
У Марока завяршыўся 35-ы розыгрыш Кубка афрыканскіх нацый па футболе.
Каманда Сенегала ў звышдраматычным паядынку, вартага ў будучым кінаўвасаблення, вырвала перамогу ў гаспадароў турніра.
Асноўны час каманды Марока і Сенегала згулялі ўнічыю 0:0. Тут хапала ўсяго. І адменены ў канцы гульні гол Сенегала. І пенальці на апошніх хвілінах матча, які не рэалізаваў, прабіўшы «панёнкай», Браім Дыяс. І сыход з поля каманды Сенегала ў знак нязгоды з прызначаным пенальці. І яе трыўмфальнае вяртанне назад на газон стадыёна ў Рабаце. І выніковы ўдар ў «дзявятку» мараканскай брамы – паўабаронцы «Вільярэала» Папа Гіе ў дадаковым часе на 94 хвіліне, які прынёс гэтай заходне-афрыканскай краіне праз пяць гадоў – другі Кубак Афрыкі па футболе.
А вось трэцяе месца і бронзавыя медалі Кубка Афрыкі заваявала зборная Нігерыі, якая па пенальці абыграла зборную Егіпта. Асноўны і дадатковы час каманды згулялі 0:0. А вось у серыі 11-метровых з лікам 4:2 мацнейшымі былі нігерыйцы. У складзе Егіпта не забілі два нападнікі – Махамед Салах («Ліверпуль») і Амар Мармуш («Ман Сіці»). Брамнік Нігерыі Стэнлі Нвабілі парыраваў іх удары.
Егіпет другі раз запар застаўся па-за тройкай прызёраў Кубка Афрыкі.
У матчы рэгулярнага чэмпіянату НХЛ «Каларада» Іллі Салаўёва прайграў «Нэшвілу» з лікам 3:7. Беларус правёў на лёдзе 11 хвілін 9 секунд і выніковых балаў не набраў.
Беларускі галкіпер Аляксей Коласаў быў заменены ў матчы «Філадэльфіі» супраць «Рэйнджэрс» пасля трох прапушчаных шайбаў за 80 секунд.
Коласаў не адбіў ніводнага кідка, зрабіўшы нуль сэйваў, і быў заменены на 9-й хвіліне сустрэчы.
Па выніку яго «Філадэльфія» саступіла з лікам 3:6.
«Ванкувер» іншага беларускага галкіпера Мікіты Талапілы буйна прайграў «Эдмантану» з лікам 0:6. Беларус правёў на лёдзе 59 хвілін 53секунды, прапусціў 6 шайбаў (з іх 5 у роўных складах і 1 у меншасці) і адбіў 29 кідкоў.
«Калгары» дома перамог «Айлендэрс» з лікам 4:2.
27-гадовы беларускі форвард гаспадароў Ягор Шаранговіч згуляў на левым флангу трэцяга звяна, дзе яго партнёрамі сталі Мікаэль Баклунд і Мэт Караната.
На 12-й хвіліне сустрэчы ён адкрыў лік, закінуўшы сваю 10-ю шайбу ў бягучым сезоне.
Усяго Шаранговіч правёў на лёдзе 16 хвілін 52 секунды і набраў 1 (1+0) ачко.
У бягучым сезоне нападнік правёў 44 матчы і набраў 19 (10 +9) ачкоў пры паказчыку карыснасці «-13» і шасці хвілінах штрафу. У трох апошніх матчах на яго рахунку 5 (2+3) дзейсных балаў.
Яго «Калгары» набраў 46 ачкоў у 48 сустрэчах і падняўся на 12-е месца ў Заходняй канферэнцыі.
«Чыкага» дома саступіў «Бостану» з лікам 2:5.
20-гадовы беларускі абаронца гаспадароў Арцём Леўшуноў выйшаў на матч у другой пары абароны, дзе яго партнёрам стаў Уайет Кайзер.
Усяго ён правёў на лёдзе 25 хвілін 42 секунды. Гэта стала для абаронцы асабістым рэкордам па гульнявым часе ў матчах НХЛ. Аднак выніковымі баламі ў гэтай гульні ён не вызначыўся.
У бягучым сезоне на рахунку Леўшунова 46 матчаў, 21 (2+19) ачко і паказчык карыснасці «-19» пры 30 хвілінах штрафу.
24-гадовы беларускі абаронца гасцей Уладзіслаў Калячонак у заяўку на гульню не трапіў і прапусціў ужо дзясяты матч запар.
«Вашынгтон» дома саступіў «Фларыдзе» з лікам 2:5.
Беларускі нападнік гаспадароў Аляксей Протас стартаваў у першым звяне разам з амерыканцам Раянам Леанардам і канадцам Конарам МакМайклам.
