BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Футбольны дзень на алімпіядзе і ў еўракубках

Пачнем з еўрапейскага футбола. Сёння, 30 ліпеня, распачынаецца серыя гульняў у адказ у еўракубках. Адбудзецца 7 матчаў у Лізе чэмпіёнаў і 5 у Лізе канферэнцый. З адметных – сустрэча азербайджанскага «Карабаха» і гібралтарскага «Лінкольна». Нагадаю, што адна з гэтых камандаў працягне змаганне з менскім «Дынама» ў адным з вышэйзгаданых турніраў. Першая іх сустрэча была на карысць каўказскай дружыны з лікам 2:0.

І пераходзім да алімпійскага футбола. Сёння пройдуць апошнія гульні групавога этапа ў гэтым відзе спорту. Гэтымі хвілінамі ўжо ідуць сустрэчы між зборнымі Гішпаніі і Егіпта, а таксама Дамініканы і Узбекістана. Дзе ў трэнерскім штабе апошніх, нагадаем, працуе беларус – Міхаіл Ярэмчук. Таксама ўвечары між сабою згуляюць за выхад у плэй-оф Марока – Ірак, Украіна – Аргентына, Новая Зеландыя – Францыя, ЗША – Гвінея, Ізраіль – Японія і Парагвай – Малі.

Працягваецца насычаны тэнісны алімпійскі турнір. Так у гэтыя хвіліны праходзяць сустрэчы за выхад у чвэрцьфінал у жаночым разрадзе. З цікавых там – паядынкі ўкраінак Эліны Світолінай супраць чэшкі Барборы Крэйцікавай і Марты Касцюк супраць ізраільцянкі Марыі Сакары. Увечары свой матч згуляе полька Іга Свёнтэк супраць кітаянкі Ван Сюй. Таксама ўвечары згаданая вышэй Марта Касцюк разам з Даянай Ястрэмскай пазмагаюцца з парай тайванек за выхад у чвэрцьфінал парнага разраду турніра.

Працягваецца алімпійскі баскетбольны турнір. У другім туры групавога этапа сёння ўжо Гішпанія перамагла ў Грэцыі з лікам 84 – 77 і Канада ў Аўстарліі 93 – 83.
Паралельна сёння распачынаецца турнір у баскетболе 3 на 3, дзе сярод мужчынскіх зборных прысутнічаюць палякі, літоўцы ды латышы.
Таксама праходзяць сустрэчы ў валейбольным турніры. Сёння ўжо Італія перамагла Егіпет з лікам 3 – 0 і ЗША Германію 3 – 2. Увечары згуляюць між сабою Славенія і Сербія і Францыя – Канада. Польская дружына заўтра а 9 раніцы згуляе са зборнай Бразіліі.

Што тычыцца выступлення беларускіх спартоўцаў, то Яўген Залаты сёння заняў першае месца ў чвэрцьфінальным заездзе ў адзіночным акадэмічным веславанні на 2000 метраў. Паўфінал для яго пройдзе 1 жніўня. Нагадаем, што папярэдне таксама беларуска Таццяна Клімовіч у аналагічнай дысцыпліне прабілася ў паўфінальныя вяслярскія заезды.

А тым часам. Міжнародны саюз трыятлона паведаміў, што мужчынскія алімпійскія спаборніцтвы па гэтай дысцыпліне былі перанесены з 30 на 31 ліпеня. Прычынай гэтаму стаў высокі ўзровень забруджвання ракі Сена на некаторых участках заплыву. «На жаль, некантралюемыя метэаралагічныя з’явы, такія як дождж, які прайшоў над Парыжам 26 і 27 ліпеня, могуць змяніць якасць вады і прымусіць нас перанесці мерапрыемства па медыцынскіх меркаваннях. Нягледзячы на ​​паляпшэнне якасці вады ў апошнія гадзіны, паказчыкі на некаторых участках заплыву ўсё яшчэ перавышаюць дапушчальныя нормы», – гаворыцца ў заяве саюза. Калі да раніцы серады ўзровень забруджвання застанецца высокім, абедзве гонкі могуць быць перанесены на рэзервовы дзень – пятніцу, 2 жніўня.

На дадзены момант у медальным заліку лідзіруе зборная Японіі, Францыя – другая, трэцім ідуць атлеты Кітая.

Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя