Беларуская тэнісістка Аляксандра Сасновіч і Аксана Калашнікава пацярпелі паразу на старце парнага разраду адкрытага чэмпіянату Францыі ў Парыжы. У матчы 1/32 фіналу беларуска-грузінскі дуэт саступіў у дзвюх партыях расейска-мексіканскаму тандэму Аляксандра Панова / Джулія Олмас – 4:6, 3:6.

Брэст прымае “Фінал чатырох” SEHA-лігі
Вырашальны этап SEHA-лігі – “Фінал чатырох”, сёння стартуе ў Берасці. У першым паўфінальным матчы на пляцоўцы спарткомплексу “Вікторыя” 23-разовыя чэмпіёны Расеі гандбалісты “Чэхаўскіх мядзведзяў” сустрэнуцца са стаўрапальскім “Віктарам”. У чвэрцьфінале стаўрапальская каманда сенсацыйна адолела па суме двух матчаў дзеючага чэмпіёна Расеі маскоўскі ЦСКА – 30:37 (дома) і 33:25 (у гасцях). У другой паўфінальнай сустрэчы сыдуцца найлепшыя беларускія клубы “Мяшкоў Брэст” і менскі СКА. У 1/4 фінале берасцейцы былі мацней за “Машэку” з Магілёва (34:20 і 35:18), а менчукі перайгралі гандбалістаў “Зеніта” з Санкт-Пецярбурга (32:27 і 31:30). У гэтым сезоне менскія армейцы яшчэ ні разу не перамагалі берасцейскую дружыну.
Беларускі абаронца Яроменка працягнуў кантракт з магнітагорскім «Металургам»
Беларускі абаронца Уладзіслаў Яроменка працягнуў кантракт з магнітагорскім «Металургам» на адзін сезон. Раней клуб рабіў гульцу кваліфікацыйную прапанову. У «рэгулярцы» мінулага сезона КХЛ 25-гадовы хакеіст набраў 8 (3+5) ачкоў у 31 сустрэчы, пры паказчыку карыснасці «+11» і 2 хвілінах штрафу. Частку матчаў Яроменка прапусціў з-за траўмы. У плэй-оф у яго актыве 3 (0+3) ачкі ў 21 сустрэчы, пры паказчыку карыснасці «+5». З камандай ён стаў уладальнікам Кубка Гагарына. Яроменка выступае за каманду апошнія два сезоны, да гэтага ён гуляў у складзе менскага «Дынама».
Маўрынью ўзначаліць «Фенербахчэ» (Джанлука Дзі Марцыа)
«Фенербахчэ» дасягнуў дамоўленасці з Жазэ Маўрынью пра яго прызначэнне галоўным трэнерам, паведаміў журналіст Джанлука Дзі Марцыа ў сваім твітары. Па дадзеных крыніцы, здзелка будзе разлічана на 2 гады. Афіцыйна пра яго прызначэнне павінны абвясціць ужо сёння. У сезоне-2023/24 каманду ўзначальваў Ісмаіл Картал. Яго кантракт дзейнічае да 30 чэрвеня. «Фенербахчэ» заняў другое месца ў чэмпіянаце Турцыі, чэмпіёнам стаў «Галатасарай». Апошнім месцам працы 61-гадовага Маўрынью была «Рома».
“Далас” згуляе з “Бостанам” у фінале плэй-оф НБА
У Нацыянальнай баскетбольнай асацыяцыі вызначыўся другі фіналіст сезону-2023/24 – ім упершыню за 13 гадоў стаў “Далас”. У фінале Заходняй канферэнцыі “Маверыкс” сустракаліся з “Мінэсотай Цімбервулвз”. Тэхасцы выйгралі тры першыя матчы супрацьстаяння і маглі закрываць серыю “ўсухую” два дні таму, але пацярпелі паразу на хатняй арэне. З другой спробы і на чужой пляцоўцы задача была ўпэўнена выканана. Фінальны лік – 124:103 на карысць гасцей і 4:1 у серыі.
“Маверыкс” выйшлі ў фінал сезона НБА трэці раз у сваёй гісторыі. У вырашальнай серыі “Далас” сустрэнецца з “Бостан Селтыкс”, якія ў фінале Усходу разабраліся з “Індыянай Пэйсерс” 4:0. Першы паядынак адбудзецца 7 чэрвеня ў Бостане.
Беларускае Радыё Рацыя