BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Сабаленка паднялася на другое месца рэйтынгу WTA

Пасля перамогі на турніры ў Цынцынаці беларуска Арына Сабаленка ўзнялася на другое месца ў рэйтынгу Жаночай тэніснай асацыяцыі (WTA). Зараз у актыве Сабаленка 8016 ачкоў, і яна саступае толькі польскай тэнісістцы Ізе Свёнтэк. Вікторыя Азаранка займае 20-е месца, Аляксандра Сасновіч знаходзіцца на 101-й пазіцыі.
Тым часам дзве беларускія тэнісісткі правядуць стартавыя паядынкі кваліфікацыі заключнага ў сезоне турніру серыі “Вялікага шлема” – адкрытага чэмпіянату ЗША. Алена Фалей, якая займае 193-е месца ў сусветным рэйтынгу, сустрэнецца з харваткай Люцыяй Чырыч Багарыч, у якой 175-я пазіцыя. 214-ы нумар рэйтынгу WTA Ірына Шымановіч будзе супернічаць са 156-й ракеткай планеты японкай Сарай Саіта.
У рэйтынгу Асацыяцыі тэнісістаў-прафесіяналаў лідыруе італьянец Янік Сінэр, другое месца ў серба Новака Джокавіча, на трэцяй пазіцыі іспанец Карлас Алькарас. Найлепшы з беларускіх тэнісістаў Ягор Герасімаў знаходзіцца на 256-м месцы.

Сцяпан Гарачэўскіх папоўніў трэнерскі штаб менскага “Дынама”

Былы брамнік зборнай Беларусі Сцяпан Гарачэўскіх пакінуў трэнерскі штаб «Дынама-Шынніка» і працягне працу ў менскім «Дынама». У стане “зуброў” ён будзе адказваць за падрыхтоўку брамнікаў. У якасці брамніка Гарачэўскіх гуляў за «Юнацтва», «Шахцёр», «Данбас», «Северсталь» і іншыя клубы. У сезоне-2017/18 быў у сістэме менскага “Дынама”.
Ён чатырохразовы чэмпіён Беларусі, трохразовы чэмпіён Украіны, уладальнік Кантынентальнага кубка (2006/07). У складзе зборнай Беларусі ўдзельнік пяці чэмпіянатаў свету, – інфармуе прэс-служба менскага «Дынама».

“Юнацтва” падпісала кантракт са сваім выхаванцам, які апошнія два сезоны правёў за акіянам

Абаронца Максім Сушчынскі стаў гульцом менскага «Юнацтва», перадае клубная прэс-служба. Пагадненне з выхаванцам гэтай школы разлічана на адзін сезон. У мінулым сезоне Сушчынскі гуляў у ЗША у лізе NAHL за «Шрэверпарт Мадбагс», у 58 матчах у яго 10 (2+8) ачкоў.
Сушчынскі нарадзіўся ў 2003 годзе ў Бабруйску, выхаванец “Юнацтва”. Прафесійную кар’еру пачаў у інстытуце зборных. Сезон-2021/22 правёў у «Юніёры», згуляў 53 матчы, у якіх набраў 13 (0+13) ачкоў, стаў бронзавым прызёрам вышэйшай лігі. Пасля перайшоў у «Шрэверпарт Мадбагс», дзе згуляў два сезоны. У першы год правёў 40 матчаў, запісаў 15 (2+13) выніковых балаў, — інфармуе сайт «Юнацтва».

Цэнтравы Вадзім Стубяда пакінуў “Мінск”

Баскетбольны клуб “Мінск” і цэнтравы Вадзім Стубяда спыняюць супрацоўніцтва. У сістэме клуба баскетбаліст з 2018-га года. Да пераходу ў мужчынскую каманду “Мінск” гуляў у маладзёжнай і рэзервовай камандах “Мінска”. Вадзім з’яўляецца чатырохразовым чэмпіёнам Беларусі, а таксама тры разы станавіўся ўладальнікам Кубка краіны з “Мінскам”.

“Пары Сэн-Жэрмэн” можа быць выключаны з Лігі чэмпіёнаў

Французскі «Пары Сэн-Жэрмэн» можа быць выключаны з Лігі чэмпіёнаў за нявыплату даўгоў футбалісту Кіліяну Мбапэ. Аб гэтым паведамляе газета Le Monde. Паводле інфармацыі крыніцы, Мбапэ звярнуўся ў Прафесійную футбольную лігу Францыі (LFP) і Саюз еўрапейскіх футбольных асацыяцый (УЕФА) па справе аб нявыплаце яму 55 мільёнаў еўра па старым кантракце з ПСЖ. Паводле інфармацыі крыніцы, калі ПСЖ будзе прызнаны вінаватым, LFP мае паўнамоцтвы накласці забарону на трансферы ў адносінах да клуба і пазбавіць яго ліцэнзіі УЕФА, што прывядзе да выключэння з Лігі чэмпіёнаў. Мбапэ выступаў за ПСЖ з 2018 па 2024 год. 3 чэрвеня 25-гадовы нападнік падпісаў кантракт з іспанскім “Рэалам” на правах свабоднага агента.

Беларускае Радыё Рацыя