Беларуская тэнісістка Арына Сабаленка не здолела прабіцца ў паўфінал адкрытага чэмпіянату Францыі. У апошнім чвэрцьфінальным паядынку другая ракетка свету саступіла расейцы Мірэ Андрэевай, якая займае 38-е месца ў рэйтынгу WTA, – 7:6 (7:5), 4:6, 4:6. У матчы за выхад у фінал суперніцай Андрэевай будзе італьянская тэнісістка 15-ы нумар сусветнага рэйтынгу Ясмін Пааліні, якая выйграла ў прадстаўніцы Казахстана Алены Рыбакінай – 6:2, 4:6, 6:4. Раней першая ракетка планеты полька Іга Свёнтэк разграміла чэшскую тэнісістку Маркету Вондрушаву – 6:0, 6:2, і ў паядынку за выхад у фінал сустрэнецца з амерыканкай Коры Гаўф, якая адолела тунісскую тэнісістку Унс Джабір 4:6, 6:2, 6:3.
«Сталіца» адолела ВРЗ на старце залатой серыі чэмпіянату Беларусі па міні-футболе
Спартоўцы «Сталіцы» адолелі гомельскі ВРЗ у першым паядынку серыі за золата 35-га чэмпіянату Беларусі па міні-футболе. У стартавай сустрэчы ў Гомелі дзейныя чэмпіёны выйгралі ў срэбраных прызёраў з мінімальнай перавагай – 3:2. На пачатку гульні менчукі прапусцілі два галы запар, але потым здолелі сабрацца і яшчэ да перапынку тройчы забілі гаспадарам. У другой палове сустрэчы гамяльчане шмат атакавалі, але не змаглі зраўняць лік. Другі матч серыі да трох перамог адбудзецца 9 чэрвеня на паркеце спарткомплексу «Уручча», а 13 чэрвеня супернікі зноў сустрэнуцца ў горадзе над Сожам.
Футбалісты моладзевай зборнай Беларусі перамаглі мальтыйцаў у першым спарынгу
Футбалісты маладзёжнай зборнай Беларусі (U-21) абыгралі мальтыйскую «маладзёжку» ў першым гасцявым таварыскім матчы. У першай палове сустрэчы ў Та-Калі Мікіта Баранок вывеў беларусаў наперад, а пасля перапынку Данііл Душэўскі ўсталяваў канчатковы лік – 2:0. Другі спарынг беларускіх і мальтыйскіх футбалістаў адбудзецца 8 чэрвеня. Для каманды Сяргея Яромкі гэтыя сустрэчы – падрыхтоўка да заканчэння адборавага турніру чэмпіянату Еўропы. Свой апошні паядынак беларуская «маладзёжка» правядзе 15 кастрычніка ў гасцях у фарэрскіх футбалістаў.
Беларусы Дзедавец, Капытаў і Кокаш сталі паўфіналістамі чэмпіянату свету па муай-тай
У грэчаскіх Патрах працягваецца чэмпіянат свету па тайскім боксе 2024 года з удзелам беларускіх спартоўцаў. У сераду свае чвэрцьфінальныя паядынкі праводзілі трое прадстаўнікоў нашай краіны, кожнаму з іх у выніку ўдалося прабіцца далей. У катэгорыі да 63,5 кг у мужчын Данііл Дзедавец нанёс паразу Бахману Кадзіру з Ірака. У вазе да 91 кг у мужчын Валянцін Капытаў быў мацней за іракца Махдзі Фартузі, у паўфінале беларусу будзе супрацьстаяць украінец Алег Прымачоў. У катэгорыі да 86 кг сярод атлетаў не старэйшых за 23 гады Мікіта Кокаш справіўся з Хаканам Гюндузам з Турцыі, за месца ў фінале наш спартовец пазмагаецца з Халедам Чанадэ з Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў.
Беларускае Радыё Рацыя






