
Матчамі ў Берасці, Оршы і Маладзечне працягнуўся рэгулярны чэмпіянат беларускай хакейнай экстралігі. У Оршы мясцовы “Лакаматыў” прымаў лідара сезона – салігорскі “Шахцёр”. Аршанцы выйгравалі 3:1, але ў трэцім перыядзе “Шахцёру” ўдалося зраўняць лік, а на апошняй хвіліне і ўвогуле лепшы бамбардзір экстралігі Міхаіл Шалагін вырваў для “гарнякоў” вікторыю – 4:3. Тым самым салігорскі клуб працягнуў пераможную серыю да 11 матчаў.
Паралельна яшчэ дзве сустрэчы скончыліся з аднолькавым лікам 3:1. “Брэст” абыграў на сваёй пляцоўцы наваполацкі “Хімік”. Хакеісты “Ліды” ў гасцях абыгралі галоўнага канкурэнта за месца ў зоне плэй-ін экстралігі – “Дынама-Маладзечна”. Аўтарам пераможнага гола за “рыцараў” стаў нападнік Максім Карпаў.
Баскетбалісткі “Мінска” выйгралі 14-ы матч у чэмпіянаце Беларусі
Баскетбалісткі “Мінска» працягнулі пераможную серыю ў матчах чэмпіянату Беларусі. У сваім 14-м паядынку лідары першынства разграмілі на выездзе рэзервовы склад “Гомельскіх рысяў” з розніцай 73 ачкі – 123:50. Пасля гэтай вікторыі ў актыве мінчанак стала 28 ачкоў з 28 магчымых. На 4 балы менш у гарадзенскай “Алімпіі”, якая сёння згуляе ў Гомелі з асноўнай камандай “рысей”.
Савіцкі падоўжыў кантракт з «Нёманам»
29-гадовы беларускі форвард Павел Савіцкі працягнуў кантракт з гарадзенскім «Нёманам». Тэрмін новай дамовы складзе 1 год. У мінулым сезоне футбаліст правёў 26 матчаў у вышэйшай лізе, забіў 13 мячоў і аддаў 9 галявых перадач.
Ноер правёў 500-ы матч з «Баварыю» – больш толькі ў Мюлера і Лама
Брамнік «Баварыі» Мануэль Ноер выйшаў у старце супраць «Хофенхайма» ў 17-м туры Бундэслігі, які яго каманда завяршыла з лікам 3:0. Гэта яго 500 матч у складзе мюнхенцаў. Па гэтым паказчыку Ноер зраўняўся з Бастыянам Швайнштайгерам. Наперадзе толькі Томас Мюлер (686 матчаў) і Філіп Лам (517). Ноер стаў гульцом «Баварыі» летам 2011 года, калі за 30 млн еўра перайшоў з «Шальке». У 499 матчах прапусціў 395 галоў, 239 сустрэч правёў на нуль. «Баварыя» ж забіла ў 65-м хатнім матчы Бундэслігі – гэта новы рэкорд турніру
Нарвежка Тандравалд выйграла спрынт на пятым этапе Кубка свету па біятлоне
У нямецкім Рупольдынгу працягваецца пяты этап розыгрышу Кубка свету па біятлоне. У пятніцу дзяўчыны вызначалі наймацнейшых у спрынце. Лепшы вынік на дыстанцыі 7,5 км паказала прадстаўніца Нарвегіі Інгрыд Тандрэвалд. На абодвух агнявых рубяжах нарвежка адстралялася чыста і ў выніку перад нядзельным пасьютам забяспечыла сабе гандыкапы ў 18 секунд над пераследніцамі. Другі час на фінішы прадэманстравала Мона Брурсан са Швецыі, гэты подыум стаў для спартоўкі дэбютным у бягучым сезоне. Тройку прызёраў замкнула італьянка Ліза Вітоцы, якая саступіла Брурсан менш за секунду. Лідар генеральнай класіфікацыі францужанка Жусцін Брэза-Бушэ з двума коламі штрафу стала толькі дванаццатай.
Беларускае Радыё Рацыя