На 23-й хвіліне гульні форвард аформіў асіст. Усяго ён згуляў 22 хвіліны 47 секунд.
У 46 матчах бягучага сезона Протас вызначыўся 32 (16 +16) ачкамі пры 16 штрафных хвілінах і паказчыку карыснасці «+20».
Пасля 49 гульняў яго «Вашынгтон» займае 10-е месца ва Усходняй канферэнцыі з 54 ачкамі.
«Хершы» на выездзе ў авертайме абыграў «Шарлот» з лікам 4:3 у матчы рэгулярнага чэмпіянату АХЛ.
Беларускі форвард гасцей Ілля Протас адзначыўся выніковай перадачай пры пераможнай шайбе каманды на 5-й хвіліне авертайма. Суаўтарам асіста стаў Лу Белльёдзьа, гол на свой рахунак запісаў Андру Крышталь.
Такім чынам, беларус падоўжыў сваю выніковую серыю да трох гульняў. Усяго ў яго актыве 28 (14+14) ачкоў пры паказчыку карыснасці «10» пасля 35 сустрэч.
Адзначым, што нараджэнец Віцебска з’яўляецца другім бамбардзірам і найлепшым снайперам сваёй каманды.
У беларускай хакейнай Экстралізе на выходных былі згуляныя шэраг матчаў рэгулярнага чэмпіяната.
Аршанскі «Лакаматыў» саступіў па булітах смаленскаму «Славуцічу» з лікам 4:5.
Гарадзенскі «Нёман» з лікам 4:0 перамог наваполацкі «Хімік».
«Гомель» саступіў салігорскаму «Шахцёру» з лікам 1:2.
«Дынама-Маладэчна» быў мацнешым за баранавіцкі «Авіятар» з лікам 5:2.
З лікам 6:2 «Віцебск» перайграў «Магілёў».
Менскае «Юнацтва» ўзяло рэванш у «Брэста» з лікам 2:1.
«Ліда» з такім самым лікам 2:1 перайграла жлобінскі «Металург».
Беларускія тэнісісткі Арына Сабаленка і Аляксандра Сасновіч правялі матчы першага круга турніра «Вялікага шлема» Australian Open, які праходзіць у Мэльбурне з 18 па 31 студзеня.
Аляксандра Сасновіч (WTA №102) саступіла італьянцы Жасмін Пааліні (WTA №7) з лікам 0:2 – 1:6, 2:6.
А вось Арына Сабаленка (WTA №1) перамагла з лікам 2:0 францужанку Цьянцоа Ракатаманга Ражаона (WTA №118) – 6:4, 6:1.
У 1/32 фінала беларуска згуляе з прадстаўніцай Кітая Чжосюань Бай (WTA №697). Якая у матчы першага круга нанесла сенсацыйную паразу расейцы Анастасіі Паўлючэнкавай (WTA №44).
Нагадаем, што Сабаленка – уладальніца тытулаў Australian Open у 2023-м і 2024-м.
Прызавы фонд сёлетняга турніра складае – 74 900 000 аўстралійскіх даляраў.
Беларускі спартовец Сцяпан Папоў узяў срэбра на адкрытым чэмпіянаце Еўропы па бразільскім джыу-джытсу ў катэгорыі Master 3 (ветэраны, пурпурны пояс).
У першым паядынку сярод выступоўцаў у сярэдняй вазе Папоў быў мацнейшы за грэка Ламброса Караг’ёргаса, у другім ён перамог Лунеса Ідзіра Качы, а ў трэцім абышоў японца Ацусі Конісі.
Аднак у фінале беларус саступіў бразільскаму спартоўцу Іванільду Жазэ Перэйра Гомесу.
Міжнародны саюз біятланістаў апублікаваў канчатковы спіс алімпійскіх квот.
Беларускіх спартоўцаў у спісе няма, а значыць яны не змогуць прыняць удзел у спаборніцтвах па біятлоне на Алімпійскіх гульнях 2026 — нават у нейтральным статусе.
Зімовая Алімпіяда пройдзе ў Італіі (Мілан і Карціна-Д’ампеца). Пакуль алімпійскія ліцэнзіі атрымалі толькі пяць спартоўцаў беларускай зборнай — фрыстайлістка Ганна Гуськова, канькабежка Марына Зуева, гарналыжніца Марыя Шканава, фігурыстка Вікторыя Сафонава і лыжніца Ганна Каралёва.
На мінулай зімовай Алімпіядзе ў беларускай камандзе было 29 чалавек.
Дачка вядомага беларускага лыжніка Сяргея Далідовіча Дар’я, якая выступае за каманду бежанцаў, таксама не трапіла ў канчатковы спіс.
Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя






