Беларуская тэнісістка Арына Сабаленка апусцілася на трэцяе месца ў сусветным рэйтынгу, прапусціўшы наверх амерыканку Коры Гаўф. Вікторыя Азаранка вярнулася ў топ-20, стаўшы 19-й, Аляксандра Сасновіч прабілася ў першую сотню і заняла 98-ы радок. На першым месцы з вялікім адрывам па-ранейшаму полька Іга Свёнтэк. У мужчынскім рэйтынгу найлепшы з беларусаў Ягор Герасімаў узняўся на адзін радок і стаў 267-м. Ілля Івашка страціў 57 пазіцый і зараз 450-ы. Узначаліў рэйтынг італьянец Янік Сінэр.
Футбалісты “Смаргоні” заплацяць штраф БФФ за “паводзіны заўзятараў” на матчы супраць “Славіі”
– Дзякуй за падтрымку як у гульні са «Славіяй», так і ў іншых матчах. Не стамляемся паўтараць: вы вельмі крутыя! І ўсе хлопцы ведаюць, што вы наш 12-ы гулец. Спадзяемся, так будзе і надалей. Чакаем вас і вашу заўзятую падтрымку на бліжэйшым хатнім матчы супраць «Слуцка». А што да штрафу, то мы з хлопцамі вырашылі, што заплацім яго самі, – сказаў гулец каманды Цярэнцій Луцэвіч.
Па выніках пасяджэння КДК АБФФ «Смаргонь» атрымала штраф 400 рублёў за паводзіны заўзятяраў і дырэктара Паўла Люцько ў сустрэчы са «Славіяй» , якая завяршылася з лікам 3:3 у 11-м туры чэмпіянату Беларусі.
“Будаўнік” і “Мінск” атрымалі па адной перамозе на старце фінальнай серыі ЧБ па хакеі на траве
У Берасці адбыліся два стартавыя матчы фінальнай серыі чэмпіянату Беларусі па хакеі на траве сярод мужчынскіх каманд. Нацыянальнае чэмпіёнства чарговы раз аспрэчваюць берасцейскі “Будаўнік” і хакейны клуб “Мінск”, серыя доўжыцца да трох перамог адной з каманд. Дзякуючы найбольшай колькасці ачкоў у рэгулярным чэмпіянаце перавагу хатняй пляцоўкі маюць паўднёўцы. Першы матч фіналу адбыўся ў Берасці, гаспадары святкавалі вікторыю з лікам 3:1, дублем у складзе пераможцаў вызначыўся Артур Кадран. У суботу поспех святкавалі ўжо менчане: на перапынак супернікі ішлі пры роўных лічбах, але ў другой палове зыход матча вырашыў Данііл Багдановіч – 3:2. Далей каманды пераедуць у сталіцу, дзе правядуць яшчэ два паядынкі 12 і 13 чэрвеня.
“Бостан” узяў уверх над “Даласам” ў другім матчы фінальнай серыі НБА
“Селтыкс” у другім матчы фінальнай серыі абыгралі “Маверыкс” з лікам 105:98 і павялі ў фінальнай серыі ўжо з лікам 2:0. Самым выніковым гульцом матчу стаў Лука Дончыч з «Даласа». На яго рахунку трыпл-дабл: 32 ачкі, 11 падбораў і 11 выніковых перадач. Яго партнёр па камандзе абаронца Пі Джэй Вашынгтон вызначыўся 17 ачкамі.
Беларускае Радыё Рацыя