Беларускі форвард Герман Баркоўскі правёў увесь матч за “Пушчу” у чэмпіянаце Польшчы па футболе, але яго каманда не змагла пазбегнуць паразы ад “Заглембе” – 1:2. Нападнік атрымаў жоўтую картку на 55-й хвіліне. Пасля 20 тураў “Пушча” застаецца ў зоне вылету, займаючы 16-е месца з 19 баламі.
“Дынама-Маладзечна” афармляе пуцёўку ў плэй-оф
У беларускай хакейнай экстралізе вызначыліся ўсе ўдзельнікі плэй-оф. “Дынама-Маладзечна” стала апошнім клубам, які гарантаваў сабе месца ў чвэрцьфінале, перамогшы “Віцебск” па булітах – 4:3. Гэта параза перапыніла пераможную серыю віцяблян на сямі матчах. Маладзечанцы падняліся на пятае месца ў табліцы і далучыліся да “Юнацтва”, “Віцебска”, “Нёмана”, “Металурга” і “Гомеля” ў барацьбе за чэмпіёнства. Дзеючы чэмпіён “Металург” у цяжкім матчы перамог “Магілёў” 4:3 і замацаваўся на чацвёртай пазіцыі разам з “Нёманам”, у якога застаецца матч у запасе.
Кульбакоў – найлепшы брамнік тыдня ў КХЛ
Беларускі галкіпер ніжагародскага “Тарпеда” Іван Кульбакоў прызнаны найлепшым брамнікам тыдня ў КХЛ. Ён выйграў два матчы ў серыі булітаў, паказаўшы 95,24% надзейнасці. Гэта ўжо другое такое прызнанне ў яго кар’еры.
“Мінск” вяртае сабе лідарства ў міні-футбольным чэмпіянаце Беларусі
“Мінск” зноў на першым месцы турнірнай табліцы пасля перамогі над “Барысавам-900” – 7:3. Галоўны матч тура паміж “Сталіцай” і “Вітэнам” скончыўся драматычнай перамогай оршанцаў – 6:5. “Вітэн” у гэтым сезоне ўжо тройчы перамагаў дзеючых чэмпіёнаў краіны. “ВРЗ” разграміў “ЦКК” 8:0, а “БЧ” перайграў “УВД-Дынама” 7:2. Пасля 13 тураў лідзіруе “Мінск” – 32 ачкі, у “Вітэна” – 31, у “ВРЗ” – 30, “Ахова-Дынама” мае 29, “Сталіца” – 27.
Сёння – першыя матчы 1/16 фіналу Лігі чэмпіёнаў
У Лізе чэмпіёнаў сёння стартуюць першыя стыкавыя матчы плэй-оф. “Брэст” прыме ПСЖ – сустрэча пачнецца а 20:45 па беларускім часе. Увечары адбудуцца тры топавыя супрацьстаянні: “Манчэстэр Сіці” – “Рэал” Мадрыд, “Спортынг” – “Барусія” Дортмунд і “Ювентус” – ПСВ, усе гульні пачнуцца а 23:00.
Свёнтэк паўтарыла рэкорд Азаранкі
Вікторыя Азаранка не здолела прабіцца ў другі раўнд турніру WTA-1000 у Досе, прайграўшы амерыканцы Аманде Анісімавай – 3:6, 5:7. А вось Іга Свёнтэк упэўнена стартавала, перамогшы Марыю Сакары – 6:3, 6:2. Полька паўтарыла рэкорд Азаранкі па перамогах на катарскім турніры – у іх па 14 выйграных матчаў з 15 першых.
Беларускае Радыё Рацыя