Беларуская тэнісістка Арына Сабаленка святквала другую перамогу на групавым этапе выніковага турніру Жаночай тэніснай асацыяцыі ў Эр-Рыядзе. У матчы другога тура першая ракетка планеты абыграла 4-ы нумар сусветнага рэйтынгу італьянскую тэнісістку Ясмін Пааліні – 6:3, 7:5. У заключным туры 6 лістапада Сабаленка згуляе з Рыбакінай. У другім квартэце другая ракетка свету полька Іга Свёнтэк з цяжкасцю перайграла чэшскую тэнісістку Барбару Крэйчыкаву – 4:6, 7:5, 6:2.
“Дынама” прайграла “Віцязю” на старце хатняй серыі
Хакеісты менскага “Дынама” няўдала пачалі чарговую хатнюю серыю ў рэгулярным чэмпіянаце Кантынентальнай хакейнай лігі. Першым лістападаўскім супернікам “зуброў” стаў падмаскоўны “Віцязь”. Гэты паядынак быў прысвечаны памяці аднаго з найлепшых гульцоў у гісторыі беларускага хакея Руслана Салея, якому 2 лістапада магло б споўніцца 50 гадоў. Стартавую трэць каманды правялі на роўных, але так і не здолелі парадаваць гледачоў закінутымі шайбамі. На экватары паядынку першае выдаленне “дынамаўцаў” хакеісты з Балашыхі пакаралі закінутай шайбай. Лідарства “Віцязя” пратрымалася нядоўга: на 33-й хвіліне сустрэчы з перадачы Джордана Гроса вызначыўся Сэм Энас. У сярэдзіне заключнай трэці госці зноў выйшлі наперад, але на гэты раз адыграцца “зубры” не змаглі, замест гэтага прапусціўшы яшчэ раз у меншасці. Незадоўга да сірэны прадстаўнікі Падмаскоўя закінулі ў пустую брамку “зуброў”, у выніку – параза менчан з лікам 1:4. Такім чынам, “Дынама” прайграла “Віцязю” ўпершыню ў сезоне, раней “зубры” абыгрывалі суперніка двойчы 5:1 і 2:1. Дзякуючы гэтаму поспеху “чырвона-чорныя” дагналі сталічны клуб у табліцы Заходняй канферэнцыі, абедзве каманды набралі па 23 ачкі і дзеляць восьмае-дзявятае месцы.
Беларусы і венгры згулялі ўнічыю на турніры па міні-футболе ў Будапешце
Зборная Беларусі па міні-футболе згуляла ўнічыю на старце міжнароднага турніру ў Будапешце. У пачатку паядынку беларусы выйгравалі, за пяць хвілін да фінальнай сірэны саступалі, але ў самым канцы здолелі сысці ад паразы – 3:3. У складзе гасцей вызначыліся Аляксей Пінчук, Дзмітрый Шыманскі і Юрый Дубкоў. Сёння падначаленыя Аляксандра Чэрніка сустрэнуцца са зборнай Кувейта (пачатак гульні ў 19.00). Для беларускай зборнай матчы ў венгерскай сталіцы з’яўляюцца праверкай перад адборавым турнірам чэмпіянату Еўропы, які стартуе ў снежні.
Шукураў – найлепшы футбаліст 27 тура вышэйшай лігі па версіі АБФФ
Паўабаронца «Тарпеда-БелАЗ» Алімардон Шукураў стаў найлепшым футбалістам 27 тура вышэйшай лігі па версіі АБФФ. У матчы супраць «Віцебска», які яго каманда выйграла 3:0, 25-гадовы футбаліст запісаў на свой рахунак гол і галявую перадачу. У бягучым сезоне Алімардон Шукураў правёў 20 матчаў у чэмпіянаце Беларусі, у якіх забіў два мячы і аддаў тры асісты.
Шыкаўка згуляў увесь матч за “Карону”
“Карона” на выездзе адолела “Катавіцы” ў матчы 14-га тура чэмпіянату Польшчы — 2:1. У гасцей беларускі нападнік Яўген Шыкаўка адыграў без замены. “Карона” з 15 ачкамі займае 13-е месца ў турнірнай табліцы.
Беларускае Радыё Рацыя






