Беларускі форвард “Калгары Флэймз” Ягор Шаранговіч стаў галоўнай зоркай матчу супраць “Сіэтла” ў рэгулярным чэмпіянаце НХЛ. Спачатку ён аддаў галявую перадачу, а потым сам закінуў шайбу ў большасці, дапамогшы сваёй камандзе перамагчы 3:2. Пасля 45 гульняў на рахунку Шаранговіча 20 (10+10) ачкоў, а “Калгары” застаецца на восьмым месцы ў Заходняй канферэнцыі.
Квартальнаў страціў пазіцыі ў рэйтынгу трэнераў КХЛ
У КХЛ абнавілі рэйтынг трэнераў, і галоўны трэнер менскага “Дынама” Дзмітрый Квартальнаў апусціўся на 15-е месца. Яго каманда набрала 59 ачкоў у 49 матчах і займае 7-е месца ў Заходняй канферэнцыі. Наступны матч – супраць “Сочы” 4 лютага. Лідар трэнерскага рэйтынгу – Андрэй Разін з “Металурга”.
“Віцебск” можа падпісаць афрыканскага форварда
Каманда з паўночнай сталіцы Беларусі разглядае магчымасць узмацнення нападнікам з Кот-д’Івуара Сэдрыкам Куадзьё. Раней ён ужо выступаў у беларускіх клубах, у тым ліку ў “Слуцку” і “Дынама-Брэст”. На яго рахунку 14 галоў у 89 матчах Вышэйшай лігі.
Гурэнка: БАТЭ будзе змагацца за топ-5 у сезоне-2025
Былы гулец і трэнер зборнай Беларусі Сяргей Гурэнка лічыць, што БАТЭ не будзе прэтэндаваць на медалі ў новым сезоне. Ён прагназуе барацьбу барысаўчан за 5-е месца з “Гомелем” і “Віцебскам”, бо лідары – “Дынама” Менск, “Нёман”, “Тарпеда-БелАЗ” і “Дынама-Брэст” – на яго думку выглядаюць мацней.
Антырэкорд “Манчэстар Юнайтэд” пад кіраўніцтвам Амарыма
“Чырвоныя д’яблы” прайгралі “Крыстал Пэлас” 0:2, а галоўны трэнер Рубен Амарым усталяваў антырэкорд клуба. Пры ім “Манчэстар Юнайтэд” прайграў пяць хатніх матчаў у АПЛ за сем гульняў – гэта найгоршы паказчык у гісторыі клуба.
Сасновіч паднялася ў рэйтынгу WTA, Собаленка застаецца першай
Аляксандра Сасновіч зрабіла скачок на 21 пазіцыю ў сусветным рэйтынгу WTA і цяпер знаходзіцца на 128-м месцы. Лідарства захоўвае іншая беларуска.
Беларускае Радыё Рацыя