BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Шаранговіч адзначыўся дублем у матчы супраць “Эдмантана”

Ягор Шаранговіч / twitter.com/NHLFlames

Мінулай ноччу “Эдмантан” і “Калгары” згулялі ў перадсезонцы двума складамі. Адна гульня адбылася на лёдзе “Ойлерз”, іншая – на пляцоўцы “Флэймз”. У абодвух паядынках мацней былі “агеньчыкі” — 6:1 і 6:3. У хатнім для «Калгары» паядынку паўдзельнічалі два беларускія хакеісты — абаронца Ілля Салаўёў і форвард Ягор Шаранговіч. Шаранговіч дзейнічаў на флангу першага звяна, з Наземам Кадры і Андрэем Кузьменком. Салаўёў – у другой пары абароны, з Тайсанам Бэры. Ягор аформіў галявы дубль, вызначыўшыся пры гэтым адзін раз у меншасці. Яшчэ ён нанёс 6 кідкоў і зарабіў паказчык карыснасці +3, а таксама 2 хвіліны штрафу. Ілля ў матчы зрабіў 2 кідкі і зарабіў паказчык карыснасці +1. Наступны перадсезонны матч “Калгары” правядзе 26 верасня ў гасцях у “Ванкувера”.

Канадскі форвард з вопытам гульні ў НХЛ Цірні перайшоў у менскае “Дынама”

Хакейнае менскае “Дынама” аб’явіла аб падпісанні кантракта з канадскім нападнікам Крысам Цірні. Пагадненне з 30-гадовым форвардам разлічана да канца сезона. Большую частку кар’еры Цірні правёў у Нацыянальнай хакейнай лізе – канадзец выступаў за “Сан-Хасэ”, “Атаву”, “Фларыду”, “Манрэаль” і “Нью-Джэрсі”. Сумарна ў НХЛ Крыс адыграў 689 матчаў за дзесяць сезонаў, у якіх набраў 260 (85+175) ачкоў. Акрамя таго, у актыве нападніка 51 (13+38) выніковы бал за 55 гульняў у Амерыканскай хакейнай лізе. Таксама Цірні з’яўляецца двухразовым чэмпіёнам хакейнай лігі Антарыё (OHL) у складзе “Лондан Найц”.

Фалей не змагла выйсці ў асноўную сетку турніру WTA-1000 у Пекіне

Беларуская тэнісістка Алена Фалей не здолела прабіцца ў асноўную сетку турніру катэгорыі WTA-1000 у Пекіне з прызавым фондам 8 мільёнаў 900 тысяч даляраў. Беларуска, якая займае 203-е месца ў сусветным рэйтынгу, у матчы другога кваліфікацыйнага раўнда прайграла венгерскай тэнісістцы Далме Галфі, якая знаходзіцца на 143-й пазіцыі ў рэйтынгу WTA, – 1:6, 4:6. Паядынак доўжыўся 1 гадзіну 29 хвілін.

Іспанская газета “Маrca” назвала наступнага ўладальніка “Залатога мяча”

Бразільскі вінгер мадрыдскага “Рэала” Вінісіус Жуніёр стане новым уладальнікам “Залатога мяча”, сцвярджае іспанская газета Marca. Па звестках выдання, 28 кастрычніка бразільскаму гульцу ўручаць прэстыжную футбольную ўзнагароду за паспяховыя выступы. Адзначаецца, што вытворца спартыўнага адзення Nike праз два дні пасля ўручэння “Залатога мяча” Вінісіусу зноў адкрые краму на галоўнай вуліцы Мадрыда Гран-Віа. Для гульца зборнай Бразіліі ўжо выраблены лімітаваныя залатыя буцы. Па выніках мінулага сезона Вінісіус выйграў з «Рэалам» Лігу чэмпіёнаў, Суперкубак Іспаніі і чэмпіянат Іспаніі. Нагадаю, Вінісіус перайшоў у «Рэал» з «Фламенга» ў ліпені 2018 года. Сума трансферу склала 45 мільёнаў еўра. Дзеючае працоўнае пагадненне гульца з клубам разлічана да лета 2027 года. Паводле інфармацыі, прадстаўленай на партале Transfermarkt, рынкавы кошт футбаліста складае 180 мільёнаў еўра.

Беларускае Радыё Рацыя