Беларуска Аляксандра Сасновіч (90-ы нумар рэйтынгу ВТА) перамагла ў першым крузе кваліфікацыі турніру ў аўстралійскім Брысбене. Беларуска адолела аўстралійку Сеону Мэндэс з лікам 6:1, 6:3
БАТЭ пакінуў яшчэ квінтэт футбалістаў
З барысаўскім клубам пасля заканчэння дзеяння пагадненняў развіталіся абаронца Даніла Нячаеў, паўабаронцы Сяргей Волкаў і Дзмітрый Падстрэлаў, а таксама нападнікі Дзяніс Лапцеў і Ілля Васілевіч.
Учора БАТЭ таксама афіцыйна аб’явіў аб растанні яшчэ з трыма гульцамі. Гэта брамнік Андрэй Кудравец, паўабаронца Валерый Бачэраў і форвард Дзмітрый Анцілеўскі. Яшчэ раней у Барысаве не сталі ўтрымліваць Сеада Ісламавіча.
Карла Анчэлаці працягнуў кантракт з мадрыдскім “рэалам” да 2026 года
Мадрыдскі «Рэал» падоўжыў кантракт з галоўным трэнерам Карлам Анчэлоці. Новае пагадненне 64-гадовага італьянца разлічана да лета 2026 года. 28 снежня ў СМІ пісалі, што спецыяліст ў студзені наступнага года заключаць новы кантракт з мадрыдцамі. Анчалоці ўзначальваў каралеўскі клуб у 2013-2015 гадах і з 2021 года да цяперашняга моманту. Пад яго кіраўніцтвам мадрыдская каманда ў сезоне-2021/22 стала чэмпіёнам Іспаніі, а таксама двойчы выйграла Лігу чэмпіёнаў. “Рэал” лідыруе ў чэмпіянаце Іспаніі, набраўшы 45 ачкоў у 18 гульнях.
Нясвадзьба і Перагуд атрымалі кубак «За адданасць гандболу»
Беларуская федэрацыя гандбола сумесна з партнёрам, групай кампаній “Дайнова”, узнагародзіла гульцоў Максіма Нясвадзьба і Карыну Перагуд (Ежыкаву) спецыяльным кубкам “За адданасць гандболу”, — паведамляе handball.by. Максім Нясвадзьба ў цяперашні час выступае за гарадзенскі “Кронан”, у якім пачаў сваю кар’еру яшчэ ў далёкім 2005 годзе, абараняў колеры расійскага клуба “Данскія казакі” і польскай “Бяла-Падляскі”. Па выніках нацыянальнага чэмпіянату Беларусі прызнаваўся лепшым левым паўсярэднім. Выступаючы за «Кронан», неаднаразова ўваходзіў у топ-10 найлепшых бамбардзіраў чэмпіянату Беларусі.
Карына Перагуд дэбютавала ў складзе нацыянальнай каманды ў 2012 годзе, выступала за маскоўскі “Луч”, валгаградскае “Дынама”, БНТУ-БелАЗ, “Астраханачку”, венгерскі “Дэбрэцэн”, харвацкую “Падраўку”. Цяпер знаходзіцца ў дэкрэтным водпуску. Са студзеня будзе трэніравацца і выступаць за каманду БНТУ-БелАЗ. Паступова плануе вярнуцца і ў зборную.
Чэмпіянат свету па хуткіх шахматах: Лазавік – 31-ы, Кавалёў – 88-ы
З 26 па 28 снежня праходзіў чэмпіянат свету па рапіду (хуткіх шахматах). У ім бралі ўдзел 4 беларусы. Найлепшы вынік паказаў 17-гадовы Дзяніс Лазавік. Ён заняў выніковае 31-е месца, ў 13 партыях 5 перамог і 6 нічыіх. Падпісант ліста за сумленныя выбары Уладзіслаў Кавалёў заняў 88-е месца. Ён выйграў 6 партый і 2 партыі звёў у нічыю. Адзначым, што за два тыдні да турніру пры падтрымцы Беларускага фонду спартовай салідарнасці быў аб’яўлены збор на суму 1600 даляраў, каб дапамагчы Кавалёву ў падрыхтоўцы да чэмпіянату. Сума была сабрана за суткі.
Таксама ў чэмпіянаце ўдзельнічаў 18-гадовы Максім Царук, які яшчэ не зʼяўляецца гросмайстрам. Ён заняў 96-е месца. Яшчэ адзін беларус Андрэй Гаравец заняў 110-е месца. Чэмпіянат свету праходзіў ва ўзбекістанскім Самаркандзе. У ім удзельнічалі 202 шахматысты. Першае месца заняў нарвежац Магнус Карлсэн.
Беларускае Радыё Рацыя