Беларуская тэнісістка Арына Сабаленка трэці раз стала пераможцай турніру WTA-1000 у кітайскім Ухані з прызавым фондам 3 мільёны 200 тысяч даляраў. У вырашальным паядынку другая ракетка планеты перайграла кітаянку Чжэн Цыньвэнь, якая займае 7-е месца ў сусветным рэйтынгу, – 6:3, 5:7, 6:3. Сустрэча працягвалася 2 гадзіны 40 хвілін. Арына Сабаленка стала трохразовай чэмпіёнкай гэтых спаборніцтваў, да гэтага яна перамагала ў 2018 і 2019 гадах. На гэты раз яна зарабіла 1000 рэйтынгавых ачкоў. Цяпер у яе актыве 17 перамог на турнірах пад эгідай WTA.

Менскае “Дынама” дагнала “Нёман” у табліцы футбольнага чэмпіянату Беларусі
Футбалісты менскага “Дынама” дагналі гарадзенскі “Нёман” у турнірнай табліцы чэмпіянату Беларусі. Дзейныя чэмпіёны краіны ў перанесеным матчы 18-га тура перамаглі ў Наваполацку мясцовы “Нафтан” з лікам 2:1. У складзе мінчан вызначыліся бразільскі легіянер Раі і Аляксей Гаўрыловіч, гаспадары адказалі голам Антона Сучкова. Пасля гэтай вікторыі ў дынамаўцаў стала 53 ачкі, набраныя ў 22 праведзеных сустрэчах, столькі ж у “Нёмана”, які згуляў на два матчы больш. На трэцім месцы футбалісты жодзінскага “Тарпеда-БелАЗа”, у якіх 45 заліковых балаў пасля 23 гульняў
ВРЗ абыграў “ВІТЭН”
Гомельскі ВРЗ перамог “Вітэн” 3:2, “Дарожнік” быў мацней за “Барысаў-900” у матчах 6-га тура чэмпіянату Беларусі па міні-футболе. ВРЗ і “Вітэн” маюць па 15 ачкоў і адстаюць ад лідыруючага ў табліцы “Мінска” на тры балы. У “Дарожніка” 10 ачкоў і шостае месца, “Барысаў-900” па-ранейшаму з нулём балаў.
Ангельцы ўпэўнена абыгралі фінаў у Лізе Нацый
Зборная Англіі на выездзе перамагла каманду Фінляндыі ў матчы групавога турніру Лігі нацый – 3:1. У гасцей мячы забілі Джэк Грыліш, Трэнт Аляксандэр-Арналд і Дэклан Райс, у гаспадароў вызначыўся Арту Хасканен. Ангельцы, якія ў чацвер саступілі на хатняй арэне грэкам 1:2, з дзевяццю ачкамі займаюць другое месца ў групе.
Беларускі заваявалі 10 медалёў на турніры па мастацкай гімнастыцы ў Харватыі
Беларускія спартоўкі заваявалі узнагароды традыцыйнага міжнароднага турніру па мастацкай гімнастыцы Aura Cup, які праходзіў у сталіцы Харватыі Заграбе. Беларускую каманду на турніры прадставілі медалістка чэмпіянатаў свету Анастасія Салос і прызёр буйных міжнародных форумаў Дар’я Ткачова. Перамогу ў самым прэстыжным відзе праграмы – шматбор’і – святкавала Салос. Ткачова заняла другое месца. Таксама беларускі выйгралі ўсе фіналы асобных відаў.
Беларускае Радыё Рацыя