BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Протас перапыніў серыю без галоў у НХЛ

Беларускі хакеіст Аляксей Протас спыніў серыю без закінутых шайбаў у рэгулярным чэмпіянаце Нацыянальнай хакейнай лігі. У ноч на панядзелак клуб беларуса “Вашынгтон” прымаў “Атаву”. У канцы другога перыяду Протас стаў аўтарам другой шайбы сваёй каманды, вывеўшы “сталічных” наперад. Беларус перапыніў асабістую серыю без галоў, якая налічвала 11 матчаў. Аднак дакладны кідок Аляксея гаспадарам не дапамог: у трэцім перыядзе госці параўнялі лічбы, а ў авертайме вырвалі перамогу – 3:2. Усяго беларускі нападнік “Кэпіталс” адыграў на лёдзе 15 хвілін 40 секунд, здзейсніў 2 перахопы і зарабіў паказчык карыснасці “+1”. У гэтым сезоне ў актыве Протаса 29 (6+23) ачкоў у 73 матчах. За пяць гульняў да заканчэння рэгулярнага чэмпіянату “Вашынгтон” ідзе на Усходзе 10-м, адстаючы ад зоны плей-оф на адзін бал.

Азарэнка расце на выляце кар’еры, Сабаленка на месцы

Апублікаваны абноўлены рэйтынг WTA. Лідарам застаецца полька Іга Швёнтэк. Беларуская тэнісістка Арына Сабаленка размяшчаецца на другім месцы, тройку наймацнейшых замкнула амерыканка Коры Гаўф. Вікторыя Азаранка паднялася ўверх на адзін радок і размясцілася на 25-м месцы, Аляксандра Сасновіч апусцілася на чатыры пазіцыі і размясцілася на 109-й пазіцыі. Ірына Шымановіч пайшла ўверх на шэсць пазіцый і заняла 224-е месца. Лепшым сярод мужчын застаецца серб Новак Джокавіч. На другое месца ўзняўся Карлас Алькарас з Іспаніі, а трэці радок заняў італьянец Янік Сінэр. Беларускі тэнісіст Ілля Івашка рэзка ўпаў на 64 пазіцыі ўніз і размясціўся на 299-м месцы. Ягор Герасімаў застаўся на 336-м радку, а Мікалай Галяк наблізіўся да лепшага рэйтынгу ў сваёй кар’еры, узняўшыся на 367-ы радок.

Біёнчык прызнаны найлепшым трэнерам сакавіка ў вышэйшай лізе

Галоўны трэнер мазырскай “Славіі” Іван Біёнчык прызнаны найлепшым трэнерам чэмпіянату Беларусі па выніках сакавіка, паведамляе прэс-служба клуба. У мінулым месяцы “арлы” абыгралі “Днепр” 2:0 і “Віцебск” 3:2, а зараз лідыруюць у турнірнай табліцы вышэйшай лігі.

Шчэнсны завершыць кар’еру ў зборнай Польшчы па футболе пасля Еўра-2024

Польскі брамнік італьянскага футбольнага клуба “Ювентус” Войцэх Шчэнсны паведаміў, што плануе завяршыць кар’еру ў зборнай краіны пасля чэмпіянату Еўропы па футболе 2024 года, паведаміла газета Corriere dello Sport. Галкіпер выступае за зборную з лістапада 2009-га, на яго рахунку 81 матч за нацыянальную каманду. Шчэнсны зазначыў, што не бачыць сэнсу пачынаць новы цыкл і рыхтавацца да чэмпіянату свету. На яго думку, трэба даць шанц іншым брамнікам. Чэмпіянат Еўропы па футболе адбудзецца ў Германіі з 14 чэрвеня да 14 ліпеня. Польская зборная выступіць у групавым этапе ў квартэце D, дзе яе супернікамі стануць каманды Францыі, Нідэрландаў і Аўстрыі.

«Фенeрбахчэ» байкатаваў Суперкубак Турцыі – прапусцілі гол на 1-й хвіліне і сышлі з поля

«Фенeрбахчэ» байкатаваў матч Суперкубка Турцыі супраць «Галатасарая». У складзе «Фенербахчэ» на гульню былі толькі гульцы U-19, ніводны з футбалістаў асноўнай каманды не прыняў удзел у матчы. На 1-й хвіліне каманда Ісмаіла Картала прапусціла гол ад Маўра Ікардзі і трэнер павёў гульцоў з поля. Пасля таго як супернік пакінуў поле, «Галатасарай» адсвяткаваў перамогу і пачаў матч супраць свайго дубля, каб заўзятары, якія набылі квіткі, паглядзелі хаця б якую-небудзь гульню. Раней кіраўніцтва клуба “Фенербахчэ” планавала выйсці са складу турэцкай Суперлігі, аднак адклала гэтае пытанне на 3 месяцы. Нагадаем, пасля гасцявога матчу з «Трабзанспорам» фанаты гаспадароў пачалі выбягаць на поле і біцца з гульцамі «Фенербахчэ». У прыватнасці, Батшуаі ударыў аднаго з фанатаў нагой, а Брайт Осэі-Сэмюэл збіваў заўзятара, які ляжаў на газоне.

Беларускае Радыё Рацыя