BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Сабаленка выйшла ў чвэрцьфінал «Ралан Гарос»

Арына Сабаленка выйшла ў чвэрцьфінал адкрытага чэмпіянату Францыі па тэнісе. Другая ракетка планеты абыграла амерыканку Эму Навара, якая займае 24-е месца ў сусветным рэйтынгу, – 6:2, 6:3. У паядынку за выхад у паўфінал беларуска сустрэнецца з пераможцай матчу паміж прадстаўніцай Францыі Варварай Грачовай і расейкай Мірай Андрэевай, якая ў другім раўндзе выйграла ў беларускі Вікторыі Азаранкі.

«Нёман» згуляе з «Юні Ікс Лабс» у 1/16 фіналу Кубка Беларусі

У менскім Доме футбола адбылося лёсаванне 1/16 фіналу розыгрышу Кубка Беларусі. Дзеючы ўладальнік трафея гарадзенскі «Нёман» сустрэнецца з менскім клубам «Юні Ікс Лабс». Фіналіст мінулага кубкавага сезона «Іслач» згуляе з гомельскім «Лакаматывам». Барысаўскі БАТЭ будзе супернічаць з дэбютантам турніру «Д-Медыя», за які выступаюць многія вопытныя беларускія футбалісты.
Склады астатніх пар: «Мёры» – «Дынама» (Менск), «Хваля» (Пінск) – «Шахцёр» (Салігорск), «Крумкачы» (Менск) – «Днепр» (Магілёў), РЦАР-БДУ (Менск) – «Слуцк», «Слонім-2017» – «Дынама» (Берасце), «Ліда» – «Віцебск», «Бумпрам» (Гомель) – «Славія» (Мазыр), «Орша» – «Арсенал» (Дзяржынск), «Маладэчна-2018» – «Тарпеда-БелАЗ» (Жодзіна), «Ніва» (Доўбізна) – «Гомель», «Максалайн» (Віцебск) – «Нафтан» (Наваполацк), «Баранавічы» – «Смаргонь», «Белшына » (Бабруйск) – ФК «Мінск».
Матчы за выхад у 1/8 фіналу пройдуць з 18 чэрвеня па 14 ліпеня.

Мбапэ перайшоў у мадрыдскі «Рэал»

Кіліян Мбапэ перайшоў у мадрыдскі «Рэал». Кантракт з французскім футбалістам разлічаны да 2029 года. Пра гэта паведамляе афіцыйны сайт іспанскага клуба. 25-гадовы Мбапэ далучыцца да «Рэала» ў якасці свабоднага агента. З 2017-га ён выступаў за ПСЖ. За гэты час стаў найлепшым бамбардзірам у гісторыі клуба: у 307 матчах форвард забіў 256 галоў. Кіліян Мбапэ – гулец зборнай Францыі. У яе складзе ў 2018-м ён стаў чэмпіёнам свету, а ў 2022-м – віцэ-чэмпіёнам.

Канадскія хакеісты Уэле і Брук перайшлі ў менскае «Дынама»

Хакейнае менскае «Дынама» аб’явіла пра падпісанне кантрактаў з двума канадскімі гульцамі. У стан «зуброў» пераходзяць абаронцы Ксаўе Уэле і Джош Брук. Мінулы сезон 30-гадовы Уэле правёў ва «Уілкс-Барэ/Скрэнтан Пінгвінз» з Амерыканскай хакейнай лігі: у яго актыве 65 матчаў і 25 (2+23) ачкоў. Раней гулец абароны выступаў у АХЛ за «Гранд-Рапідс Грыфінс» і «Лаваль Рокет», дзе чатыры сезоны насіў капітанскую нашыўку. Усяго ў АХЛ Ксаўе адыграў 491 матч і зарабіў 220 (44+176) балаў.
Таксама ў канадца ёсць вопыт выступаў у Нацыянальнай хакейнай лізе: сумарна ў НХЛ 48-ы нумар Драфта-2011 правёў 189 гульняў за «Дэтройт» і «Манрэаль», набраўшы 29 (5+24) ачкоў.
24-гадовы абаронца Джош Брук папярэдні сезон адыграў у чэмпіянаце Фінляндыі за «Лукко». У яго складзе канадзец выходзіў на лёд у 59 матчах, у якіх вызначыўся 18 (6+12) выніковымі баламі. У сваёй карʼеры Брук таксама выступаў у АХЛ, абараняючы колеры «Калгары Рэнглерс» і «Лаваль Рокет». Усяго ў лізе ў Джоша 121 паядынак і 35 (7+28) ачкоў.

Тры беларусы сталі медалістамі турніру па грэка-рымскай барацьбе ў Ерэване

У сталіцы Арменіі Ерэване завяршыўся міжнародны турнір па грэка-рымскай барацьбе памяці двухразовага чэмпіёна свету Бенура Пашаяна.
Удзел у спаборніцтвах прынялі больш за сто атлетаў з Беларусі, Арменіі, Швецыі, Ірана, Грузіі і Расеі. Беларусь прадставілі дзесяць барацьбітоў у сямі вагавых катэгорыях, трапіць у прызы ўдалося траім. У вазе да 97 кг перамог Уладзіслаў Пусташылаў, які у фінале адолеў армяніна Айка Хлаяна. Бронзавымі прызёрамі турніру сталі Максім Ступакевіч (у вазе да 55 кг) і Ігар Ярашэвіч (вага да 87 кг).

Каманда Гарноська перамагла на этапе клубнай лігі Іспаніі па мастацкай гімнастыцы

Беларуска Аліна Гарнасько стала медалісткай другога этапа клубнай лігі Іспаніі па мастацкай гімнастыцы. Другі этап спаборніцтваў з удзелам каманд з розных рэгіёнаў Іспаніі праходзіў у Лагроньі. Перамог ў камандным турніры клуб Ritmo, які прадстаўляе Кастылію і Лявон, за які выступае Аліна Гарноська. Наймацнейшая беларуская гімнастка ўнесла важкі ўклад у поспех сваёй каманды, паказаўшы найлепшыя вынікі ў практыкаванні з абручом (37.250) і стужкай (35.750).

Беларускае Радыё Рацыя