BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Сабаленка і Азаранка заявіліся на турнір у Вашынгтоне

Стаў вядомы заявачны ліст турніру серыі ВТА-500 у Вашынгтоне, які адбудзецца на адным тыдні з Алімпіядай (29 ліпеня – 4 жніўня). Алімпійскі тэнісны турнір у Парыжы пачнецца 27 ліпеня.


Як паведамляе профільны рэсурс gotennis.ru, у сталіцы ЗША плануюць выступіць трэцяя ракетка свету Арына Сабаленка і 16-я ў сусветным рэйтынгу Вікторыя Азаранка. Беларускі ў адзін дзень зняліся з Уімблдонскага турніру з-за аднолькавага пашкоджання – траўмы пляча.

Раней Сабаленка аб’явіла, што не зможа выступіць на Гульнях у Парыжы з-за напружанага графіка, але да гэтага афіцыйнага адказу МАК не дала. Вікторыя Азаранка, як паведамляе афіцыйны сайт МАК, адказала на запрашэнне згодай.

Падстрэлаў – найлепшы гулец, Савіцкі стаў аўтарам самага прыгожага гола

Дзмітрый Падстрэлаў прызнаны найлепшым гульцом 14-га тура футбольнага чэмпіянату Беларусі па версіі асацыяцыі “Беларуская федэрацыя футбола”. У гасцявым паядынку з барысаўскім БАТЭ 25-гадовы паўабаронца менскага “Дынама” адкрыў лік у сярэдзіне першага тайма, а незадоўга да заканчэння гульні выдаў класную перадачу на Ігара Школіка, які ўсталяваў канчатковы лік – 2:0 на карысць мінчан. Пасля чацвёртай вікторыі запар дынамаўцы набралі 32 ачкі і дагналі лідэраў – жодзінскіх тарпедаўцаў.

Аўтарам самага прыгожага гола мінулага тура стаў адзін з лідараў гарадзенскага “Нёмана” – Павел Савіцкі, які пасля выдатнага паса Гулжыгіта Алыкулава эфектным ударам забіў пераможны мяч у браму футбалістаў “Смаргоні” – 2:1.

Карпіцкі Змяніў Самару на Саратаў


Беларускі нападнік Ягор Карпіцкі далучыўся да саратаўскага «Сокала» на правах арэнды. Мінулы сезон беларус правёў у складзе “Крылаў Саветаў”. За клуб з Самары Карпіцкі згуляў 14 матчаў ва ўсіх турнірах, у якіх набраў 2 (1+1) ачкі па сістэме гол+пас. Адзначым, нядаўна склад “Сокала” папоўніў экс-паўабаронца “Шахцёра” Мікіта Капленка. Таксама за клуб выступае абаронца зборнай Беларусі Павел Забелін. “Сокал” узначальвае беларускі спецыяліст Аляксей Бага.

Месі не трапіў у склад Алімпійскай зборнай аргенціны

Галоўны трэнер маладзёжнай зборнай Аргенціны Хаўер Маскерана назваў склад каманды на Алімпійскія гульні. У апублікаваным ростэры адсутнічае Ліянэль Месі. У спіс з 18 футбалістаў увайшлі тры гульцы старэйшыя за 23 гады: Хуліян Альварэс, Хероніма Рулі і Нікалас Атамендзі.

29-гадовы Варывончык завяршыў кар’еру гульца і ўвайшоў у трэнерскі штаб «Нёмана»

29-гадовы беларускі нападнік Ігар Варывончык завяршыў гульнявую кар’еру і будзе працаваць у трэнерскім штабе «Нёмана». У мінулым сезоне ён правёў 13 матчаў у Экстралізе і набраў 2 ачкі. Варывончык правёў за каманду 7 сезонаў, адзін раз станавіўся чэмпіёнам Беларусі (2018), двойчы – срэбраным (2019, 2023) і аднойчы – бронзавым (2020) прызёрам, а таксама з’яўляецца ўладальнікам Кубка Руслана Салея.

Кузьмін запрошаны ў лагер развіцця «Вініпега»

Беларускі абаронца Дзмітрый Кузьмін (2003) уключаны ў спісы гульцоў для ўдзелу ў лагеры развіцця “Вініпега”. У мінулым сезоне Дзмітрый Кузьмін выступаў за фарм-клубы ў сістэме «Вініпега». У Лізе Усходняга ўзбярэжжа (ECHL) правёў 24 матчы ў рэгулярцы за “Нарфолк Эдміралс”, дзе набраў 9 (2 +7) ачкоў пры паказчыку карыснасці “-1”. У плэй-оф на яго рахунку 7 паядынкаў і 4 (0+4) балы пры паказчыку карыснасці “-1”.

У рэгулярным чэмпіянаце АХЛ Кузьмін у 18 матчах зарабіў 3 (1+2) ачкі пры 6 хвілінах штрафу і паказчыку карыснасці “-3”, адзначае афіцыйны сайт ФХБ. У 2021 годзе Дзмітрый Кузьмін быў задрафтаваны «Вініпегам» пад 82-м нумарам.

Беларускае Радыё Рацыя