Канадскі абаронца менскага «Дынама» Брэдзі Лайл адзначыўся трапным кідком у брамку казанскага «Ак Барса».

Гэты гол прызнаны адным з найлепшых на 16-ым гульнявым тыдні ў КХЛ і заняў 10-е месца ў афіцыйным рэйтынгу. Гэта не адзінае дасягненне каманды на гэтым тыдні. У хатнім матчы 29 снежня «зубры» перамаглі яраслаўскі «Лакаматыў» з лікам 4:1. Для «Дынама» гэта была трэцяя запар перамога на «Менск-Арэне», чаго клуб не дасягаў з кастрычніка 2023 года. Тым часам першы матч менскага «Дынама» ў новым годзе пройдзе пры поўным аншлагу. Як паведамляе прэс-служба клуба, на сустрэчу супраць «Тарпеда», якая адбудзецца 6 студзеня, не засталося квіткоў. На дадзены момант «зубры» займаюць 5-е месца ў Заходняй канферэнцыі КХЛ і працягваюць змагацца за месца ў плэй-оф.
Скрыпчанка застаецца галоўным трэнерам мінскага «Дынама»
Беларускі спецыяліст Вадзім Скрыпчанка працягне працу на пасадзе галоўнага трэнера менскага «Дынама». Пад яго кіраўніцтвам «Дынама» стала чэмпіёнам Беларусі, апярэдзіўшы гарадзенскі «Нёман» у турнірнай табліцы на 3 ачкі. У мінулым сезоне каманда паказала найлепшую абарону ў чэмпіянаце (13 прапушчаных мячоў), а па колькасці забітых галоў саступіла толькі берасцейскаму «Дынама». Акрамя таго, клуб змог выйсці ў групавы этап Лігі Канферэнцый. Па выніках года Скрыпчанка быў прызнаны найлепшым трэнерам краіны.
Алег Нікіфарэнка стаў гульцом «Макслайна»
23-гадовы вінгер Алег Нікіфарэнка афіцыйна перайшоў у склад «Макслайна». Як паведамляе прэс-служба клуба, у мінулым сезоне гулец правёў за БАТЭ 15 матчаў у чэмпіянаце краіны і набраў 6 ачкоў. Асаблівую ўвагу варта звярнуць на яго гол у 13-м туры супраць берасцейскага «Дынама», які быў прызнаны найлепшым у сезоне. За Кубак Беларусі Нікіфарэнка правёў 4 матчы, у якіх адзначыўся 2 галамі і 1 выніковай перадачай.
Чэмпіянат Англіі: сенсацыйныя вынікі тура
У матчы 19-га тура Прэм’ер-лігі лонданскі «Чэлсі» нечакана саступіў «Іпсвічу» на выездзе з лікам 0:2. Галы за гаспадароў забілі Ліам Дэлап на 12-й хвіліне з пенальці і Амары Хатчынсан на 53-й. Пасля гэтай паразы «Чэлсі» займае 4-е месца ў турнірнай табліцы, маючы 35 ачкоў. «Іпсвіч» застаўся на 18-й пазіцыі. «Ньюкасл Юнайтэд» абыграў «Манчэсцер Юнайтэд» на «Олд Трафард» з лікам 2:0. Лік быў адкрыты ўжо на 4-й хвіліне матчу: дакладны ўдар нанёс нападнік «Ньюкасла» Аляксандр Ісак. На 19-й хвіліне Жоэлінтан падвоіў перавагу гасцей. «Манчэсцер Юнайтэд» застаецца на 14-м месцы турнірнай табліцы, набраўшы 22 ачкі ў 19 матчах, у той час як «Ньюкасл» выйшаў на 5-е месца, маючы 32 ачкі.
Раналду можа пакінуць «Аль-Наср», калі не стане чэмпіёнам
39-гадовы партугальскі форвард «Аль-Насра» Крышціяну Раналду можа змяніць клуб наступным летам, калі каманда не заваюе чэмпіёнскі тытул у Саудаўскай прафесійнай лізе. Як паведамляе іспанскае выданне Marca, Раналду пакуль не разглядае магчымасці завяршэння кар’еры, а хоча паспрабаваць сябе ў новым выкліку. У гэтым сезоне на яго рахунку 17 матчаў ва ўсіх турнірах, 14 галоў і 2 асісты.
Беларускае Радыё Рацыя