Футбольны клуб «Шахцёр» з Салігорска апынуўся на мяжы банкруцтва і, імаверна, не прыме ўдзелу ў сезоне 2025 года ў першай лізе.

Паводле крыніц Bet News, працэдура ліквідацыі клуба пачнецца 1 сакавіка, каб пазбегнуць выплаты запазычанасцяў былым гульцам. Пасля зімовага трансфернага акна клуб страціў значную колькасць футбалістаў і ўжо адмяніў запланаваны спарынг з «Белшынай».
Сядзько падпісаў кантракт з «Тарпеда-БелАЗ»
26-гадовы паўабаронца Павел Сядзько стаў гульцом жодзінскага «Тарпеда-БелАЗа». Новы кантракт разлічаны на адзін год. У мінулым сезоне Сядзько быў адным з лідараў менскага «Дынама», за якое згуляў 24 матчы, забіўшы 4 галы і аддаўшы 10 выніковых перадач.
Пунтус – рэкардсмен сярод беларускіх трэнераў
Юрый Пунтус застаецца самым паспяховым беларускім трэнерам, правёўшы больш за 500 матчаў на чале клубаў вышэйшай лігі, паведамляе “Прессбол”. Яго найбліжэйшы пераследнік, Ігар Кавалевіч, адстае на 100 гульняў. Сярод замежных трэнераў найлепшы паказчык у расейца Аляксандра Кузняцова, які правёў 116 гульняў.
Антані адправіцца ў арэнду ў «Беціс» без права выкупу
Атакуючы паўабаронца «Манчэсцер Юнайтэд» Антані да канца гэтага сезона будзе выступаць у складзе іспанскага клуба «Беціс». Паводле інфармацыі інсайдэра Фабрыцыа Рамана, бакі ўжо дасягнулі вуснага пагаднення, і пасля афармлення дакументаў футбаліст адправіцца ў Іспанію для праходжання медыцынскага абследавання. Кантракт не прадугледжвае права выкупу гульца, і па заканчэнні сезону ён вернецца ў «МЮ». Частку заробку Антані будзе па-ранейшаму выплачваць яго брытанскі клуб. У бягучым сезоне бразілец правёў 8 матчаў у Прэм’ер-лізе, але не адзначыўся ні галамі, ні асістамі.
Анчалоці пакідае мадрыдскі «Рэал»
Галоўны трэнер мадрыдскага «Рэала» Карло Анчэлоці прыняў рашэнне пакінуць клуб па завяршэнні гэтага сезону. Паводле інфармацыі іспанскага выдання Onda Cero, італьянскі спецыяліст не зменіць сваё рашэнне нават у выпадку, калі «Рэал» заваюе некалькі трафеяў. Дзейны кантракт з клубам разлічаны да 2026 года, але трэнер вырашыў сысці раней, каб засяродзіцца на новых праектах. Пад яго кіраўніцтвам «Рэал» двойчы станавіўся чэмпіёнам Іспаніі, а таксама перамагаў у Лізе чэмпіёнаў, Суперкубку УЕФА і клубным чэмпіянаце свету.
Беларускія пляжнікі ўзялі рэванш у іранцаў
Зборная Беларусі па пляжным футболе перамагла каманду Ірана з лікам 4:3 у другім спарынгу, які прайшоў у Бушыры. Галы ў складзе беларускай дружыны забілі Максім Харытон, Алег Гапон, Яўген Новікаў і Ігар Брышцель. Гэтыя матчы з’яўляюцца этапам падрыхтоўкі да чэмпіянату свету, які адбудзецца ў траўні на Сейшэльскіх выспах.
Сінэр і Свёнтэк – чэмпіёны свету па версіі ITF
Італьянскі тэнісіст Янік Сінэр і полька Іга Свёнтэк былі названы чэмпіёнамі свету 2024 года паводле версіі Міжнароднай федэрацыі тэніса (ITF). Сінэр у мінулым годзе выйграў восем тытулаў, у тым ліку два турніры «Вялікага шлема» – Australian Open і US Open. Польская тэнісістка перамагла на «Ралан Гарос» і заваявала бронзу на Алімпійскіх гульнях у Парыжы.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: wikipedia.org