Беларускі хакеіст Ягор Шаранговіч працягвае радаваць заўзятараў сваімі выступамі ў рэгулярным чэмпіянаце НХЛ. У матчы супраць лідара Заходняй канферэнцыі «Вінніпега» форвард «Калгары» ў большасці адзначыўся галявой перадачай на Макензі Уігара. Нягледзячы на гэта, «Калгары» саступіў з лікам 2:5. Шаранговіч правёў на лёдзе 20 хвілін, нанёс тры кідкі і працягнуў сваю выніковую серыю да трох гульняў. У гэтым сезоне на яго рахунку ўжо 18 балаў (9+9) у 41 матчы. У наступным матчы, які адбудзецца 29 студзеня, «Калгары» сустрэнецца з «Вашынгтонам», дзе выступае яшчэ адзін беларус — Аляксей Протас.
Сабаленка лідыруе ў WTA, Азаранка апусцілася на 29-е месца
Беларуска Арына Сабаленка засталася першай ракеткай свету ў абноўленым рэйтынгу WTA. Нягледзячы на паразу ў фінале Australian Open, яе адрыў ад полькі Ігі Свёнтэк скараціўся да 186 ачкоў. Вікторыя Азаранка апусцілася на 29-е месца, а Александра Сасновіч знаходзіцца на 149-й пазіцыі. У мужчынскім рэйтынгу АТР лідыруе пераможца Australian Open італьянец Яннік Сінэр, а найлепшы з беларусаў — Ягор Герасімаў, які займае 353-е месца.
Матысюк далучыўся да «Нёмана»
17-гадовы брамнік Мікіта Матысюк стаў гульцом гарадзенскага «Нёмана». Мінулы сезон ён правёў у камандзе АБФФ U-17, дзе выступіў у 29 матчах. Таксама ў складзе «Нёмана» праходзіць прагляд 24-гадовы расейскі паўабаронца Арцём Шаболін, які ў мінулым сезоне згуляў 29 матчаў за расейскі «Сатурн», забіў 6 галоў і зрабіў 7 галявых перадач.
Баркоўскі пераходзіць у польскую «Пушчу»
22-гадовы нападнік берасцейскага «Дынама» Герман Баркоўскі рыхтуецца падпісаць кантракт з польскай «Пушчай». У мінулым сезоне Баркоўскі стаў адным з лідараў каманды, адзначыўшыся 10 галамі і 16 галявымі перадачамі ў 30 матчах.
Неймар вяртаецца ў «Сантас»
Бразільскі нападнік Неймар, які зараз выступае за саудаўскі «Аль-Хіляль», хутка вернецца на радзіму ў клуб «Сантас». Паводле журналіста Фабрыцыё Рамана, паміж клубам і гульцом дасягнута вуснае пагадненне. Да пераходу ў «Барселону» ў 2013 годзе Неймар ужо выступаў за «Сантас».
Чвэрцьфіналы чэмпіянату свету па гандболе вызначаны
На чэмпіянаце свету па гандболе сфармаваны пары чвэрцьфіналаў. Сярод галоўных супрацьстаянняў: чэмпіёны свету зборная Даніі сустрэнецца з Бразіліяй, а Францыя будзе змагацца з Егіптам. Матчы пройдуць 28 і 29 студзеня. У мінулым чэмпіянаце Данія, нагадаю, перамагла Францыю ў фінале з лікам 34:29.
Фінал Супербоўла: «Канзас-Сіці» супраць «Філадэльфіі»
Чэмпіён галоўнай лігі амерыканскага футбола НФЛ вызначыцца ў матчы паміж «Канзас-Сіці» і «Філадэльфіяй». Гэты фінал стане другім за апошнія тры гады, у якім сустрэліся гэтыя каманды. У мінулым сезоне «Канзас-Сіці» перамог «Філадэльфію» з лікам 38:35. Фінал адбудзецца 10 лютага ў Новым Арлеане.
Беларускае Радыё Рацыя






