BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Шатландыя гераічна выйшла на мундыяль

чэмпіянат свету

Завяршыўся групавы этап еўраадбору на чэмпіянат свету па футболе 2026 года.
Учора былі згуляныя заключныя яго матчы.

Каманда Беларусі працягнула двухматчавую нічыйную серыю без паразаў і гэтым разам згуляла 0:0 са зборнай Грэцыі на «ZTE-Арэне» ў венгерскім Залаэгерсегу.
Абаронца беларускай каманды Павел Забелін стаў найлепшым гульцом сустрэчы.
Футбаліст правёў на полі ўвесь матч, выйграў тры верхавых адзінаборствы (100%), пяць з сямі наземных адзінаборстваў, здзейсніў тры паспяховыя адборы (100%), а таксама зрабіў пяць вынасаў.
Раней у сваёй групе С беларусы саступілі Грэцыі (1:5), Шатландыі (0:2 – першы матч, 1:2 – другі). У першым матчы з Даніяй разгромна прайгралі з лікам 0:6, а ў другім – згулялі ўнічыю (2:2).
Такім чынам каманда Карласа Алоса набрала 2 ачкі і заняла апошняе месца.
Адзначым, што ўпершыню ў гісторыі Беларусь скончыла кваліфікацыю на чэмпіянат свету без перамог. Таксама аднойчы беларусы без перамог сканчалі адбор на чэмпіянат Еўропы 2000.

У паралельным матчы нашай групы Шатландыя сустракалася з Даніяй, дзе на коне быў прамы выхад на мундыяль. Цягам сустрэчы Шатландыя двойчы вяла ў ліку, і калі датчане засталіся гуляць удзесяцёх даціснула-такі іх з лікам 4:2 і ўпершыню за 28 гадоў выйшла на чэмпіянат свету па футболе. Па вялікім рахунку, дзякуючы – Беларусі, якая да гэтага прытармазіла Данію.

У іншых матчах:
Аўстрыя згуляла ўнічыю 1:1 з камандай Босніі і Герцагавіны. Такім чынам Аўстрыя ідзе на мундыяль напрамую, а Боснія – у стыкі.
Бельгія разграміла Ліхтэнштайн з лікам 7:0. Пры чым апошнія 4 галы бельгійцы забілі на адрэзку 52, 55, 57 і 59 хвілінаў.
Балгарыя перамагла Грузію з лікам 2:1.
Гішпанія згуляла ўнічыю 2:2 з Турцыяй. І тут першыя ідуць на мундыяль напрамую, а другія – у стыкі.
Косава і Швайцарыя разышліся мірам 1:1. І тут наадварот – другія ўжо могуць сабе браніраваць квіткі на амерыканскі кантынент, а першыя яшчэ пазмагаюцца за гэтае права ў стыкавых матчах.

Румынія разграміла Сан-Марына з лікам 7:1. Але пры гэтым румыны прапусцілі першымі ўжо на 2 хвіліне матча. Гэта быў адзін з двух галоў санмарынцаў за ўвесь адбор. Яшчэ столькі ж яны забілі ва ўчрашнім матчы ў сваю браму.

Швецыя і Славенія згулялі ўнічыю 1:1.
Уэльс з лікам 7:1 разграміў Паўночную Македонію і таксама выйшаў у стадыю плэй-оф чэмпіяната свету па футболе.

У 5-м раўндзе азіяцкай кваліфікацыі чэмпіяната свету зборная Ірака перамагла каманду Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў з лікам 2:1.
Вырашальны гол з пенальці на 90+17-й хвіліне забіў паўабаронца Амір Аль-Амары.
Дзякуючы гэтай перамозе каманда згуляе ў міжкантынентальным плэй-оф.
Матчы плэй-оф адбудуцца ў сакавіку 2026 года.

Моладзевая зборная Беларусі па футболе да 21 года сустракалася з камандай Даніі ў матчы групавога адбору на чэмпіянат Еўропы 2027 года. І, на жаль, саступіла з мінімальным лікам 0:1.
Зараз у групе І на экватары турніра пасля чатырох матчаў нашыя хлопцы з 4 ачкамі займаюць 4 месца. На першым, другім і трэцім з 7 ачкамі ідуць Аўстрыя, Бельгія і Данія, на апошнім 5 месцы – Уэльс, у якога 3 ачкі.

