Расейскі форвард Артур Сагітаў пакінуў «Смаргонь». Дзеянне кантракта з футбалістам спынена датэрмінова. 24-гадовы нападнік папоўніў склад клуба ў зімовае міжсезонне. У бягучым сезоне ён правёў пяць матчаў. Ён ні разу не выходзіў у стартавым складзе і прабыў на полі сумарна 63 хвіліны. За гэты час Сагітаў не забіў ніводнага гола і не аддаў ніводнай выніковай перадачы.
“Напалі” абвясціў аб падпісанні Контэ
Італьянскі «Напалі» на сваім афіцыйным сайце абвясціў аб прызначэнні Антоніа Контэ на пасаду галоўнага трэнера каманды. Бакі падпісалі кантракт тэрмінам да 2027 года. Апошнім месцам працы 54-гадовага спецыяліста быў лонданскі «Тотэнхэм», які італьянец узначальваў з 2021 па 2023 год. Раней у СМІ з’яўлялася інфармацыя, што “Напалі” гатовы выдаткаваць Контэ 230 млн еўра на трансферы летам у выпадку яго прызначэння. Таксама паведамлялася, што ў кантракце Контэ з клубам не будзе прадугледжана кампенсацыя трэнеру ў выпадку датэрміновага скасавання супрацоўніцтва. Нагадаю, па выніках сезона “Напалі” ў італьянскай Серыі А набраў 53 ачкі і фінішаваў на 10-м месцы ў турнірнай табліцы.
Берасцейскі “Будаўнік” і “Мінск” згуляюць у фінале чэмпіянату Беларусі па хакеі на траве
Чарговы раз у фінале чэмпіянату Беларусі па хакеі на траве сярод мужчынскіх каманд згуляюць берасцейскі “Будаўнік” і хакейны клуб “Мінск”. Удзел у сезоне прынялі шэсць каманд – “Будаўнік”, СДЮШАР “Будаўнік”, ХК “Мінск”, СДЮШАР ХК “Мінск”-РЦАП, ХК “Гомель” і “Гроднааблспорт”. Перамогу ў рэгулярным чэмпіянаце святкавалі хакеісты “Будаўніка”, якія ў 20 турах набралі 57 ачкоў. Супернікамі берасцейцаў у паўфінале сталі прадстаўнікі СДЮШАР ХК “Мінск”-РЦАП, якія занялі ў табліцы чацвёртае месца. У серыі да дзвюх перамог “Будаўнік” не пакінуў сталічнаму калектыву ніводнага шанцу, перамогшы з лікам 9:1 дома і 9:0 на выездзе. За другую пуцёўку ў фінал змагаліся хакеісты “Мінска” і “Гомеля”, якія фінішавалі ў рэгулярным сезоне на 2-й і 3-й пазіцыях адпаведна. Першы паўфінальны матч у сталіцы застаўся за гаспадарамі 2:1, у другой гульні на поўдні краіны мацнейшымі былі ўжо гамяльчане 5:1. Вырашальны трэці паядынак адбыўся сёння і завяршыўся перамогай менчан з лікам 2:0. Даты фінальнай серыі мужчынскага чэмпіянату Беларусі па хакеі на траве будуць аб’яўлены пазней. У мінулым годзе чэмпіёнскае званне заваявалі гульцы “Будаўніка”, да гэтага на працягу дзевяці гадоў запар у нацыянальным першынстве перамагаў “Мінск”.
Беларусы Шангін і Федарынчык выйшлі ў паўфінал ЧС па тайскім боксе
У грэчаскіх Патрах працягваецца чэмпіянат свету па муай-тай з удзелам беларускіх спартоўцаў. На спаборніцтвы заявіліся больш за 560 атлетаў з 93 краін. З дзесяці беларусаў, якія стартавалі на турніры, да чвэрцьфіналаў у сваіх катэгорыях дабраліся сямёра – з іх двое ў аўторак змагаліся за выхад у паўфінал. У вазе да 63 кг сярод моладзі Іван Шангін ў 1/4 фіналу быў мацней за Маханада Батбуці з Ірака. Наступным супернікам беларуса стане алжырэц Абдэльмунем Баста. У катэгорыі да 71 кг сярод спартоўцаў не старэйшых за 23 гады Яўген Федарынчык нанёс паразу ўкраінцу Глебу Чабану. Месца ў вырашальным паядынку прадстаўнік Беларусі будзе аспрэчваць з аўстралійцам Каем Уіт-Джонсам. Паўфіналы з удзелам Федарынчыка і Шангіна адбудуцца 7 чэрвеня.
Беларускае Радыё Рацыя