
У розыгрышы Кубку Беларусі прайшоў яшчэ адзін матч 1/16-й фіналу. Бабруйская «Белшына» з першага дывізіёна прымала на сваім полі аўтсайдара вышэйшай лігі «Маладэчна», якое апошнім часам з прыходам новага трэнера Паўла Бацюты усё больш ажывае. Маладэчанцы разграмілі ў гэтай сустрэчы каманду гаспадароў – 3:0. Ужо на 9-й хвіліне Павел Цеслюкевіч адкрыў лік. У другім тайме ў «Белшыны» быў выдалены абаронец Сямён Шасцілоўскі. Амаль адразу другі мяч у браму бабруйчанаў забіў Ягор Імяракоў, а давяршыў справу Ігар Моніч. «Маладэчна» выйшла ў 1/8-ю фінала.
Ліга нацый: валейбалісткі змагаюцца за выхад у плэй-оф
Працягваецца розыгрыш валейбольнай лігі нацый сярод жанчын. У чарговым паядынку каманда Кітая ў пяцісетавым упартым змаганні выйграла ў зборнай ЗША – 3:2. Прычым гэта была валявая вікторыя. Лік па партыях – 18:25, 19:25, 25:21, 25:16, 18:16.
У розыгрышы валейбольнай лігі нацый бяруць удзел 18 мацнейшых дружын свету. У плэй-оф выйдуць 8 лепшых. Зараз пасля 12 тураў вяршыня табліцы выглядае так: 1. Італія – 33 ачкі, 2. Бразілія – 31, 3-4. Японія і Польшча – па 27, 5. Кітай – 24, 6-7. Турцыя і Германія – па 23, 8. ЗША – 20.
Модрыч прызямліўся ў Мілане
Былы паўаабаронец футбольнага мадрыдскага «Рэала» і легенда зборнай Харватыі Лука Модрыч прыляцеў у Італію, каб падпісаць кантракт з клубам «Мілан».
«Я вельмі рады быць тут. Мяне чакаюць вялікія выклікі і ў мяне будзе час пагаварыць пра ўсё», – сказаў Модрыч.
Харват, якому ў верасні споўніцца 40 гадоў, 14 ліпеня пройдзе медычны агляд і падпіша кантракт да 30 чэрвеня 2026 года.
Хаўбек гатовы гуляць пад нязвыклым для сябе 14-м нумарам, які вызваліўся ў «Мілане» пасля пераходу Таяні Рэйндэрса ў «Манчэсцер сіці».
Беларускія «пляжнікі» паляцяць у Грузію
Зборная Беларусі па пляжным футболе пачала рыхтоўлю да старта новага сезона Еўралігі.
Пад кіраваннем галоўнага трэнера каманды Нікаласа Альварада да выезду ў Грузію рыхтуюцца 14 гульцоў.
Пасля трэніровачнага збору ў Менску дружына выправіцца ў Батумі, дзе правядзе тры матчы з камандамі Турцыі (18 ліпеня), Германіі (19 ліпеня) і Чэхіі (20 ліпеня). Потым зборная паляціць на Апеніны, дзе 25-27 ліпеня згуляе з камандамі Латвіі, Малдовы і Швайцарыі. Суперфінал жа Еўралігі пройдзе з 9 па 14 верасня ў італьянскім горадзе Віярэджа. Прыпомнім, што два папярэднія сезоны Беларусь была бронзавым прызёрам турніра. А на нядаўнім чэмпіянаце свету на Сэйшэлах каманда заняла другое месца, саступіўшы толькі ў фінале Бразіліі.
Брысбен рыхтуецца да алімпіяды
Урад Аўстраліі выдзеліць на падрыхтоўку да Алімпійскіх гульняў 2032 года каля 4 мільярдаў 33 мільёнаў еўра ў пераразліку. Паводле пагаднення, заключанага паміж урадам краіны кенгуру і адміністрацыяй штата Квінслэнд, федэральныя ўлады вылучаць 7 мільярдаў 1 мільён аўстралійскіх даляраў на рыхтоўлю інфраструктуры Алімпіяды ў Брысбене. Прыблізна палова гэтай сумы будзе выдаткавана на пабудову і рэнавацыю 17 алімпійскіх арэнаў і аб’ектаў. У тым ліку галоўнага 63-тысячнага стадыёна ў парку Вікторыя, а таксама рэканструкцыю цэнтра водных відаў спорта. Таксама сродкі пойдуць на паляпшэнне транспартнай інфраструктуры горада і штата, будаўніцтва і рамонт аўтамабільных дарог і чыгункі. Падкрэсліваецца, што арэнамі алімпіяды будуць пасля карыстацца некалькі пакаленняў штата Квінслэнд.
Х. Каменскі, Беларускае Радыё Рацыя






