BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Сабаленка прабілася ў фінал турніру ў Мадрыдзе, дзе згуляе са Свёнтэк

Другая ракетка свету беларуская тэнісістка Арына Сабаленка выйшла ў фінал грунтавога турніру катэгорыі WTA-1000 у Мадрыдзе. У напружаным паядынку прадстаўніца Беларусі адолела казахстанскую тэнісістку, якая займае чацвёртае месца ў рэйтынгу WTA, Алену Рыбакіну. Сустрэча скончылася з лікам 1:6, 7:5, 7:6. Матч тэнісістак працягнуўся 2 гадзіны і 17 хвілін. У фінале Сабаленка сустрэнецца з першай ракеткай свету з Польшчы Ігай Свёнтэк, якая ў паўфінале з лікам 6:1, 6:3 разграміла 20-ю ракетку свету, прадстаўніцу ЗША Мэдысан Кіс.

Футбалісты «Нёмана» ўзняліся на другое месца ў табліцы чэмпіянату Беларусі

Футбалісты гарадзенскага «Нёмана» ўзняліся на другую пазіцыю ў турнірнай табліцы чэмпіянату Беларусі. Пасля двух паразаў запар падначаленыя Ігара Кавалевіча здолелі парадаваць сваіх заўзятараў, абыграўшы ў Гародні салігорскі «Шахцёр» з лікам 1:0. Адзіны мяч забіў Ягор Зубовіч, які вызначыўся на 66-й хвіліне сустрэчы. Чэмпіёны краіны футбалісты менскага «Дынама» не змаглі адолець на хатняй арэне «Віцебск» – нічыя 1:1. Футбалісты «Смаргоні» і магілёўскага «Дняпра» таксама не выявілі пераможцу – 0:0. Яшчэ два паядынкі гэтага тура пройдуць сёння. Футбалісты «Мінска» сустрэнуцца з жодзінскім «Тарпеда-БелАЗам», а ў Барысаве БАТЭ згуляе з «Іслаччу» з Менскага раёна.

Баскетбалісты «Гродна-93» другі раз перамаглі «Барысфен» у паўфінале чэмпіянату Беларусі

Баскетбалісты «Гродна-93» выйшлі наперад у паўфінальнай серыі чэмпіянату Беларусі з «Барысфенам» – 2:1. У Магілёве ў трэцім паядынку падначаленыя Дзмітрыя Кузьміна перайгралі гаспадароў – 82:72. Наступная сустрэча заўтра таксама пройдзе ў магілёўскім спарткомплексе «Алімпіец». Да гэтага супернікі абмяняліся перамогамі ў Гародні – спачатку выйгралі гаспадары – 75:73, а потым магіляўчане ўзялі рэванш з лікам 73:68. У другой паўфінальнай серыі чэмпіён краіны «МІНСК» двойчы абыграў на сваёй пляцоўцы віцебскі «Рубон» – 96:75 і 86:57. Сёння віцябляне паспрабуюць скараціць адставанне.

Шымановіч, Змушко і Куляшова атрымалі перамогі на турніры ў Турцыі

У турэцкім Эдзірнэ стартаваў адкрыты чэмпіянат Турцыі па плаванні з удзелам беларускіх спартоўцаў. Нашую краіну на спаборніцтвах прадстаўляюць лідары нацыянальнай каманды Ілля Шымановіч, Аліна Змушко і Анастасія Куляшова. Апроч мясцовых спартоўцаў і беларусаў на чэмпіянат Турцыі таксама заявіліся плыўцы з Казахстана. У першы дзень турніру ўдзельнікі разыгралі 12 камплектаў узнагарод, кожны з беларусаў святкаваў па адной перамозе. На дыстанцыі 50 метраў брасам у жанчын найлепшы час паказала Аліна Змушко (30,91 секунды). У гэтым жа выглядзе праграмы сярод мужчын першым борціка закрануў Ілля Шымановіч, яго вынік склаў роўна 27 секунд. Анастасіі Куляшовай не было роўных на дыстанцыі 50 метраў на спіне (28,92 секунды). Гэты турнір з’яўляецца для лідараў беларускай каманды этапам падрыхтоўкі да галоўнага старту чатырохгоддзя, а таксама магчымасцю выканаць алімпійскія нарматывы.

Беларускае Радыё Рацыя