BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Сабаленка прабілася ў 1/4 фіналу турніру WTA-1000 у Мадрыдзе

Беларуская тэнісістка Арына Сабаленка прабілася ў чвэрцьфінал турніру катэгорыі WTA-1000 у Мадрыдзе з прызавым фондам 7 мільёнаў 800 тысяч еўра. У 1/8 фіналу другая ракетка планеты перайграла амерыканскую тэнісістку Даніэль Колінз, якая займае 15-е месца ў сусветным рэйтынгу, – 4:6, 6:4, 6:3. Матч працягваўся 2 гадзіны 25 хвілін. У чвэрцьфінале суперніцай беларускі будзе расейка 43 нумар рэйтынгу WTA Міра Андрэева.

Стэфановіч падоўжыў кантракт з «Металургам»

34-гадовы нападнік Міхаіл Стэфановіч падоўжыў кантракт з «Металургам». Стэфановіч выступае за каманду з верасня. Правёў 68 матчаў і набраў 43 (20+23) ачкі, у плэй-оф стаў найлепшым бамбардзірам каманды – 10 (5+5) ачкоў у 14 сустрэчах. Стэфановіч – 6-разовы чэмпіён Беларусі і трэці снайпер у гісторыі Экстралігі, ён закінуў 252 шайбы.

Пушкоў працягнуў кантракт з «Брэстам»

Расiйскі спецыяліст Сяргей Пушкоў працягнуў кантракт з хакейным «Брэстам». Тэрмін яго дзеяння складзе да канца наступнага сезона. Заключана новае пагадненне тэрмінам на адзін сезон. Пушкоў узначаліў каманду ў лістападзе і ўпершыню вывеў яе ў фінал плей-оф Экстралігі.

Філіпенка правёў 500 матчаў на вышэйшым узроўні ў кар’еры

«Рубін» Аляксандра Мартыновіча згуляў унічыю з «Уралам» Віктара Ганчарэнкі, Ягора Філіпенкі, Уладзіслава Малькевіча, Валерыя Бачарава, Дзяніса Шчарбіцкага і Арцёма Канцавога 1:1 у 26-ым туры РПЛ. Філіпенка правёў усе 90 хвілін на полі і таксама вызначыўся жоўтай карткай на 51-й хвіліне. Для беларуса гэта 500-ты на вышэйшым узроўні. Больш за ўсё гульняў 236 ён правёў за барысаўскі БАТЭ, 52 – за зборную Беларусі, 47 – за «Шахцёр», 37 – за «Урал», 33 – за тэль-авіўскі «Макабі», па 22 – за маскоўскі «Спартак» і новасібірскую «Сібір», 21- за зборную Беларусі U-21, 16 – за ізраільскі «Ашдод», 11 – за іспанскую «Малагу» і 3 – за расейскую «Томь».

Хет-трык Левандоўскага прынёс «Барселоне» перамогу над «Валенсіяй» у гульні 33-га тура

У матчы 33-га тура іспанскай Прымеры каталонская “Барселона” перамагла “Валенсію” з лікам 4:2. На 22-й хвіліне Фермін Лопес адкрыў лік у матчы і вывеў каталонцаў наперад. Госці намаганнямі Уга Дуро і Хасэ Луіса Ваі (з пенальці) да 38-й хвіліны вырваліся наперад. У кампенсаваны да першага тайма час галкіпер валенсійцаў Георгій Мамардашвілі атрымаў прамую чырвоную картку за фол апошняй надзеі — ён згуляў рукой за межамі штрафной плошчы, не дазволіўшы вінгеру сіне-гранатавых Ламіну Ямалу ўцячы з мячом да пустой брамы. У другой палове форвард гаспадароў Роберт Левандоўскі аформіў хет-трык і прынёс сваёй камандзе перамогу. “Барселона” набрала 73 ачкі за 33 матчы ў цяперашнім розыгрышы чэмпіянату Іспаніі. Каталонская каманда займае другое месца ў турнірнай табліцы Прымеры. “Валенсія”, у актыве якой 47 ачкоў пасля аналагічнай колькасці сустрэч, ідзе сёмай.

Беларускае Радыё Рацыя