалі сем медалёў у Тунісе
Юніёрская зборная Беларусі паспяхова стартавала на адкрытым чэмпіянаце Афрыкі па дзюдо. У першы дзень спаборніцтваў нашы спартоўцы заваявалі сем медалёў. Золата ў вагавай катэгорыі да 48 кг узяла Арына Макеенка. Срэбраныя ўзнагароды заваявалі Антон Дубовік (вага да 73 кг) і Яўген Мораў (да 100 кг). Бронзавымі прызёрамі сталі Славяна Рылкевіч (да 78 кг), Дыяна Грыгарэнка (да 52 кг), Ганна Сітнік (да 70 кг) і Яўген Гарбачоў (да 81 кг). У спаборніцтвах удзельнічаюць 211 спартоўцаў з 22 краін.
Беларускае Радыё Рацыя






