Аляксей Протас зноў бліснуў у НХЛ! Беларускі нападнік “Вашынгтона” запісаў на свой рахунак выніковую перадачу ў матчы супраць “Філадэльфіі”, які скончыўся перамогай яго каманды — 3:2. На 15-й хвіліне сустрэчы Протас вывеў на ўдарную пазіцыю Аляксандра Авечкіна, які адкрыў лік і скараціў адставанне ад рэкорду Уэйна Грэцкі да шасці галоў. Для Протаса гэта ўжо трэці выніковы матч запар і шосты з апошніх сямі. У гэтым сезоне ён набраў 62 балы (29 шайбаў і 33 перадачы) у 69 матчах, усталяваўшы новы беларускі рэкорд у НХЛ. Вашынгтон” стаў першай камандай, якая забяспечыла сабе выхад у плэй-оф Кубка Стэнлі. Наступны матч каманда Протаса правядзе 23 сакавіка супраць “Фларыды”.

“Дынама” згуляе з ЦСКА
Хакеісты менскага “Дынама” сёння правядуць адзін з самых важных матчаў у рэгулярным сезоне КХЛ — на выездзе супраць маскоўскага ЦСКА. Абедзве каманды падыходзяць да сустрэчы з серыяй паразаў: “зубры” саступілі ў чатырох матчах запар, а масквічы — у трох. У турнірнай табліцы супернікаў падзяляе ўсяго адно ачко — у “Дынама” 82 балы і пятае месца, у ЦСКА — 83 ачкі і чацвёртая пазіцыя. У гэтым сезоне “Дынама” ўжо тройчы перамагала ЦСКА. Ці атрымаецца захаваць пераможную серыю — даведаемся ўвечары.
«Нёман» падзяліў павышаныя стаўкі: хто атрымлівае больш за ўсіх
У «Нёмане» больш няма свабодных павышаных ставак — усе яны ўжо разабраныя. Паводле інфармацыі СМІ, дадатковыя выплаты атрымалі нападнікі Ягор Зубовіч і Максім Краўцоў, капітан каманды абаронца Іван Садаўнічы і паўабаронца Міхаіл Казлоў. Сярод гульцоў зборнай у «Нёмане» найбольшыя заробкі — крыху больш за 17 тысяч рублёў — маюць паўабаронца Павел Савіцкі і абаронца Ягор Пархоменка. У «Дынама» Брэст» такія ж сумы атрымліваюць Арцём Быкаў і Міхаіл Гардзяйчук, а абаронца Арцём Рахманаў з павышанай стаўкай мае каля 10 тысяч рублёў.
Зборная Беларусі ўжо ў Азербайджане
Зборная Беларусі прыбыла ў Азербайджан, дзе 25 сакавіка правядзе кантрольны матч супраць мясцовай нацыянальнай каманды. Пачатак сустрэчы запланаваны на 20:45 па беларускім часе, а прамую трансляцыю пакажа тэлеканал СТБ. Нагадаю, што ў папярэдняй сустрэчы падапечныя Карласа Алоса ўпэўнена перамаглі Таджыкістан з лікам 5:0.
Польшча стартуе ў адборавым турніры на ЧС-2026 — чакаюцца змены ў складзе
Польская зборная сёння пачынае свой шлях да чэмпіянату свету-2026 матчам супраць Літвы. Галоўны трэнер Міхал Пробеж ужо раскрыў некалькі сакрэтаў адносна складу на гэтую сустрэчу. З першых хвілін у браме з’явіцца Лукаш Скарупскі. У абароне верагодна выйдуць Каміль Пёнткоўскі, Ян Беднарэк і Якуб Ківёр. На флангах — Мэці Кэш і Пшэмыслаў Франкоўскі. У цэнтры поля, хутчэй за ўсё, згуляюць Якуб Модэр, Себасцьян Шыманскі і Якуб Пятроўскі, які можа атрымаць шанец пасля добрых выступаў за клуб. У нападзе напэўна ўбачым Роберта Левандоўскага, які вярнуўся ў зборную пасля траўмы, і, магчыма, Крыштафа Пёнтка альбо Караля Свідэрскага. Нагадаю, што Польшча пачне адбор з хатніх матчаў супраць Літвы і Мальты.
Беларускае Радыё Рацыя






