На турніры ў амерыканскім Індыян-Уэлсе Арына Сабаленка ўпэўнена абыграла італьянку Лючыю Бронцэці з лікам 6:1, 6:2 у матчы трэцяга круга. Паядынак працягваўся 1 гадзіну 14 хвілін. За гэты час беларуска здзейсніла два эйсы, дапусціла дзве падвойныя памылкі і рэалізавала пяць з 12 брэйк-пойнтаў. У наступным раўндзе Сабаленка згуляе супраць Санай Картал з Вялікабрытаніі. Агульны прызавы фонд турніру складае 8,9 мільёна даляраў.
Леўшуноў дэбютаваў у НХЛ, але «Чыкага» саступіла «Каларада»
19-гадовы беларус Арцём Леўшуноў дэбютаваў у складзе «Чыкага» ў матчы супраць «Каларада», які завяршыўся паразай з лікам 0:3. Леўшуноў правёў на лёдзе 20 хвілін і 55 секунд, зрабіў тры кідкі і дзве блакіроўкі, а яго паказчык карыснасці склаў -1. Ён стаў самым маладым беларускім гульцом, які калі-небудзь выступаў у НХЛ.
Менскае «Дынама» замацавалася на другім месцы ў рэйтынгу КХЛ
«Дынама» Менск замацавалася на другім месцы ў індэксе сілы КХЛ, саступаючы толькі омскаму «Авангарду». На мінулым тыдні менчане давялі сваю серыю перамог да дзевяці матчаў, перайграўшы «Куньлунь» і «Ладу». На трэцім месцы ў рэйтынгу знаходзіцца маскоўскае «Дынама».
Беларуская зборная па гандболе адправіцца на турнір у Іране
Зборная Беларусі па гандболе рыхтуецца да ўдзелу ў міжнародным таварыскім турніры ў Іране, які пройдзе з 12 па 16 сакавіка ў Шыразе. У спаборніцтвах прымуць удзел каманды Ірана, Кітая і Расеі. Беларускія гандбалісты пачалі падрыхтоўчы збор 9 сакавіка ў Менску. Усяго ў спіс увайшлі 19 гульцоў. У апошні момант у склад быў уключаны Аляксей Ермакоў, які заменіць Арцёма Каралька — той атрымаў траўму. Галоўны трэнер беларускай зборнай — Юрый Шаўцоў. Цікава, што зборная Кітая на турніры будзе выступаць пад кіраўніцтвам беларускіх спецыялістаў Алега Шарэйкі і Ігара Папругі.
«Шахцёр» не падаў заяўку на ўдзел у першай лізе
Салігорскі «Шахцёр» нечакана не падаў заяўку на ўдзел у новым сезоне Першай лігі. У клубе гэтае рашэнне пакуль не каментуюць. «Шахцёр» заваёўваў золата чэмпіянату Беларусі ў 2005, 2020 і 2021 гадах. У 2022 годзе вынік клуба быў ануляваны праз справу аб дамоўных матчах.
Першы дывізіён чэмпіянату Беларусі па футболе стартуе 28 сакавіка
28 сакавіка пачнецца сезон у Першай лізе чэмпіянату Беларусі па футболе. Ужо стала вядома, што ў першым туры «Дняпро» згуляе з «Нівай», «Белшына» сустрэнецца з АБФФ U-19, а БАТЭ-2 прыме «Оршу». Турнір пройдзе па класічнай схеме ў два кругі. Пераможца і каманда, якая зойме другое месца, атрымаюць прамыя пуцёўкі ў вышэйшую лігу.
Ліга чэмпіёнаў: «Ліверпуль» і «ПСЖ» сутыкнуцца ў галоўным матчы дня
Сёння адбудуцца матчы ў адказ 1/8 фіналу Лігі чэмпіёнаў УЕФА. «Ліверпуль» і «ПСЖ» — цэнтральны паядынак вечара. У першай сустрэчы «ПСЖ» меў перавагу па колькасці створаных момантаў і ўдараў (27 супраць 2), але англічане здолелі выстаяць дзякуючы выдатнай гульні галкіпера Алісана. Калі «Ліверпуль» утрымае перавагу, то выйдзе ў чвэрцьфінал упершыню за апошнія тры гады. Першымі на поле сёння выйдуць «Барселона» і «Бенфіка» — у першай гульні каталонцы выйгралі ў меньшасці 1:0. Таксама «Байер» прымае «Баварыю» – у першым матчы была зафіксавана перамога «Баварыі» 3:0. «Інтэр» сустрэнецца з «Феенордам» — першы матч скончыўся з лікам 2:0 на карысць «Інтэра».
«МЮ» плануе пабудаваць новы стадыён на 100 тысяч месцаў
Кіраўніцтва «Манчэсцер Юнайтэд» пацвердзіла намеры пабудаваць новую арэну на 100 тысяч месцаў, якая заменіць «Олд Трафард». Новы стадыён стане адным з найбуйнейшых у свеце. «Олд Трафард» з’яўляецца хатняй арэнай клуба з 1910 года.
Беларускае Радыё Рацыя