Учора, 28 кастрычніка, позна ўвечары ў Парыжы адбылося штогадовае ўручэнне прэміі ад часопіса France Football па выніках сезону 2023-24 гадоў. Яна лічыцца галоўнай прэміяй у сусветным футболе.
Галоўны прыз — «Залаты мяч-2024» — атрымаў паўабаронца «Манчэсцер Сіці» і зборнай Гішпаніі – Родры. Футбаліст упершыню атрымаў гэты трафей. Узнагароду яму ўручыў Джордж Веа. Ён стаў трэцім гішпанцам, які заваяваў «Залаты мяч». Да яго гэта рабілі Альфрэда Ды Стэфана – двойчы і Луіс Суарэс.
28-гадовы Родры – пераможца Еўра-2024 у складзе зборнай Гішпаніі. Ён быў прызнаны найлепшым гульцом турніру. З «Манчэсцер Сіці» ён у мінулым сезоне выйграў чэмпіянат Англіі. Нагадаем, што напярэдадні ўручэння прэміі «Залаты мяч» здарыўся скандал, пасля таго, як функцыянеры і гульцы мадрыдскага «Рэала» даведаліся, што іх прэтэндэнт – Вінісіўс Жуніёр застанецца без трафея.
Астатнія ж вынікі цэрымоніі ў Парыжы выглядаюць наступным чынам:
Айтана Банмаці з «Барселоны» атрымала жаночы «Залаты мяч».
Найлепшым маладым гульцом сезону быў названы 17-гадовы форвард «Барселоны» Ламін Ямаль, які стаў самым маладым у гісторыі ўладальнікам «Трафея Копа».
«Барселона» названая найлепшым жаночым футбольным клубам мінулага сезону. Мадрыдскі «Рэал» — найлепшым мужчынскім футбольным клубам сезону-2023/24 гадоў. Аднак, на знак пратэсту, ніхто з прадстаўнікоў каманды не выйшаў атрымаць гэты трафей.
Форварды «Баварыі» і «Рэала» Хары Кейн і Кіліян Мбапэ названыя найлепшымі бамбардзірамі і атрымалі «трафей імя Герда Мюллера». Яны забілі ў сезоне 2023-24 гадоў па 52 мячы. Аднак прэмію атрымліваў адзін Кейн, паколькі Мбапэ, як і ўся каманда не прынялі ўдзелу ў цэрымоніі ўзнагароджання.
Галкіпер «Астан Вілы» і зборнай Аргенціны Эміліяна Марцінес другі год запар атрымлівае званне найлепшага брамніка свету і становіцца ўладальнікам «трафея імя Льва Яшына». Адметна, што трэцім у гэтай намінацыі прызнаны галкіпер мадрыдскага «Рэала» і зборнай Украіны Андрэй Лунін.
Карла Анчэлоці, настаўнік мадрыдскага «Рэала», што выйграў Лігу чэмпіёнаў, названы найлепшым трэнерам і ўганараваны «трафеем Ёхана Кройфа». Эма Хейс з жаночага «Чэлсі» і зборнай ЗША названа найлепшым трэнерам у жаночым футболе.
З 2008 па 2023 год «Залатыя мячы» бралі Ліянель Месі – восем разоў і Крышціяну Раналду – пяць, выключэнне — Лука Модрыч у 2018 годзе і Карым Бензема ў 2022.
У беларускай Экстралізе ўчора прайшлі тры апошнія гульні 18-га тура. Наваполацкі «Хімік» у сябе дома саступіў у авертайме менскаму «Юнацтву» з лікам 2:3. «Брэст» з лікам 3:2 перамог у сябе лідара чэмпіянату «Дынама-Маладэчна». А аршанскі «Лакаматыў» саступіў на сваім лёдзе жлобінскаму «Металургу» 3:5. Тройка лідараў Экстралігі выглядае наступным чынам: першыя «Дынама-Маладэчна», у якіх 32 ачкі, на другім месцы – «Юнацтва» з 30 ачкамі і трэцім ідзе – «Гомель», у якіх 25 балаў.
Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя