Мадрыдскі «Рэал» мінімальна перамог «Рэал Сасьедад» у першым паўфінале Кубка Іспаніі 1:0. Адзіны гол на 19-й хвіліне забіў Эндрык пасля перадачы Джуда Белінгема. Матч у адказ адбудзецца 1 красавіка.
Вызначаны ўсе ўдзельнікі «Фіналу чатырох» Кубка Беларусі па гандболе
Завяршыліся матчы папярэдняга этапу Кубка Беларусі, пасля якіх сталі вядомыя каманды, што пазмагаюцца за трафей. Берасцейскі «Мяшкоў» без праблем перайграў МОГК 42:22, «Машэка» два разы перамог гарадзенскі «Кронан» 30:27, «Гомель» быў мацней за БДУФК-СКА-РГУОР 34:30, а менскі СКА абыграў «Аіст Кітай» 37:29. У жаночым турніры за галоўны прыз пазмагаюцца «БНТУ-БелАЗ», «Гомель», «Гараднічанка» і «Вікторыя-Берасце».
Бяляўскі правёў выдатны дэбют у Лізе чэмпіёнаў
Беларускі легіянер «Заграба» Ігар Бяляўскі дасягнуў адзнакі ў 50 мячоў у сваім першым сезоне Лігі чэмпіёнаў. У нядаўнім матчы супраць «Ольбарга» ён вызначыўся тройчы, але яго каманда не змагла захаваць перавагу і прайграла 30:33. Гэтая параза практычна пазбавіла харватаў шанцаў на плэй-оф.
«Гарызонт» працягвае дамінаваць у жаночым баскетбольным чэмпіянаце
Баскетбалісткі «Гарызонта» перамаглі ў сёмым матчы запар і ўмацавалі свае пазіцыі на вяршыні турнірнай табліцы. У апошняй гульні яны ўпэўнена разабраліся з маладым складам БК «Мінск» – 85:38. Галоўныя фаварыты сезону “Гарызонт” і БК “Мінск” сустрэнуцца ў асабістым паядынку 1 сакавіка.
Сенсацыя ў Кубку Італіі – «Ювентус» вылецеў ад «Эмпалі»
«Ювентус» не змог перамагчы «Эмпалі» ў чвэрцьфінале Кубка Італіі. Пасля нічыі ў асноўны час 1:1 пераможцу вызначылі пасля серыі пенальці – 2:4. «Эмпалі» ў паўфінале згуляе супраць «Балоньі», другая пара – «Мілан» супраць «Інтэра».
Менскае «Дынама» пачынае хатнюю серыю ў КХЛ
Хакеісты менскага «Дынама» вяртаюцца дадому пасля паспяховага турнэ, у якім яны абыгралі ўсе маскоўскія клубы. Сёння яны прымуць «Спартак», з якім чатыры дні таму ўжо сустракаліся і перамаглі 3:0. Гульня пачнецца а 19:10 на «Мінск-Арэне».
Беларускае Радыё Рацыя






