BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Шаранговіч адзначыўся галявым пасам у матчы з «Ютай»

Беларускія гульцы працягваюць заяўляць пра сябе ў Нацыянальнай хакейнай лізе. Ягор Шаранговіч, які выступае за “Калгары”, адзначыўся выніковай перадачай у гульні супраць “Юты”.

Фота: hockey.by

Хоць яго каманда саступіла з лікам 3:5, нападнік правёў на лёдзе 19 хвілін і зарабіў паказчык карыснасці “+1”. У 31 матчы сезону Шаранговіч набраў 11 ачкоў (6+5). Аляксей Протас, які выступае за “Вашынгтон”, паказаў добры ровень у гульні супраць “Мінесоты”, нягледзячы на паразу сваёй каманды ў серыі булітаў з лікам 3:4. Нападнік правёў на лёдзе 18 хвілін, нанёс 4 кідкі і скончыў матч з паказчыкам карыснасці “+2”. У гэтым сезоне Протас ужо набраў 32 ачкі ў 38 матчах пры выдатным паказчыку карыснасці “+21”.

Аляксей Коласаў, галкіпер “Філадэльфіі”, правёў складаны матч супраць “Вегаса”, прапусціўшы 4 шайбы і адбіўшы 22 з 26 кідкоў. Усяго на яго рахунку 15 матчаў у сезоне і 87% адбітых кідкоў.

“Дынама” Менск захоўвае лідарства па наведвальнасці ў КХЛ

Нягледзячы на другое месца па сярэдняй наведвальнасці хатніх матчаў у снежні (13 666 гледачоў), менскае “Дынама” захоўвае лідарства ў агульным рэйтынгу сезону з паказчыкам 14 146 гледачоў. Гэта найлепшы вынік за апошнія некалькі гадоў у КХЛ.

Арына Сабаленка прабілася ў паўфінал турніру ў Брысбене

Беларуская тэнісістка Арына Сабаленка працягвае паспяховыя выступы на турніры WTA-500 у Брысбене. У чвэрцьфінале першая ракетка свету ўпэўнена абыграла чэшку Марыю Баўзкаву з лікам 6:3, 6:4. Матч доўжыўся 1 гадзіну 46 хвілін. У паўфінале Сабаленка сустрэнецца з расейкай Мірай Андрэевай. Летась Арына дайшла да фіналу гэтага турніру, і сёлета нацэлена на перамогу.

“Інтэр” выйшаў у фінал Суперкубка Італіі, абыграўшы “Аталанту”

Міланскі “Інтэр” перамог “Аталанту” у першым паўфінале Суперкубка Італіі. Абаронца “Інтэра” Дэнзел Дзюмфрыс адзначыўся дублем, забіўшы на 49-й і 61-й хвілінах. У другім паўфінале сёння сустрэнуцца “Ювентус” і “Мілан”, а фінал адбудзецца ў Саудаўскай Аравіі на “Kingdom Arena”.

Былы гулец “Энергетыка”-БДУ можа перайсці ў “Манчэсцер Сіці”

Цэнтральны абаронца французскага “Ланса” Абдукадыр Хусанаў, які раней выступаў за менскі “Энергетык”-БДУ, можа ўжо гэтай зімой стаць гульцом “Манчэсцер Сіці”. Паводле інфармацыі інсайдэраў, клуб гатовы прапанаваць 12 мільёнаў еўра за 20-гадовага абаронцу. Хусанаў паказаў сябе ў французскай Лізе 1 як перспектыўны гулец і прыцягнуў увагу некалькіх еўрапейскіх грандаў.

Беларускае Радыё Рацыя