У чарговым матчы рэгулярнага чэмпіянату НХЛ “Калгары” на чужой пляцоўцы адолеў “Нью-Джэрсі” — 5:3. Беларускі форвард гасцей Ягор Шаранговіч правёў на пляцоўцы 16 хвілін 7 секунд, нанёс адзін кідок і завяршыў сустрэчу з паказчыкам карыснасці “-1” па сістэме “плюс-мінус”.
“Вашынгтон” пацярпеў выязную паразу ад “Фларыды” — 2:4. Беларускі форвард гасцей Аляксей Протас запісаў у актыў выніковую перадачу. Протас правёў на пляцоўцы 13 хвілін 2 секунды, нанёс тры кідкі і завяршыў сустрэчу з паказчыкам карыснасці “+1”.
Сасновіч выйшла ў фінал кваліфікацыі тэніснага турніру ў горадзе Доха
Беларуская тэнісістка 95-ы нумар сусветнага рэйтынгу Аляксандра Сасновіч пераможна пачала выступы на турніры катэгорыі WTA-1000 у катарскай Досе з прызавым фондам 3 мільёны 200 тысяч даляраў. У стартавым матчы кваліфікацыі беларуска абыграла ў дзвюх партыях кітаянку Ван Сіюй – 7:5, 6:2. Сустрэча працягвалася 1 гадзіну 40 хвілін. Каб прабіцца ў асноўную сетку тэнісісткам трэба пераадолець два кваліфікацыйныя бар’еры.
Беларусы другі раз абыгралі зборную Узбекістана па міні-футболе
Зборная Беларусі па міні-футболе другі раз абыграла каманду Узбекістана ў гасцявым спарынгу. У Ташкенце падначаленыя Аляксандра Чэрніка выйгралі 2:0. Абодва мячы былі забітыя ў першым тайме – спачатку вызначыўся Дзмітрый Шыманоўскі, а потым яго поспех паўтарыў Уладзіслаў Сялюк. У першай гульні, якая адбылася ва ўзбекскай сталіцы 7 лютага, беларусы здабылі вікторыю з мінімальнай перавагай – 3:2.
Беларусы пачнуць новы сезон Лігі нацый УЕФА матчам з балгарамі
Футбалісты нацыянальнай зборнай Беларусі адкрыюць новы сезон Лігі нацый 5 верасня. У першым матчы беларусы прымуць зборную Балгарыі, а 8 верасня згуляюць на выездзе супраць каманды Люксембурга. Матчы групавой стадыі завершацца 19 лістапада 2024 года. Пераможцы груп падымуцца ў другі дывізіён – лігу В. Дзве горшыя каманды з чатырох квартэтаў апусцяцца ў лігу D.
Берасце 13-ы раз прымае футбольны Winter Cup
У Берасці 13-ы раз праходзіць перадсезонны футбольны турнір Winter Cup. У стартавым паядынку ў берасцейскім футбольным манежы ўладальнік срэбра чэмпіянату Беларусі гарадзенскі “Нёман” разышоўся мірам з клубам «Макслайн», які выступае ў другім дывізіёне – 0:0.
У другой баталіі гульнявога дня берасцейскае “Дынама” прыме наваполацкі “Нафтан”.
Максім Гук стаў гульцом лідара Чэмпіяната Польшчы “Шленска”
Выхаванец гарадзенскага футбола 18-гадовы Максім Гук стаў гульцом “Шлёнска” з польскай экстракласы. Пра гэта паведамляе football.by. Абаронца да вясны мінулага года выступаў за юнацкую каманду “Нёмана”, а затым правёў некалькі паядынкаў за дубль. “Шлёнск” лідыруе ў чэмпіянаце Польшчы. Пасля 19 матчаў у каманды з Вроцлава 41 ачко. Наступны матч першынства новы клуб Гука правядзе 11 лютага на хатняй арэне супраць “Пагоні”.
Беларускае Радыё Рацыя






