Футбалісты мадрыдскага “Рэала” зрабілі першы крок да чвэрцьфіналу, перамогшы “Атлетыка” ў хатнім матчы 1/8 фіналу Лігі чэмпіёнаў. Сустрэча пачалася з хуткага гола: ужо на 4-й хвіліне Радрыга пасля дакладнага паса Федэрыка Вальвердэ вывеў “Рэал” наперад. Але “Атлетыка” не здаваўся – на 32-й хвіліне Хуліян Альварэс зраўняў лік прыгожым ударам у далёкі кут. Пасля перапынку гаспадары зноў захапілі ініцыятыву, і Брахім Дыяс забіў пераможны гол – 2:1.

У Эйндховене “Арсенал” зладзіў сапраўдны разгром – “кананіры” разабралі “ПСВ” 7:1. Дубль аформіў Марцін Эдэгар, а таксама вызначыліся Трасар, Мерына, Нванеры, Калаф’ёры і Цімбер. У Бруге “Астан Віла” ў канцоўцы сустрэчы вырвала перамогу 3:1 над мясцовым клубам, а “Барусія” і “Ліль” разышліся мірам – 1:1.
Сёння адбудуцца яшчэ чатыры матчы. “Баварыя” згуляе супраць “Байера”, “Бенфіка” прыме “Барселону”, “ПСЖ” сустрэнецца з “Ліверпулам”, а “Феенорд” паспрабуе даць бой “Інтэру”.
Зборная Беларусі па футболе нечакана страціла двух гульцоў перад матчамі
З пашыранага спісу кандыдатаў у нацыянальную каманду Беларусі зніклі два футбалісты – абаронца «Дынама-Брэст» Мікіта Сцяпанаў і нападнік польскай «Кароны» Яўген Шыкаўка. Прычына такога рашэння афіцыйна не называецца. Нагадаю, што падчас сакавіцкай міжнароднай паўзы зборная Беларусі згуляе два таварыскія матчы – 20 сакавіка супраць Таджыкістана, а 25-га сустрэнецца з Азербайджанам.
Хто возьме тытул? Кутузаў назваў галоўных прэтэндэнтаў на золата
Барацьба за чэмпіёнства ў вышэйшай лізе Беларусі абяцае быць гарачай! Былы форвард “Мілана” і зборнай Беларусі Віталь Кутузаў вызначыў галоўных фаварытаў новага сезону.
На яго думку, менскае “Дынама”, гарадзенскі “Нёман” і “Тарпеда-БелАЗ” – галоўныя прэтэндэнты на высокія месцы. Пры гэтым ён адзначыў, што мінчане страцілі шмат ключавых гульцоў, а жодзінцы выглядаюць найбольш падрыхтаванымі. Таксама Кутузаў не выключае, што “МЛ Віцебск” і берасцейскае “Дынама” могуць уключыцца ў барацьбу за еўракубкавыя месцы.
Шаранговіч забівае, Калячонак дэбютуе: беларусы ў НХЛ
Ягор Шаранговіч нарэшце перарваў сваю безгалявую серыю і дапамог “Калгары” перамагчы “Філадэльфію” з лікам 6:3. Беларус закінуў шайбу ў канцы першага перыяду і цяпер мае 23 ачкі ў гэтым сезоне. Тым часам у НХЛ адбыўся яшчэ адзін значны момант для беларускага хакея – Уладзіслаў Калячонак дэбютаваў за “Піцбург”. Абаронца правёў 11,5 хвілін на лёдзе, нанёс два кідкі і зрабіў адзін перахоп. На жаль, яго каманда прайграла “Каларада” 1:4.
“Брэст” працягвае барацьбу ў плэй-оф, “Славуціч” выбіты з гонкі
Хакеісты “Брэста” ўпэўнена пераадолелі бар’ер у першым раўндзе плэй-оф беларускай экстралігі, адправіўшы смаленскі “Славуціч” дадому. У вырашальным трэцім матчы беларуская каманда святкавала перамогу з лікам 3:1. Цяпер “Брэст” рыхтуецца да супрацьстаяння з “Віцебскам” у чвэрцьфінале. Таксама за выхад у наступны раўнд згуляюць “Металург” супраць “Гомеля” і “Нёман” супраць “Дынама-Маладзечна”.
Апошні ўдзельнік 1/4 фіналу вызначыцца заўтра ў Оршы, дзе “Лакаматыў” згуляе супраць “Хіміка”. Пераможца гэтай пары сустрэнецца з “Юнацтвам” — лідарам рэгулярнага чэмпіянату.
Беларускае Радыё Рацыя






