Амерыканская тэнісістка Коры Гаўф саступіць Арыне Сабаленцы другое месца ў рэйтынгу WTA з-за паразы ад Юліі Пуцінцавай у 1/16 фіналу турніру ў Цынцынаці. Тым часам Сабаленка прайшла ў 1/8 фіналу амерыканскага турніру, дзе сёння згуляе супраць украінкі Эліны Світолінай.
Хакеісты менскага “Дынама” прайгралі маскоўскім аднаклубнікам у таварыскім матчы
Хакеісты менскага “Дынама” правялі чарговы хатні таварыскі матч напярэдадні новага сезона Кантынентальнай хакейнай лігі. Падначаленыя Дзмітрыя Квартальнава сустракаліся з аднаклубнікамі з Масквы. Паядынак адбыўся на лёдзе “Чыжоўка-Арэны”, на якой маскоўскія дынамаўцы праводзяць перадсезонныя зборы. У брамцы менчан дэбютаваў расейскі галкіпер Андрэй Карэеў, таксама ў склад клуба вярнуўся капітан Андрэй Стась. „Зубры” у выніку прайгралі 1:3 – адзіную шайбу ў складзе менчан закінуў у сярэдзіне другога перыяду Сэм Энас. Гэтая параза стала для беларускага клуба трэцяй у чатырох перадсезонных гульнях.
Арцём Ляўшуноў згуляе за “Чыкага” на турніры праспектаў НХЛ
Беларускі абаронца Арцём Ляўшуноў, выбраны пад агульным другім нумарам на драфце НХЛ 2024 года, прыме ўдзел у турніры праспектаў НХЛ, які 13 верасня стартуе ў Мэрыленд-Хайтс, штат Місуры. У спіс праспектаў “Чыкага”, якія паспрабуюць праявіць сябе ў трэніровачным лагеры, увайшлі таксама такія маладыя таленты, як форварды Колтон Дак і Фрэнк Назар, абаронцы Этан Дэль Мастра і Нолан Алан. Усе яны ўваходзяць у топ-10 найбольш перспектыўных гульцоў “Чыкага” па версіі The Hockey News.
Матчамі ў Берасці і Віцебску адкрыецца 18 тур футбольнага чэмпіянату Беларусі
Берасце і Віцебск прымуць стартавыя сустрэчы 18-га тура футбольнага чэмпіянату Беларусі сярод каманд вышэйшай лігі,. У першай з іх берасцейскія дынамаўцы згуляюць на сваім полі з салігорскім “Шахцёрам” (пачатак у 19.00). У гульні першага круга ў Салігорску берасцейцы святкавалі перамогу з буйным лікам 4:0. У другім сённяшнім матчы футбалісты “Віцебска” прымуць дзяржынскі “Арсенал” (пачатак у 21.00). Іх паядынак першага круга завяршыўся ўнічыю – 1:1.
Заўтра лідары першынства – футбалісты “Тарпеда-БелАЗа” – згуляюць у Жодзіне з гарадзенскім “Нёманам”, які займае трэцяе месца ў турнірнай табліцы.
Беларускае Радыё Рацыя