BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Шаранговіч разам з “Калгары” прайграў “Каламбусу”

Фота Мінспорту

У чарговым матчы рэгулярнага чэмпіянату НХЛ “Калгары” пацярпеў хатнюю паразу ад “Каламбуса” — 2:5. Беларускі форвард гаспадароў Ягор Шаранговіч правёў на пляцоўцы 15 хвілін 18 секунд, нанёс адзін кідок і завяршыў сустрэчу з паказчыкам карыснасці “-2”.

Увогуле Шаранговіч правёў у гэтым сезоне 48 паядынкаў і набраў 34 (20+14) ачкі.

Хакеісты “Віцебска” спынілі 15-матчавую пераможную серыю “Шахцёра” ў экстралізе

У чацвер матчамі на пляцоўках Віцебскай вобласці працягнуўся рэгулярны чэмпіянат беларускай хакейнай экстралігі. Цэнтральным матчам не толькі гэтага вечара, але і ўсяго студзеня стаў паядынак лідара сезона “Шахцёра” і другой каманды турніру “Віцебска”. Зыход паядынку вырашыла шайба абаронцы “Віцебска” Арцёма Смірнова на 50-й хвіліне сустрэчы – у выніку 3:2. Такім чынам, рэкордная пераможная серыя гэтага сезона ў выкананні “Шахцёра” спынілася на адзнацы 15 гульняў, а адрыў салігарчан ад паўночнікаў у табліцы скараціўся да шасці ачкоў. Паралельна ў Наваполацку “Хімік” засмуціў мясцовых заўзятараў, прайграўшы сталічнаму “Юнацтву” 0:4. Дублем за пераможцаў вызначыўся Алег Ламака. Гэтая перамога стала для “Юнацтва” пятай запар, дзякуючы чаму сталічны клуб зраўняўся па ачках з “Нёманам” на чацвёртым месцы ў экстралізе. Праўда, у гарадзенцаў ёсць матч у запасе. Сёння падначаленыя Яўгена Летава на выездзе згуляюць з “Гомелем”.

“Нёман” і мінскае “Дынама” перамаглі на турніры ў Магілёве

Футбалісты гарадзенскага “Нёмана” і менскага “Дынама” святкавалі другія перамогі на турніры Mogilev Cup-2024. У першым паядынку ўладальнікі срэбра чэмпіянату Беларусі абыгралі футбалістаў “Гомеля” з мінімальнай перавагай у ліку – 1:0. Пераможны мяч перад самым перапынкам забіў Алег Еўдакімаў. Чэмпіёны краіны футбалісты менскага “Дынама” таксама з мінімальнай розніцай адолелі “Днепр” – 1:0. На 12-й хвіліне вызначыўся Уладзімір Хвашчынскі. У заключны дзень турніру 27 студзеня адбудуцца два паядынкі: “Дынама” – “Нёман” і “Днепр” – “Гомель”.

На Кубку Азіі па футболе вызначыліся ўсе ўдзельнікі плей-оф

На Кубку Азіі па футболе, які праходзіць у Катары на арэнах апошняга чэмпіянату свету, сталі вядомы ўсе ўдзельнікі адной восьмай фіналу. На групавым этапе турніру стартавалі 24 зборныя, падзеленыя на шэсць квартэтаў. У плэй-оф з кожнага пула напрамую трапілі па дзве лепшыя каманды, яшчэ чатыры пуцёўкі ў накаўт-раўнд атрымалі лепшыя зборныя, якія занялі трэція месцы. Гаспадары Кубка Азіі выйгралі ўсе тры матчы ў групе А, услед за Катарам у 1/8 фіналу ўпершыню ў гісторыі выйшлі футбалісты Таджыкістана. У квартэце B наймацнейшымі прадказальна апынуліся Аўстралія і Узбекістан, з пула C са стоадсоткавым вынікам далей ступіла каманда Ірана, кампанію якой склала зборная Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў. У групу D без ачковых страт прайшлі футбалісты Ірака, якія апярэдзілі перадстартавых фаварытаў японцаў. Першае месца ў квартэце Е ў апошнім туры вырвала каманда Бахрэйна, яшчэ адны прэтэндэнты на трафей з Рэспублікі Карэя прабраліся ў плэй-оф з другой пазіцыі. Пул F чакана ўзначаліла зборная Саудаўскай Аравіі, таксама свае сілы ў адной восьмай фіналу паспрабуе Тайланд. Сярод каманд, якія занялі ў групах трэція месцы, больш за ўсё ачкоў набралі Іарданія, Сірыя, Палестына і Інданезія. Стадыя плэй-оф на Кубку Азіі па футболе стартуе 28 студзеня.

Леброн Джэймс у 20-ы раз згуляе ў «Матчы усіх зорак» НБА

Зорны форвард «Лос-Анджэлес Лэйкерз» ЛеБрон Джэймс у дваццаты раз атрымаў шанец згуляць у «Матчы ўсіх зорак» НБА. Гэта стала вядома пасля таго як былі апублікаваны стартавыя пяцёркі на зорны ўік-энд-2024. Леброн стаў аднаасобным лідэрам па гэтым паказчыку, абышоўшы легендарнага Карыма Абдул-Джабара.

Сёлета арганізатары вырашылі вярнуць «Матч усіх зорак» у ранейшы фармат гульні паміж зборнымі Усходняй і Заходняй канферэнцый.

Джэймс і Адэтакунба, якія набралі максімальную колькасць галасоў у канферэнцыях, стануць капітанамі сваіх каманд. Сустрэча пройдзе 18 лютага на хатняй арэне “Індыяны”.

Беларускае Радыё Рацыя