BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

«ПСЖ» выйграў Мiжкантынентальны кубак

У фінальным матчы Міжкантынентальнага кубка французскі «ПСЖ» згуляў з бразільскім «Фламенга». У асноўны і дадатковы час галамі адзначыліся Кварцхелія і Жаржынья і ён завяршыўся з лікам 1:1, а ў серыі пенальці парыжане аказаліся мацнейшымі – 2:1.

«ПСЖ» – дзеючы пераможца Лігі чэмпіёнаў. «Фламенга» выйграў Кубак Лібертадорэс у 2025 годзе.
Раней сёлета парыжане выйгралі Лігу 1, Кубак Францыі, Суперкубак Францыі, Лігу чэмпіёнаў і Суперкубак. «ПСЖ» паўтарыў рэкорд «Барсэлоны» і «Баварыі», выйграўшы 6 трафеяў за каляндарны год. Каталонцы гэта зрабілі ў 2009 годзе, а мюнхенцы – у 2020-м.

ФІФА аб’явіла аб запуску новай катэгорыі білетаў на чэмпіянат свету 2026 года пасля маштабнай хвалі крытыкі з-за высокага кошту наведвання матчаў. Новыя білеты катэгорыі supporter entry tier будуць каштаваць $60 і будуць даступныя на ўсе матчы турніру.
Раней Асацыяцыя футбольных балельшчыкаў патрабавала прыпыніць продаж білетаў на ЧС-2026 з-за высокіх коштаў. Па новых правілах білеты пачатковага ўзроўню будуць складаць 10% ад квоты на кожны са 104 матчаў турніру. Кожная нацыянальная асацыяцыя атрымлівае квоту ў памеры 8 працэнтаў ад умяшчальнасці стадыёна на матчы з удзелам сваёй зборнай.

Прадстаўніца АБФФ Святлана Грынкевіч прызначаная дэлегатам УЕФА на матч 6-га тура Лігі канферэнцый сезона-2025/2026 па-між грэцкім АЕК і румынскім «Універсітаця».
Сустрэча пройдзе сёння ў Афінах. Сёлета Грынкевіч таксама атрымлівала прызначэнні на фінальную стадыю жаночага Еўра, кваліфікацыю ЧС-2026, мужчынскую і жаночую Лігу чэмпіёнаў, а таксама Юнацкую лігу УЕФА.

Нагадаю, што сёння таксама свой апошні матч у гэтым годзе згуляе і беластоцкая «Ягелонія», якая наведаеца ў Нідэрланды ў госці да «АЗ Алкмаар».

Гомельскі «Лакаматыў» з Першай лігі чэмпіяната Беларусі па футболе выступіў з заявай па выніках сезона. «На сённяшні дзень ёсць інфармацыя, што наша ўлюбёная каманда «Лакаматыў», хутчэй за ўсё, спыніць сваё існаванне», – напісалі ў сторыс клубнага Instagram-акаўнта. У чэмпіянаце-2025 каманда заняла трэцяе месца ў Д2, аднак першапачаткова не магла прэтэндаваць на павышэнне ў класе. Таму ў стыкавых матчах замест «чыгуначнікаў» згуляла «Белшына», якая фінішавала чацвертай, яна абыграла «Смаргонь» і атрымала пуцёўку ў Вышэйшую лігу.

Учора былі згуляныя першыя матчы 34 тура ў рэгулярным чэмпіянаце беларускай хакейнай Экстралігі. Менскае «Юнацтва» і другі раз перамагло «Ліду». Гэтым разам з лікам 4:0. Баранавіцкі «Авіятар» узяў рэванш у смаленскага «Славуціча» і парамог з лікам 4:3. А салігорскі «Шахцёр» саступіў з лікам 2:3 жлобінскаму «Металургу».

А вось за акіянам прайшлі чарговыя матчы рэгулярнага чэмпіянату Нацыянальнай Хакейнай Лігі.
«Вашынгтон» Аляксея Протаса буйна прайграў «Мінесоце» з лікам 0:5. Беларус правёў на лёдзе 17 хвілін 22 секунды, здзейсніў адзін кідок па варотах і зарабіў дзве хвіліны штрафу, сустрэчу скончыў з паказчыкам карыснасці «-1».

«Калгары» Ягора Шаранговіча ў гасцях саступіў «Сан-Хасэ» з лікам 3:5. Беларус правёў на лёдзе 19 хвілін 18 секунд, здзейсніў адзін перахоп і дапусціў адну страту шайбы, сустрэчу скончыў з паказчыкам карыснасці «-2».

«Чыкага» Арцёма Леўшунова саступіла «Таронта» з лікам 2:3. Леўшуноў на гульню заяўлены не быў у якасці дысцыплінарнага пакарання за спазненне на трэніроўку напярэдадні.

«Нью-Ёрк» стаў пераможцам унутрысезоннага турніру НБА. У фінале каманда абыграла «Сан-Антоніа» з лікам 124:113. Для «Нікс» гэты трафей стаў першым з 1973 года, калі яны станавіліся чэмпіёнамі. Таксама «Нью-Ёрк» стаў трэцім пераможцам унутрысезоннага турніру ў гісторыі. Раней турнір выйгравалі «Лэйкерз» і «Мілуокі». За перамогу ў фінале кожны гулец са стандартным кантрактам атрымаў дадатковыя 318 560 даляраў. Разам з прызавымі за выхад у фінал яны зарабілі па 530 933 даляры.

Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя