Беларуская тэнісістка Аляксандра Сасновіч выйшла ў чвэрцьфінал турніру катэгорыі WTA-250 у Будапешце з прызавым фондам 267 тысяч даляраў. У матчы другога раунда беларуска, якая займае 134-е месца ў сусветным рэйтынгу, перамагла расейскую тэнісістку Марыю Цімафееву, у якой 103-я пазіцыя, – 6:2, 6:4. У чвэрцьфінале суперніцай Сасновіч будзе пераможца сустрэчы паміж францужанкай Караль Манэ і нідэрландскай тэнісісткай Сюзан Ламенс.
Вядомыя патэнцыйныя саперніцы беларускіх футбалістак у плей-оф чэмпіянату Еўропы
Пасля фінішу групавога этапа адборавага турніру сталі вядомы дзевяць удзельнікаў фінальнага турніру жаночага чэмпіянату Еўропы па футболе, а таксама ўдзельнікі стыкавых паядынкаў. Футбалісткі зборнай Беларусі без страт прайшлі кваліфікацыйны этап у групе С1 (18 ачкоў з 18 магчымых), і разам з камандай Грузіі заваявалі права згуляць у плэй-оф за выхад у фінальную частку. Пуцёўкі ў стыкавыя матчы заваявалі яшчэ шэсць прадстаўнікоў лігі С: Чарнагорыя, Славенія, Люксембург, Грэцыя, Албанія, Румынія. Іх супернікамі будуць каманды, якія занялі 3-4 месцы ў квартэтах лігі А: Польшча, Чэхія, Аўстрыя, Швецыя, Фінляндыя, Бельгія, Ірландыя, Нарвегія. Лёсаванне першага раунда плэй-оф адбудзецца 19 ліпеня ў штаб-кватэры УЕФА ў швейцарскім Ньёне.
Берасцейскае «Дынама» і гарадзенскі «Нёман» правядуць закрыты таварыскі матч
У пятніцу асноўныя склады берасцейскага “Дынама” і гарадзенскага “Нёмана” згуляюць у таварыскім матчы. Гульня пройдзе ў закрытым фармаце. Месцам правядзення сустрэчы стане база “Дынама-Брэст” у Чырвоным Двары, доступ куды будуць мець выключна прадстаўнікі двух клубаў. Стартавы свісток прагучыць у 10.30. Закрыты таварыскі матч супраць «Нёмана» закліканы запоўніць каляндар каманды падчас традыцыйнай летняй паўзы і дапамагчы ў падрыхтоўцы да бліжэйшай афіцыйнай гульні, – гаворыцца на афіцыйным сайце берасцейскага «Дынама».
Нагадаем, у перыяд з 26 па 28 ліпеня берасцейцы на хатнім стадыёне прымуць дзяржынскі “Арсенал” у 1/8 фіналу Кубка Беларусі. Дакладныя дата і час гэтага матча стануць вядомы пазней.
Джыкія блізкі да пераходу ў БАТЭ
25-гадовы расейскі нападнік Тэмур Джыкія прыляцеў у Беларусь, каб заключыць кантракт з барысаўскім БАТЭ, — паведамляе тэлеграм-канал “Вуха”. Чакаецца, што гэта будзе арэнда да канца сезона з ульянаўскай “Волгі”, якая выступае ў трэцім расейскім дывізіёне. Мінулы сезон Джыкія правёў на правах арэнды ў армянскім «Урарту», дзе ў 32 матчах чэмпіянату вызначыўся 11 забітымі мячамі.
«Напалі» гатовы прапанаваць «Чэлсі» 25 мільёнаў еўра за Лукаку
Форвард «Чэлсі» Рамэлу Лукаку становіцца ўсё бліжэй да пераходу ў «Напалі», паведамляе інсайдэр Нікола Скіра. Паводле інфармацыі крыніцы, італьянскі клуб гатовы прапанаваць за 31-гадовага нападніка 25 мільёнаў еўра. Лукаку ўжо дамовіўся аб кантракце з «Напалі» да лета 2027 года. У пагадненне можа быць уключана опцыя падаўжэння дамовы аб супрацоўніцтве да чэрвеня 2028 года. Бакі дамовіліся пра зарплату ў памеры 6,5 мільёна еўра за сезон + бонусы. Мінулую кампанію Лукаку правёў на правах арэнды ў складзе «Ромы». У яго актыве 21 гол і 4 перадачы ў 47 матчах.
Гол Ямаля ў матчы з Францыяй прызнаны найлепшым на Еўра-2024
Найлепшы гол Еўра-2024 па версіі УЕФА забіў вінгер зборнай Іспаніі Ламін Ямаль. Гэта гол у паўфінале супраць зборнай Францыі. 17-гадовы Ямаль, нагадаем, самы малады гулец у гісторыі, які стаў чэмпіёнам Еўропы.
Беларускае Радыё Рацыя