BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Родры прызнаны найлепшым гульцом Еўра-2024

Зборная Іспаніі перамагла каманду Англіі ў фінале чэмпіянату Еўропы-2024 у Германіі – 2:1. Паўабаронца іспанцаў Родры прызнаны найлепшым гульцом турніру. 28-гадовы футбаліст правёў шэсць матчаў на EURO і вызначыўся адным голам. Найлепшым маладым гульцом турніру стаў 17-гадовы іспанец Ламін Ямаль, найлепшым футбалістам фіналу – яго партнёр па камандзе Ніка Уільямс. У сваю чаргу ангельцы не выйгралі ніводнага трафея пад кіраўніцтвам Гарэта Саўтгейта, які ўзначальвае каманду з 2016 года. Саўтгейт стаў першым трэнерам у гісторыі, які прайграў два фіналы Чэмпіяната Еўропы.

Месі заваяваў рэкордны 45-ы тытул у кар’еры

Нападнік зборнай Аргенціны і «Інтэр» Маямі Ліянэль Месі стаў самым тытулаваным гульцом у гісторыі футбола. Тытул Кубка Амерыкі стаў для яго 45-м у кар’еры. Па гэтым паказчыку ён абышоў Дані Алвеса, у якога было 44 узнагароды. На Копе-2024 Месі згуляў чатыры матчы, забіў адзін мяч і аддаў адну галявую перадачу.

Зборная Беларусі па пляжным футболе перамагла расейцаў у таварыскім матчы

Зборная Беларусі па пляжным футболе здабыла валявую вікторыю над камандай Расеі ў другім гасцявым таварыскім матчы. У Санкт-Пецярбургу беларусы прайгравалі трохразовым чэмпіёнам планеты 0:1 і 1:2, але ў выніку здолелі вырваць перамогу з лікам 3:2. У складзе пераможцаў вызначыліся Іван Канстанцінаў, Алег Гапон, а яшчэ адзін мяч расеец Амадыус Вінаградаў забіў у сваю браму. У першым спарынгу падначаленыя Нікаласа Альварада саступілі расейскай зборнай 4:5.

Арсеній Каўгарэня блізкі да пераходу ў менскае “Дынама”

Беларускі нападнік Арсень Каўгарэня блізкі да падпісання кантракта з менскім «Дынама». Пра гэта паведамляе “БХ”. У мінулым розыгрышы рэгулярнага Betera-Экстралігі Каўгарэня за менскае “Юнацтва” правёў 50 матчаў, у якіх набраў 31 (19+12) бал, пры паказчыку карыснасці “+15” і 70 хвілінах штрафу. У плэй-оф у яго 5 гульняў, 4 хвіліны штрафу і карыснасць “+1”.

Сабаленка засталася трэцяй, Азаранка і Сасновіч апусціліся ў рэйтынгу WTA

Арына Сабаленка засталася на трэцім месцы, Вікторыя Азаранка і Аляксандра Сасновіч страцілі пазіцыі ў абноўленым рэйтынгу Жаночай тэніснай асацыяцыі (WTA). Сабаленка прапусціла Уімблдонскі турнір, і зараз у яе 7061 ачко. Азаранка, якая таксама не змагла выйсці на корты Уімблдона з-за траўмы, апусцілася на чатыры радкі і знаходзіцца на 20-м месцы, Сасновіч “упала” адразу на дзесяць пазіцый і займае 134-е месца. Новаспечаная чэмпіёнка Уімблдонскага турніру чэшка Барбара Крэйчыкава “скокнула” з 320-га радка ў топ-10 сусветнага рэйтынгу. На чале мужчынскага рэйтынгу па-ранейшаму італьянскі тэнісіст Янік Сінэр, на другой пазіцыі фіналіст Уімблдона Новак Джокавіч, услед за ім ідзе яго пераможца Карлас Алькарас. Найлепшы з беларусаў Ягор Герасімаў знаходзіцца на 265-м месцы.

Гарноська засталася без узнагарод этапа сусветнага Кубка выкліку ў Румыніі

У румынскай Клуж-Напацы завяршыўся заключны этап сусветнага Кубка выкліку па мастацкай гімнастыцы, на якім выступалі беларускія спартоўкі. У нядзелю грацыі вызначалі наймацнейшых у асобных практыкаваннях, лідэр беларускай каманды Аліна Гарноська прыняла ўдзел у фіналах са стужкай і абручом. У кампазіцыі са стужкай беларуска спынілася за крок ад п’едэстала. У практыкаванні з абручом Гарноська замкнула васьмёрку. Напярэдадні прызёр Алімпіяды ў Токіа заняла пятае месца па выніках спаборніцтваў у шматбор’і, яе сяброўка па зборнай Анастасія Салос размясцілася на 19-м радку. Такім чынам, сезон Кубка свету і Кубка выкліку 2024 года Аліна Гарноська завяршыла з сямю медалямі.

Беларускае Радыё Рацыя