У Гомелі адбыўся трэці матч фінальнай серыі чэмпіянату Беларусі па валейболе сярод мужчынскіх каманд паміж «Энергіяй» і «Шахцёрам». Каманды працягнулі абмен гасцявымі перамогамі. Шахцёр выйграў па партыях 25:22, 25:17, 25:11 і выніковыя 3:0. Чацвёрты паядынак серыі да трох перамог за золата мужчынскага чэмпіянату Беларусі пройдзе ў Менску 18 траўня. Пасля трох гульняў у серыі лідыруюць менчукі 2:1. У першым матчы жаночага валейбольнага фіналу «Мінчанка» абыграла «Камунальнік»-ГрДУ 3:1. Таксама берасцейскае «Прыбужжа» зраўняла лік у дуэлі за бронзавыя медалі супраць магілёўскага «Камунальніка» 3:0.
Азаранка выйшла ў чвэрцьфінал турніру WTA-1000 у Рыме
24-ы нумар сусветнага рэйтынгу Вікторыя Азаранка стала чвэрцьфіналісткай турніру катэгорыі WTA-1000 у Рыме. У матчы 1/8 фіналу беларуска перайграла восьмую ракетку свету грэчаскую тэнісістку Марыю Сакары – 6:4, 6:1. У чвэрцьфінале суперніцай Азаранкі будзе 15-я ракетка планеты амерыканка Даніэль Колінз.
Беларусы выйгралі турнір развіцця УЕФА ў Ерэване
Юнацкая зборная Беларусі (U-15) стала пераможцам турніру развіцця УЕФА ў Ерэване. У сваім заключным матчы падначаленыя Юрыя Мархеля абыгралі аднагодкаў з Малдовы з лікам 2:0. Абодва мячы былі забітыя ў другой палове сустрэчы – на 68-й хвіліне вызначыўся Аляксандр Цішук, а за 5 хвілін да фінальнага свістка Анатоль Ястаўкін усталяваў канчатковы лік.
Названы склад зборнай Беларусі на матчы з футбалістамі Расеі і Ізраіля
Галоўны трэнер футбольнай зборнай Беларусі Карлас Алас Ферэр назваў пашыраны склад каманды на чэрвеньскія таварыскія матчы. У папярэдні спіс увайшлі 38 футбалістаў: У тым ліку брамнік берасцейскага «Дынама» Міхаіл Казакевіч і яго партнёры па камандзе абаронца Максім Касараб, паўбаронца Яраслаў Арашкевіч і нападнікі Міхаіл Гардзяйчук ды Герман Баркоўскі. Гарадзенскі «Нёман» камадзіраваў у зборную абаронцу Ягора Пархоменку. Таксама выкліканы нападнік «Кароны» (Кельцэ) Яўген Шыкаўка. У канчатковы спіс увойдуць 23 гульцы. У пятніцу, 7 чэрвеня зборная Беларусі прыме на менскім стадыёне «Дынама» каманду Расеі, а 11 чэрвеня ў Будапешце згуляе з футбалістамі Ізраіля.
Футбалісткі «Дынама-БДУФК» перамаглі «Мінск» у чэмпіянаце Беларусі
Футбалісткі сталічнага «Дынама-БДУФК» святкавалі валявую вікторыю над «Мінскам» у матчы жаночага чэмпіянату Беларусі. У пачатку цэнтральнага паядынку дзейныя чэмпіёнкі краіны прапусцілі мяч пасля ўдару Лады Пашкоўскай. Аднак яшчэ да перапынку Дар’я Манюкова і Анастасія Кавалёва прынеслі сваёй камандзе перамогу – 2:1. Пасля восьмай вікторыі запар у актыве каманды Юрыя Малеева 24 ачкі з 24 магчымых. Столькі ж балаў у футбалістак «Мінска», але яны правялі на гульню больш.
Вызначыліся ўсе паўфіналісты чэмпіянату Беларусі па міні-футболе
Пасля заключных сустрэч чвэрцьфінальнай стадыі сталі вядомы ўсе паўфіналісты 35-га чэмпіянату Беларусі па міні-футболе. Дзеючыя чэмпіёны краіны спартоўцы «Сталіцы» ў вырашальным паядынку за выхад у квартэт наймацнейшых перамаглі на сваёй арэне гомельскі БЧ з лікам 4:2. У паўфінальнай серыі «сталічнікі» сустрэнуцца з аршанскім «Вітэнам». У чвэрцьфінале аршанцы адолелі гарадзенскі клуб «УУС-Дынама» – 5:2, 3:4 і 6:3. Першая паўфінальная гульня адбудзецца 16 траўня ў Оршы. У другой паўфінальнай пары ўладальнік бронзы мінулага першынства «Мінск» будзе супернічаць з віцэ-чэмпіёнам гомельскім ВРЗ. У 1/4 фіналу менчукі двойчы перамаглі землякоў з «Ахова-Дынама» з аднолькавым вынікам – 4:3. Гамяльчане таксама два разы адолелі сталічны клуб «Дынама-БНТУ» – 2:1 (дома) і 3:2 (у гасцях). Першы паўфінальны матч пройдзе 15 траўня ў Гомелі. Паўфінальныя серыі працягнуцца да трох перамог адной з каманд.
Беларускае Радыё Рацыя