Беларуская брыгада арбітраў на чале з рэферы з Маладэчна Антонам Лашуком рассудзіла хіба самую сенсацыйную сустрэчу ўчорашняга дня гэтага турніра па-між зборнымі Андоры U-21 і Ірландыі U-21 адбору да Еўра-2027.
Дапамагалі 33-гадоваму Лашуку – Дзяніс Емяльянчыкаў і Антон Палуянаў. Чацвёртым арбітрам выступіў Амін Кургхелі.
Андорцы сенсацыйна разграмілі ірландцаў на сваім полі з лікам 4:0.
Нагадаем, Лашук з’яўляецца рэферы ФІФА з 2025 года. У бягучым адборавым цыкле ён таксама працаваў галоўным арбітрам на матчы моладзевых камандаў Швецыі і Арменіі.

Учора зборная Беларусі да 19 гадоў пад кіраўніцтвам Сяргея Сасноўскага правяла матч групавога этапа кваліфікацыі чэмпіянату Еўропы-2026 з аднагодкамі з Ліхтэнштайна. І разграміла тых у гасцях з лікам 5:0. 4 галы ўжо да 38 хвіліны забілі Грабцэвіч, Молчан і двойчы Акатаў, і нават пасля выдалення Бахно на 73 хвіліне, на 86 адзначыўся яшчэ і Гусеў.
Нагадаем, што 12 лістапада каманда прайграла Грэцыі з лікам 0:2 і 15-га – саступіла Турцыі таксама 0:2. Учора ж туркі выйгралі ў грэкаў – 2:1.
Турнірнае становішча групы 3: 1. Турцыя – 9 ачкоў, 2. Грэцыя – 6, 3. Беларусь – 3. 4. Ліхтэнштайн – 0.

Учора быў згуляны перанесены матч 1/8 фіналу Кубка Беларусі па футболе паміж «Смаргонню» і «Тарпеда-БелАЗ».
Сустрэча прайшла на стадыёне «Юнацтва» ў Смаргоні. Гаспадары саступілі з буйным лікам 0:4.
Нагадаем, жодзінская каманда раней двойчы перамагала ў Кубку Беларусі: у сезоне-2015/16 і 2022/23.
Шэсць з васьмі чвэрцьфіналістаў турніру ўжо вядомыя. Акрамя жодзінцаў, гэта мазырская «Славія», прысталічная «Іслач», барысаўскі БАТЭ, берасцейскае «Дынама» і койданаўскі «Арсенал». У снежні пройдуць астатнія матчы 1/8 фінала, дзе вызначацца апошнія чвэрцьфіналісты. Менскае «Дынама» 3 снежня прыме «Віцебск», а на наступны дзень «МЛ» у Віцебску прыме каманду ўжо з 3 дывізіёна – «Слонім-2017».

Учора былі згуляныя першыя матчы 26 тура рэгулярнага чэмпіяната беларускай хакейнай Экстралігі.
Салігорскі «Шахцёр» ў Баранавічах перамог мясцовы «Авіятар» з лікам 2:0.
«Дынама-Маладэчна» з лікам 4:2 перайграла «Віцебск».
«Славуціч» у Смаленску прайграў «Брэсту» па серыі булітаў – 3:4.
«Ліда» ў овертайме перайграла «Хімік» з Наваполацка з лікам 5:4.

«Вашынгтон» абыграў «Лос-Анджэлес» з лікам 2:1 у матчы рэгулярнага чэмпіянату Нацыянальнай Хакейнай Лігі.
У гэтай сустрэчы беларускі форвард «сталічных» Аляксей Протас вызначыўся асістам на 4-й хвіліне і перапыніў серыю без набраных ачкоў у шасці апошніх паядынках. Усяго ён правёў на лёдзе 17:05 (24 змены), з іх 01:48 – у меншасці, выканаў 1 кідок у створ брамы, 1 – міма, здзейсніў 1 блок-шот і скончыў матч з паказчыкам карыснасці «+1».
На апошняй хвіліне гульні Аляксей атрымаў траўму. Швайцарскі форвард «кінгз» Кевін Фіяла хацеў выкінуць шайбу, аднак трапіў у Протаса, які накрываў яго, пасля чаго нараджэнец Віцебска ўпаў на лёд ад болю. Гульню спынілі, а Фіяла папрасіў прабачэння ў беларуса.
У бягучым сезоне Протас правёў 19 матчаў, набраў 11 (5+6) ачкоў пры паказчыку карыснасці «+7» і 2 хвілінах штрафу.

«Далас» выклікаў у склад беларускага абаронцу – Уладзіслава Калячонка са свайго фарм-клуба «Тэхас Старз».
У гэтым сезоне ў АХЛ у Калячонка 10 матчаў, 3 (0+3) ачкі і карыснасць «0».
У складзе «Даласа» на дадзены момант траўмаваныя абаронцы Томас Харлі і Нільс Лундквіст. Пашкоджанне таксама атрымаў расеец Ілля Любушкін.
Нагадаем, што ўлетку 2024 года правы на беларуса перайшлі да «Даласа» ў выніку абмену з «Пітсбургам».

Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя