BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

“Ягелонія” адолела “Лех”

“Лех” Познань саступіў у Беластоку “Ягелоніі” ў напружаным матчы — 1:2 і страціў першае месца ў турнірнай табліцы. “Лех” добра пачаў сустрэчу, калі на 9-й хвіліне Алі Галізадэ адкрыў лік. Аднак “Ягелонія” хутка адыгралася дзякуючы дакладнаму ўдару Хесуса Імаза на 31-й хвіліне. У другім тайме гаспадары дамінавалі на полі, і на 59-й хвіліне “Лех” прапусціў другі гол пасля хуткай контратакі, калі Радаслаў Мураўскі адправіў мяч у сваю браму. “Ягелонія” магла павялічыць перавагу, але ў канцы сустрэчы не рэалізавала некалькі момантаў. Гэтая параза каштавала “Леху” першага месца ў табліцы — каманда апусцілася на трэцюю пазіцыю, у той час як “Ягелонія” ўзышла на другое месца. Наперадзе табліцы чэнстахоўскі “Ракув”, які адолеў у гэтым туры варшаўскую “Легію” – 3:2. У лідара 52 ачкі, “Яга” мае 51, у “Леха” засталося 50. Іншыя каманды істотна адстаюць.

Менскае «Дынама» пачало сезон з цяжкой перамогі над «Смаргонню»

Менскія дынамаўцы стартавалі ў новым сезоне чэмпіянату Беларусі з цяжкай, але важнай перамогі. Чэмпіёны краіны пад кіраўніцтвам Вадзіма Скрыпчанкі абыгралі «Смаргонь» на сваім полі з лікам 1:0. Адзіны і пераможны гол на 70-й хвіліне забіў бразілец Педра Ігар. У іншых матчах стартавага тура дзяржынскі «Арсенал» і берасцейскае «Дынама» згулялі ўнічыю — 1:1, «Слуцк» дома саступіў «МЛ Віцебск» — 0:1. Гарадзенскі «Нёман» упэўнена перамог «Маладзечна» — 3:0, а «Тарпеда-БелАЗ» згуляла ўнічыю з «Гомелем» — 1:1. Чэмпіянат бярэ кароткі перапынак з-за таварыскіх матчаў нацыянальнай і маладзёжнай зборных Беларусі.

Арына Сабаленка зноў не дацягнула да перамогі ў Індыан-Уэлсе

Арына Сабаленка другі год запар саступіла ў фінале прэстыжнага турніру WTA-1000 у Індыан-Уэлсе.

У вырашальным матчы першая ракетка свету нечакана прайграла 17-гадовай расейцы Міры Андрэевай — 6:2, 4:6, 3:6. Гульня працягвалася больш за дзве гадзіны. У мінулым годзе Сабаленка таксама дайшла да фіналу Індыан-Уэлса, але саступіла Алене Рыбакінай з Казахстана.

“Вітэн” узначальвае турнірную табліцу чэмпіянату па міні-футболе

Аршанскі «Вітэн» упэўнена вярнуўся на першае месца ў чэмпіянаце Беларусі па міні-футболе, перамогшы гомельскі ВРЗ з лікам 4:2 у цэнтральным матчы 17-га тура. У іншых сустрэчах «Ахова-Дынама» (Менск) з цяжкасцю перамагла ЦКК (Светлагорск) — 5:4, «Дарожнік» (Менск) у выніковай гульні перамог «Барысаў-900» — 10:7, а гарадзенскае «УУС-Дынама» было мацней за «Дынама-БНТУ» (Менск) — 3:0. Цяпер у «Вітэна» 40 ачкоў пасля 16 матчаў, на другім месцы «Ахова-Дынама» — 38 ачкоў, а тройку замыкае ВРЗ з 34 ачкамі.

Сусла прынёс перамогу «Гомелю» ў авертайме і вывеў каманду наперад у серыі

Хакеісты «Гомеля» зрабілі важны крок да выхаду ў паўфінал плэй-оф экстралігі, перамогшы «Металург» са Жлобіна ў пятым матчы серыі. Асноўны час скончыўся без галоў, але на апошніх хвілінах першага авертайма Мікалай Сусла выкарыстаў большасць і забіў пераможную шайбу — 1:0. Цяпер «Гомель» вядзе ў серыі 3:2. Наступны матч адбудзецца 18 сакавіка ў Жлобіне. У выпадку перамогі «рысі» аформяць пуцёўку ў паўфінал. Калі «Металург» зраўняе лік, усё вырашыцца ў сёмым матчы, які, магчыма, пройдзе ў Гомелі 20 сакавіка.

“Барысфен” перамог чэмпіёнаў у нацыянальным першынстве

Баскетбалісты магілёўскага «Барысфена» перапынілі серыю паразаў, упэўнена абыграўшы дзейных чэмпіёнаў з «Мінска» — 84:71. Сустрэча адбылася на хатняй пляцоўцы магілёўцаў у спарткомплексе «Алімпіец». Сталічны «Імпульс-БДУІР» працягнуў антырэкордную серыю, саступіўшы «Рубону» з Віцебска — 52:99. У турнірнай табліцы лідарства захоўвае «Гродна-93» з 45 ачкамі пасля 26 гульняў. На другім месцы размясціўся «Барысфен» (45 ачкоў у 27 матчах), «Мінск» з 42 ачкамі займае трэцюю пазіцыю.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: © Getty Images / Robert Prange