Беларуская тэнісістка Арына Сабаленка згуляе з полькай Ігай Свёнтэк у вырашальным паядынку турніру WTA-1000 у Рыме.
Роўна два тыдні таму два лідары сусветнага рэйтынгу ў фінале турніру ў Мадрыдзе паказалі выдатную гульню, у якой першая ракетка планеты за тры гадзіны адолела беларуску – 7:5, 4:6, 7:6 (9:7). Гэта была сёмая перамога Свёнтэк у дзесяці супрацьстаяннях з Сабаленкай. Для 26-гадовай беларускі сённяшні фінал будзе 28-м у прафесійнай кар’еры, у 14 з іх яна перамагала. Фінальны матч мужчынскага турніру ў італьянскай сталіцы адбудзецца заўтра – за чэмпіёнскі тытул паспрачаюцца прадстаўнік Германіі Аляксандр Звераў і чылійскі тэнісіст Нікалас Хары.
«Авіятар» і клуб са Смаленска стануць удзельнікамі новага сезона Betera-Экстралігі
У пятніцу адбылося паседжанне Рады дырэктараў клубаў, дзе фокус увагі кіраўнікоў каманды Экстралігі і Вышэйшай лігі быў накіраваны на хуткі сезон. Новымі ўдзельнікамі ў наступным сезоне стануць клуб са Смаленска і «Авіятар» з Баранавіч. У першыя гады пасля вяртання ў лігу «Авіятар» зможа карыстацца некаторымі паслабленнямі, у прыватнасці, для заяўкі на чэмпіянат клуб будзе вызвалены ад абавязацельства мець фарм-клуб, аднак можа прадоўжыць практыку заключэння пагадненняў пра супрацу з дзіцячымі хакейнымі школамі, папаўнення кадравага рэзерву галоўнай каманды.
Такім чынам, у праект календара экстралігі сезона-2024/25 увойдуць 14 клубаў: «Авіятар», «Брэст», «Віцебск», «Гомель», «Дынама-Маладзечна», «Ліда», «Лакаматыў», «Металург», «Магілёў», «Нёман», «Хімік», «Шахцёр», «Юнацтва», клуб са Смаленска.
З прычыны магчымага перамяшчэння «Авіятара» ў экстралігу, «Лідзе» трэба будзе стварыць новы фарм-клуб.
Варывончык пакінуў «Нёман»
Беларускі форвард «Нёмана» Ігар Варывончык пакінуў клуб.
Хакеіст выступаў за каманду сем сезонаў, прыняў удзел у 204 матчах, закінуў 17 шайб і зрабіў 39 асістаў пры паказчыку карыснасці «+19». Таксама ў складзе «Нёмана» Варывончык станавіўся чэмпіёнам Беларусі ў 2018 годзе, двойчы сярэбраным у 2019-м і 2023-м і аднойчы бронзавым у 2020-м прызёрам, а таксама зʼяўляецца ўладальнікам Кубка Салея ў 2018 годзе.
Андрэй Карэеў афіцыйна стаў гульцом менскага «Дынама»
Менскае «Дынама» падпісала кантракт з расейскім брамнікам Андрэем Карэевым. Пагадненне разлічана да канца наступнага сезона.
29-гадовы расейскі галкіпер мінулы сезон правёў у «Спартаку»: 24 матчы ў рэгулярцы, 91.7%.
Раней у КХЛ гуляў за «Салават Юлаеў», новакузнецкі «Металург», «Нафтахімік». Усяго ў КХЛ – 202 матчаў, 60 перамог, 12 матчаў «на нуль», 92.2% адбітых кідкоў. У чэмпіянаце Фінляндыі гуляў за ТПС – 110 матчаў, 53 перамогі, 13 матчаў «на нуль».
Хакеісты «Рэйнджэрс» і «Фларыды» згуляюць у фінале Усходняй канферэнцыі НХЛ
У плэй-оф Нацыянальнай хакейнай лігі сталі вядомы фіналісты Усходняй канферэнцыі. Месца ў фінале Кубка Стэнлі разыграюць пераможца рэгулярнага чэмпіянату «Нью-Йорк Рэйнджэрс» і леташні чэмпіён Усходу «Флорыда Пантэрз». Мінулай ноччу «каты» ў гасцях праводзілі шосты паядынак у серыі супраць «Бостана». За паўтары хвіліны да фінальнай сірэны Густаў Форслінг прынёс «Фларыдзе» перамогу ў матчы 2:1 і ў серыі (4:2).
Хакеісты «Рэйнджэрс» забралі пуцёўку ў фінал канферэнцыі напярэдадні, таксама з вынікам 4:2 у пары выбіўшы з барацьбы «Караліну Харыкейнз». Па ходу шостага паядынку ньюёркцы саступалі з лікам 1:3, аднак у трэцім перыядзе закінулі чатыры шайбы запар, не прапусціўшы ніводнай. Таксама гэтай ноччу вызначыўся першы фіналіст Заходняй канферэнцыі – ім стаў «Далас», які пакінуў не ля спраў «Каларада». Асноўны час шостага матча серыі скончыўся ўнічыю 1:1, і толькі ў другім авертайме форвард тэхаскіх «зорак» Мэт Дзюшэн забяспечыў сваёй камандзе праход далей. Супернікам «Даласа» па фінале Захаду стане пераможца пары «Ванкувер» – «Эдмантан», пакуль у гэтай серыі лідыруюць «Кэнакс» 3:2.
Кісляк набраў 100 ачкоў па сістэме «гол+пас» у ЧБ
Берасцейскае «Дынама» у гасцях разграміў «Слуцк» 4:1 у 9-м туры ЧБ.
36-гадовы паўабаронца берасцейцаў Сяргей Кісляк вызначыўся галявой перадачай, якая стала для яго 50-й у чэмпіянаце Беларусі за ўсю карʼеру. Таксама на яго рахунку 50 галоў у турніры. Такім чынам, Кісляк дасягнуў адзнакі ў 100 ачкоў па сістэме «гол+пас» за карʼеру ў вышэйшай лізе.
У бягучым сезоне ён правёў 5 матчаў і вызначыўся голам і галявой перадачай.
Філ Фодэн – найлепшы гулец сезону
Крайні нападнік «Манчэстэр Сіці» Філ Фодэн прызнаны найлепшым гульцом цяперашняга сезона англійскай Прэмʼер-лігі. Пра гэта інфармуе афіцыйны сайт «гараджан».
У гэтым сезоне чэмпіянату Англіі 23-гадовы гулец прыняў удзел у 34 матчах, у якіх вызначыўся 17 галамі і 8 выніковымі перадачамі.
Беларускае Радыё Рацыя






