
Вызначыўся другі фіналіст клубнага чэмпіяната свету па футболе, які праходзіць у ЗША. У еўрапейскім паўфінале французскі «Пары Сэн-Жэрмэн», дзеючы ўладальнік галоўнага трафея Старога свету – Кубка Лігі чэмпіёнаў, адолеў гішпанскі «Рэал» з Мадрыда з лікам 4:0. Галамі ў «гараджанаў» адзначыліся – дублем Фабіа Руіз і па адным голе Усам Дэмбеле ды Гансалу Рамуш.
Такім чынам, у фінале ў нядзелю 13 ліпеня за тытул мацнейшага клуба ў свеце пазмагаюцца – лонданскі «Чэлсі» ды парыжскі «ПСЖ». Апошні раз нееўрапейская каманда выйгравала клубны мундыяль у 2012 годзе, калі гэта зрабіў бразільскі «Карынтыянс», абыграўшы ў фінале «Чэлсі» (1:0).
У цэлым клубы з-за межаў Еўропы толькі чатыры разы выйгравалі клубны чэмпіянат свету. Двойчы гэта рабіў «Карантыянс», яшчэ па адным разе – «Сан-Паўлу» і «Інтэрнасьянал».
Учора сваю барацьбу ў еўракубках распачала першая беларуская каманда. У першым раўндзе кваліфікацыі Лігі чэмпіёнаў менскае «Дынама» згуляла першы матч з балгарскім «Лудагорцам». Менчукі саступілі ў Разградзе з лікам 0:1. Прапусціўшы адзіны мяч у свае вароты на 87 хвіліне гульні. Матч у адказ адбудзецца 16 ліпеня ў венгерскім Мезёкевешдзе. Пераможца гэтай пары патрапіць далей на харвацкую «Рыеку». А прайграўшы апускаецца ў Лігу канферэнцый.
Учора ў Лізе чэмпіёнаў гуляў яшчэ адзін беларускі футбаліст. Віленскі «Жальгірыс» Юрыя Кендыша на сваім полі адолеў чэмпіёна Мальты «Хамрун» з лікам 2:0. Беларускі паўбаронца выйшаў у асноўным складзе, адгуляў увесь матч і на 59 хвіліне аддаў трапны пас пры першым узяцці брамы мальційцаў.
Яшчэ адным беларускім спецыялістам у польскім футболе стала болей. 41-гадовы лідзянін Валерый Макарэвіч прызначаны на пасаду трэнера брамнікаў «Эланы» з Торуня, што выступае ў 3 лізе чэмпіяната Польшчы па футболе.
Раней Макарэвіч выступаў за зборную Беларусі па пляжным футболе. Працаваў трэнерам брамнікаў у менскіх «Тарпеда» і «Крумкачах».
Набліжаецца развязка ў тэнісным турніры Вялікага шлема на травяных кортах лонданскага Уімблдона. Учора ў жаночым турніры вызначылася другая паўфінальная пара. 4-я ракетка сусветнага рэйтынгу полька Іга Свёнтэк перайграла 19-ю ракетку расейку Людмілу Самсонаву з лікам 2:0 (6:2, 7:5 па сэтах). І ўпершыню у кар’еры выйшла ў паўфінал Уімблдона.
А 35-я ракетка швайцарка Белінда Бэнчыч не прапусціла ў паўфінал іншую расейку – 7-ю ракетку Міру Андрэеву з такім самым лікам – 2:0 (7:6, 7:6 па сэтах).
Такім чынам паўфінальныя пары тут складаюць: Арына Сабаленка і Аманда Анісімава ды Іга Свёнтэк і Белінда Бэнчыч. Іх сустрэчы адбудуцца сёння 10 ліпеня.
Таксама ўчора вызначылася другая паўфінальная пара ў мужчынскім розыгрышы Уімблдона. Першая ракетка сусветнага рэйтынгу італьянец Янік Сінэр абыграў 10-ю ракетку амерыканца Бэна Шэлтана з лікам 3:0 (7:6, 6:4, 6:4).
У суседняй чвэрцьфінальнай пары 6-я ракетка серб Новак Джокавіч перайграў 24-ю ракетку італьянца Флавіё Каболі з лікам 3:1 (6:7, 6:2, 7:5, 6:4).
Такім чынам тут паўфінальныя пары выглядаюць так: Янік Сінэр і Новак Джокавіч ды Карлас Алькарас і Тэйлар Фрыц. Іх матчы адбудуцца заўтра – 11 ліпеня.
Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя






