Беларускі баскетбаліст Максім Салаш дапамог французскаму “Буру” прабіцца ў фінал Еўракубка. У трэцім, вырашальным паўфінальным паядынку французскі клуб упэўнена перайграў на сваёй арэне турэцкі “Бешыкташ” з перавагай 26 ачкоў – 89:63. Максім Салаш стаў найлепшым снайперам сваёй каманды, набраўшы 19 ачкоў. У першай хатняй сустрэчы “Бур” выйграў у сябе з лікам 86:74 (Максім Салаш набраў 9 ачкоў), а потым саступіў у Стамбуле 71:82 (Максім Салаш набраў 6 ачкоў).
Фінал мужчынскага Еўракубка стане французскім дэрбі – “Бур” будзе сапернічаць з баскетбалістамі “Парыжа”. Першы матч серыі да дзвюх перамог пройдзе 9 красавіка ў сталіцы Францыі.
Зборная Беларусі займае 96-е месца ў новым рэйтынгу ФІФА
Зборная Беларусі страціла адну пазіцыю і знаходзіцца на 96-м месцы ў абноўленым рэйтынгу Міжнароднай федэрацыі футбола (ФІФА). У новым сезоне беларусы правялі два таварыскія паядынкі – прайгралі футбалістам Чарнагорыі 0:2 і разышліся мірам з камандай Мальты 0:0. Цяпер у актыве беларускай дружыны 1226,54 бала. Наступныя спарынгі зборная Беларусі правядзе ў чэрвені, а ў верасні стартуе ў Лізе нацый УЕФА. Цяпер рэйтынг ФІФА ўзначальвае чэмпіён свету Аргенціна. У топ-5 таксама ўваходзяць Францыя, Бельгія, Англія і Бразілія. З краін былога СССР найлепшая пазіцыя ў зборнай Украіны, якая знаходзіцца на 22-м месцы, Расея займае 35-е месца.
Азаранка выйшла ў 1/8 фіналу турніру WTA-500 у Чарльстане
Беларуская тэнісістка Вікторыя Азаранка пераможна стартавала на турніры WTA-500 у амерыканскім Чарльстане з прызавым фондам 922 тысячы даляраў. У паядынку другога раунда беларуска, у якой 26-е месца ў сусветным рэйтынгу, разграміла італьянскую тэнісістку Элізабэту Качарэта, якая займае 56-ю пазіцыю, – 6:1, 6:2. Сустрэча працягвалася 1 гадзіну 10 хвілін. У матчы за выхад у чвэрцьфінал Азаранка сустрэнецца з 68-ым нумарам рэйтынгу WTA амерыканкай Тэйлар Таўнсенд.
Квартальнаў працягне працу ў менскім “Дынама”
Расейскі спецыяліст Дзмітрый Квартальнаў захаваў пасаду галоўнага трэнера хакейнага менскага “Дынама”. Пра гэтае рашэнне аб’явіў генеральны дырэктар сталічнага клуба Арцём Каркоцкі. У першым сезоне Квартальнава на чале “зуброў” менчане завяршылі рэгулярны чэмпіянат Кантынентальнай хакейнай лігі на восьмым месцы Заходняй канферэнцыі, а ў стартавым раундзе плей-оф Кубка Гагарына ў шасці матчах уступілі аднаклубнікам з Масквы.
За алімпійскія ліцэнзіі на турніры ў Баку паспрачаюцца 16 беларускіх змагароў
У сталіцы Азербайджана Баку з 5 па 7 красавіка пройдзе еўрапейскі кваліфікацыйны турнір па барацьбе на летнія Алімпійскія гульні 2024 года. За 36 пуцёвак у Парыж будуць змагацца больш за 300 спартсменаў з усяго кантынента. У спаборніцтвах па вольнай, грэка-рымскай і жаночай барацьбе будуць разыграны па дзве алімпійскія ліцэнзіі ў кожнай з прадстаўленых вагавых катэгорый. Такім чынам, каб стаць удзельнікам Гульняў-2024, атлету неабходна перамагчы ў паўфінале бакінскага турніру – фіналы праводзіцца не будуць. Беларускую каманду ў Азербайджане прадставяць 16 чалавек.
Беларускае Радыё Рацыя