У матчы 4-га тура агульнага этапу Лігі Чэмпіёнаў УЕФА, у якім сустракаліся іспанскі “Рэал” і італьянскі “Мілан” на стадыёне «Санцьяга Бернабеу» перамогу нечакана святкавалі «расанэры» з лікам 3:1, якія паказалі выдатную камандную гульню ў абароне разам з забойчымі контраатакамі. У пачатку матча лік адкрыў пасля падачы кутавога абаронца «Мілана» Малік Тшау. Затым нападнік гаспадароў Вінісіус Жуніёр забіў гол з пенальці. На 39-й хвіліне гол нападніка Альвара Мараты вывеў “Мілан” наперад. У сярэдзіне другога тайма паўабаронца Тэяні Рэйндэрс умацаваў перавагу гасцей. У наступным туры мадрыдскі клуб сустрэнецца з “Ліверпулем”.
Таксама інакш як сенсацыяй не назавеш разгромную гасцявую паразу аднаго з фаварытаў турніра «Манчэстэр Сіці» у матчы з партугальскім «Спортынгам» 1:4. Хет-трык аформіў Віктар Дзьекерэш. Два з трох галоў ён забіў з пенальці. Гэты матч стаў апошнім для Рубэна Амарыма на пасадзе галоўнага трэнера «Спортынга» у Лізе чэмпіёнаў перад сыходам у «Манчэстэр Юнайтэд».
Футбалісты англійскага “Ліверпуля” у сваю чаргу працягваюць перамагаць у Лізе чэмпіёнаў.
У хатнім матчы чацвёртага тура асноўнага этапа лідэры англійскай прэм’ер-лігі святкавалі чацвёртую вікторыю, разграміўшы нямецкі “Баер” з Леверкузена з сухім лікам 4:0. Усе мячы былі забітыя ў другім тайме – хет-трык аформіў Луіс Дыяс, адзін раз вызначыўся Кодзі Гакпа. У актыве “Ліверпуля” стала 12 ачкоў з 12 магчымых.
У іншых матчах «ПСВ» разграміў «Жырону» 4:0, браціслаўскі «Слован» буйна прайграў заграбскаму «Дынама» 1:4, „Манака” на выездзе абыграла «Балонью» 1:0, з такім жа лікам дортмундская «Барусія» перамагла на хатняй арэне аўстрыйскі «Штурм». «Селтык» быў мацней за «РБ Лейпцыг» 3:1, а «Ювентус» і «Ліль» згулялі ўнічыю 1:1.
Зборная Беларусі па міні-футболе перамагла кувейцаў
Зборная Беларусі па міні-футболе пераможна завяршыла выступы на міжнародным турніры ў Будапешце. Беларусы абыгралі каманду Кувейта – 2:1. У пачатку сустрэчы Іван Заяц-Маціеўскі забіў першы гол, потым супернікі аднавілі парытэт, а пасля перапынку Дзмітрый Шыманоўскі забіў пераможны мяч. У стартавым паядынку падначаленыя Аляксандра Чэрніка разышліся мірам з гаспадарамі спаборніцтваў венграмі – 3:3.
Для беларускай зборнай спарынгі ў венгерскай сталіцы сталі праверкай сіл перад пачаткам адборачнага турніру чэмпіянату Еўропы, які стартуе ў снежні. У кваліфікацыйнай групе 2 супернікамі нашай каманды будуць зборныя Фінляндыі, Італіі і Мальты. Фінальны этап 13-га чэмпіянату Еўропы па міні-футболе пройдзе ў студзені – лютым 2026 года на арэнах Латвіі і Літвы, каманды якіх вызвалены ад кваліфікацыі.
Баскетбалісты “Барысфена” прайгралі “Рубону”
Баскетбалісты магілёўскага “Барысфена” пацярпелі паразу, але выйшлі на першае месца ў чэмпіянаце Беларусі.
У хатнім матчы падначаленыя Андрэя Крываноса нечакана саступілі віцебскаму “Рубону” 83:95. Пасля гэтай паразы ў “Барысфена” стала 15 ачкоў у дзевяці праведзеных матчах. На адзін бал адстаюць баскетбалісты “Гродна-93”, у дзейнага чэмпіёна краіны “МІНСКА” і “Рубона” па 13 заліковых балаў.
Сабаленка завершыць год у рангу першай ракеткі планеты
Беларуская тэнісістка Арына Сабаленка завершыць год у рангу першай ракеткі планеты. Гэта стала вядома пасля паразы полькі Ігі Свёнтэк на выніковым турніры WTA у Эр-Рыядзе.
У сваім другім паядынку групавога этапу польская тэнісістка, якая займае другое месца ў сусветным рэйтынгу, прайграла амерыканцы Коры Гаўф, у якой трэцяя пазіцыя, – 3:6, 4:6. Такім чынам, незалежна ад вынікаў матчаў у сталіцы Саудаўскай Аравіі менавіта Арына Сабаленка застанецца лідэрам рэйтынгу WTA па выніках 2024 года.
Беларускае Радыё Рацыя






