BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Сабаленка выйграла турнір у катэгорыі WTA-1000 у Цынцынаці

Беларуская тэнісістка Арына Сабаленка святкавала перамогу ў фінале турніру катэгорыі WTA-1000 у амерыканскім Цынцынаці з прызавым фондам 3 мільёны 200 тысяч даляраў. У фінальным матчы беларуска перайграла амерыканку Джэсіку Пегулу – 6:3, 7:5. Паядынак працягваўся 1 гадзіну 15 хвілін. Гэта другі тытул у сезоне для беларускі пасля перамогі на адкрытым чэмпіянаце Аўстраліі-2024 і 15-ы у кар’еры ў адзіночным разрадзе. Па выніках гэтага турніру яна вернецца на другую пазіцыю ў рэйтынгу WTA, зрушыўшы адтуль Коры Гаўф.

Гол Шкурына прынёс «Сталі» першую перамогу ў сезоне ў чэмпіянаце Польшчы

У матчы 5-га тура чэмпіянату Польшчы «Сталь» з Мелеца перайграла «Пяст» 2:0. У пераможцаў беларускі форвард Ілля Шкурын на 79-й хвіліне адкрыў лік у матчы. Для яго гэта другі гол у сезоне. «Сталь» святкавала першую перамогу ў сезоне. Пасля 5 тураў каманда з 4 баламі займае 14-е месца.

Менскае «Дынама» ў групе еўракубкаў прымаць супернікаў будзе ў Азербайджане

Менскае «Дынама» вызначылася са стадыёнам, дзе будзе прымаць супернікаў у групавой стадыі еўракубкаў. Як паведамляе «Беларусь 5», хатнія сустрэчы «Дынама» будзе гуляць у Сумгаіце. Раней каманда гарантавала сабе пападанне ў асноўны раўнд Лігі канферэнцый. У плэй-оф кваліфікацыі Лігі Еўропы менчукі згуляюць з «Андэрлехтам». Напомнім, што з сакавіка 2022-га ўсе клубы і зборныя Беларусі могуць праводзіць хатнія матчы выключна на нейтральнай тэрыторыі і без гледачоў на трыбунах. Такое рашэнне прынятае з-за вайны ва Украіне, якую працягвае Расея з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі.

Кірэнкін – новы галоўны трэнер «Баранавічаў»

Беларускі спецыяліст Раман Кірэнкін замяніў Андрэя Кіпру на пасадзе галоўнага трэнера «Баранавічаў». Раней стала вядома, што Кірэнкін пакінуў трэнерскі штаб «Іслачы», дзе быў асістэнтам з 2022 па 2023 гады. У бягучым сезоне першай лігі «Баранавічы» займаюць 15 месца ў турнірнай табліцы з 15 ачкамі.

«Чэлсі» адхіліць прапанову «Напалі» арандаваць Лукаку

«Чэлсі» і «Напалі» зноў маюць рознагалоссі па трансферы нападніка Рамэлу Лукаку. Лонданцы адхіляць прапанову неапалітанцаў – арэнду з абавязковым выкупам за 30 мільёнаў еўра. «Чэлсі» хоча атрымаць за футбаліста найменш 40 мільёнаў еўра. Была інфармацыя, што спачатку лонданцы жадаюць прадаць Лукаку, а потым сканцэнтравацца на падпісанні Віктара Асімхена. У мінулым сезоне Лукаку выступаў на правах арэнды за «Рому». Ён вызначыўся 21 голам і 4 асістамі ў 47 матчах за клуб.

Хакеісты менскага “Дынама” прайгралі ЦСКА ў таварыскім матчы

Менскія дынамаўцы пацярпелі чарговую паразу ў серыі кантрольных матчаў перад стартам новага сезона Кантынентальнай хакейнай лігі. У панядзелак “зубры” правялі пяты хатні перадсезонны паядынак. На лёдзе сталічнай “Алімпік Арэны” падначаленыя Дзмітрыя Квартальнава сустрэліся з маскоўскім ЦСКА, хакеісты якога ўжо два тыдні трэніруюцца ў сталіцы Беларусі. “Зубры” прайгралі з лікам 2:4. У складзе “Дынама” закінутымі шайбамі адзначыліся Сяргей Кузняцоў, і Андрэй Стась. Пасля заканчэння сустрэчы каманды па папярэдняй дамоўленасці правялі серыю булітаў, дакладнейшымі у ёй сталі масквічы.

Беларускае Радыё Рацыя