У паядынку рэгулярнага чэмпіянату НХЛ “Калгары” ў родных сценах адолеў “Рэйнджэрс” — 3:2. Гэтая гульня стала юбілейнай 300-й у рэгулярных чэмпіянатах наймацнейшай лігі планеты для беларускага форварда «агеньчыкаў» Ягора Шаранговіча. І ён правёў яе годна: зарабіў 2 (1+1) бамбардзірскія балы і паказчык карыснасці +1, нанёс 4 кідкі па брамцы, дапусціў 2 страты за 17 хвілін 26 секунд на пляцоўцы.
Усяго ў сезоне ў Ягора 13 матчаў – 4 (3+1) ачкі і -6 карыснасці.
“Вашынгтон” на хатняй арэне саступіў “Каларада” — 1:2. Беларускі нападнік гаспадароў Аляксей Протас выходзіў на пляцоўку ў тройцы з Дыланам Стромам і Эндру Мэнджыяпанам. За 14 хвілін 34 секунды на лёдзе бамбардзірскіх балаў не набраў, 1 раз кінуў па брамцы, заблакаваў два кідкі супернікаў, атрымаў 2 хвіліны штрафу (за парушэнне правілаў у барацьбе з Міка Рантаненам), завяршыў сустрэчу з паказчыкам карыснасці 0. Усяго ў чэмпіянаце ў Аляксея Протаса 18 (7+11) ачкоў ў 19 матчах.
Хакейнае менскае “Дынама” правядзе тысячны матч у КХЛ
Менскае “Дынама” сёння правядзе 1000 матч за ўвесь час выступаў у Кантынентальнай хакейнай лізе. Супрацьстаяць падначаленым Дзмітрыя Квартальнава ў юбілейнай гульні будзе прынцыповы супернік – маскоўскае “Дынама”. Калектыў са сталіцы Расеі знаходзіцца ў выдатнай форме: у каманды серыя з чатырох перамог запар, а ў 10 апошніх матчах “бела-блакітныя” заставаліся без ачкоў толькі аднойчы. Масквічы з 37 баламі займаюць чацвёртае месца ў табліцы Заходняй канферэнцыі, у “зуброў” на пяць пунктаў менш і сёмая пазіцыя. У лістападзе беларуская каманда правяла сем гульняў, у якіх святкавала чатыры перамогі.
У мінулым сезоне менскае і маскоўскае “Дынама” сустрэліся ў першым раўндзе плэй-оф Кубка Гагарына, з лікам 4:2 у серыі мацней былі расейцы.
Лапаўхаў трапіў у сферу інтарэсаў “Капенгагена” і “Гента”
Галкіпер менскага “Дынама” Фёдар Лапаўхаў трапіў у сферу інтарэсаў “Капенгагена” і “Гента”. Пра гэта стала вядома расейскаму журналісту Анару Ібрагімаву, які падзяліўся інфармацыяй у сваім тэлеграм-канале. Як паведамляе крыніца, за гульцом будуць назіраць скаўты падчас матча 4-га тура агульнага этапу Лігі канферэнцый паміж менскім “Дынама” і “Капенгагенам”. У бягучым сезоне за “бела-сініх” Фёдар Лапаўхаў правёў 38 матчаў ва ўсіх турнірах, у якіх вызначыўся 22 “сухарамі”. Матч 4-га тура агульнага этапа Лігі канферэнцый паміж менскім “Дынама” і “Капенгагенам” адбудзецца 28 лістапада на стадыёне імя Мехці Гусейнзадэ ў Сумгаіце.
Гарноська заваявала срэбра ў шматбор’і на турніры “Нябесная грацыя” ў Катары
Беларуска Аліна Гарноська стала прызёрам міжнароднага турніру па мастацкай гімнастыцы “Нябесная грацыя”, які праходзіць у сталіцы Катара Досе. На працягу двух дзён сеніёркі выяўлялі найлепшых у самым прэстыжным відзе праграмы – шматбор’і. Напярэдадні пасля практыкаванняў з абручом і мячом лідар беларускай каманды Аліна Гарноська ішла трэцяй, але дзякуючы ўдалым выступам са стужкай і булавамі беларуска ўзнялася на другую пазіцыю. Перамагла расейка Марыя Барысава.
Беларускае Радыё Рацыя






