BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Шайба Протаса дапамагла “Вашынгтону” перамагчы “Караліну”

Беларускі нападнік “Вашынгтона” Аляксей Протас адзначыўся закінутай шайбай у матчы супраць “Караліны”. Гульня, якая прайшла ў ноч на суботу па менскім часе, скончылася перамогай “Вашынгтона” з лікам 3:1. Протас вызначыўся напрыканцы першага перыяду, правёў на лёдзе 18 хвілін, нанёс 6 кідкоў, а таксама здзейсніў адзін сілавы прыём і перахоп. У 32 матчах гэтага сезона на рахунку беларуса 27 (12+15) ачкоў пры паказчыку карыснасці “+16”. “Вашынгтон” застаецца лідарам Усходняй канферэнцыі НХЛ. Наступная гульня “Кэпіталз” адбудзецца 23 снежня супраць “Лос-Анджэлеса”.

Менскае “Дынама” ўпершыню ў сезоне перамагло ў трох матчах запар

Хакеісты менскага “Дынама” выйгралі другі матч у выязной серыі рэгулярнага чэмпіянату КХЛ, перамогшы казанскі “Ак Барс” з лікам 3:1. На пятай хвіліне сустрэчы “зубры” рэалізавалі большасць дзякуючы шайбе Аляксандра Волкава. У канцы першага перыяду капітан мінчан Андрэй Стась зрабіў няпросты для галкіпера кідок, які той адправіў у сваю брамку. У другім перыядзе казанцы скарацілі адставанне, але зраўняць лік не змаглі. Канчатковую кропку ў матчы паставіў Волкаў, закінуўшы ў пустую брамку і аформіўшы дубль. Гэта трэцяя перамога запар для менчукоў. “Дынама” займае 7-е месца ў Заходняй канферэнцыі КХЛ з 42 ачкамі пасля 36 гульняў. Наступны матч “Дынама” правядзе 22 снежня ў Ташкенце супраць маскоўскага “Спартака”.

“Славуціч” перамог “Магілёў” у адзіным матчы дня экстралігі

У матчы 32-га тура экстралігі хакеісты “Славуціча” вырвалі перамогу ў “Магілёва” з лікам 4:3. Гульня праходзіла ў Магілёве, дзе гаспадары двойчы выходзілі наперад у першым перыядзе, але смаляне кожны раз зраўноўвалі лік. Напрыканцы другога перыяду Даніла Гапееў аформіў дубль і зноў вывеў “Магілёў” наперад. Аднак у сярэдзіне трэцяга перыяду “Славуціч” адыграўся. Здавалася, што матч пяройдзе ў авертайм, але за секунду да фінальнай сірэны пераможную шайбу закінуў Максім Полькін. Для “Славуціча” гэта чацвёртая перамога запар, але каманда пакуль застаецца па-за зонай плэй-ін з 33 ачкамі. Наступныя матчы чэмпіянату Беларусі па хакеі адбудуцца ў нядзелю.

Арына Сабаленка перамагае ў другім туры турніру ў Абу-Дабі

У Абу-Дабі праходзіць выставачны турнір World Tennis League, дзе першая ракетка свету Арына Сабаленка працягвае паказваць выдатную гульню. Напярэдадні Сабаленка разам з расейкай Мірай Андрэевай перамаглі польку Ігу Свёнтэк і іспанку Паўлу Бадосу ў парным матчы з лікам 6:1. У адзіночным паядынку Сабаленка таксама ўпэўнена выйграла ў Бадосы — 6:2. Сабаленка выступае за каманду “Ястрабы”, дзе яе партнёрамі з’яўляюцца аўстраліец Джордан Томпсан і індыец Суміт Нагал. Турнір завершыцца 22 снежня.

Трэці дзень чэмпіянату Беларусі па плаванні: восем камплектаў узнагарод

У 25-мятровым басейне спартовага комплексу “Трактар” завяршыўся трэці дзень адкрытага чэмпіянату Беларусі па плаванні на кароткай вадзе.У спаборніцтвах удзельнічаюць плыўцы з Беларусі і Расеі. На трэці дзень былі вызначаны пераможцы на пяці асабістых дыстанцыях і трох эстафетах. Чэмпіёнамі краіны сталі Ілля Шымановіч (50 м брасам), Іван Шамшурын (200 м батэрфляем), Руслан Скамарошка (100 м вольным стылем), Анастасія Куляшова (50 м на спіне) і Алеся Акінчыц (800 м вольным стылем). У змяшанай эстафеце 4х50 м вольным стылем, а таксама ў мужчынскай і жаночай эстафетах 4х50 м комплексам перамогу святкавалі каманды з Менска. Чэмпіянат завершыцца сёння, адбудуцца апошнія 14 фіналаў.

Беларускае Радыё Рацыя