BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Сёння, 6 жніўня, у Алімпіядзе возьме ўдзел адзін прадстаўнік Беларусі

На Champ-de-Mars Arena пачне выступы ў грэка-рымскай барацьбе прадстаўнік беларускай каманды Абубакар Хаслаханаў у вагавай катэгорыі да 97 кг.  Яго першым супернікам у 1/8 фіналу стане Роберт Кобліашвілі з Грузіі. Пачатак спаборніцтваў у 12.30.

Заўтра пройдуць папярэднія заплывы на байдарках з удзелам Уладзіслава Крыўца на дыстанцыі 1000 метраў. Таксама ў сераду адбудуцца спаборніцтвы па таэквандо. Георгій Гурцыеў выступіць у вазе да 58 кг. Выданне Sport Illustrated спрагназавала Георгію золата.

У беларусаў на Алімпіядзе пакуль тры медалі: золата Івана Літвіновіча ў скачках на батуце, срэбра Віялеты Бардзілоўскай у скачках на батуце, і срэбра Яўгена Залатога ў акадэмічным веславанні.

Лідыруе па медалях зборная ЗША — 79 медалёў, у Кітая — 53, у Францыі — 47.

Дзюпланціс выйграў золата ў скачках з шастом з новым сусветным рэкордам

У фінале скачкоў з шастом у рамках Алімпійскіх гульняў-2024 у Парыжы шведскі атлет Арман Дзюпланціс усталяваў новы сусветны рэкорд – 6 метраў 25 сантыметраў. Ранейшы належаў яму ж – 6,24. Фантастычная вышыня скарылася яму толькі з трэцяй спробы. Дзюпланціс стаў двухразовым алімпійскім чэмпіёнам, раней ён заваяваў золата на Гульнях-2020 у Токіа. Срэбра заваяваў амерыканец Сэм Кендрыкс – 5 метраў 95 сантыметраў, бронза ў грэка Эмануіла Караліса – 5 метраў 90 сантыметраў. А вось лідар сусветнага сезона ў скачках з шастом брытанка Молі Кодэры не змагла пераадолець кваліфікацыйны адбор у фінал Алімпіяды. Яна пачала кваліфікацыю з вышыні 4 метры 55 сантыметраў і ва ўсіх спробах збіла планку. Кодэры сёлета скокнула на 4 метры 92 сантыметры, што з’яўляецца найлепшым вынікам сезона ў свеце і рэкордам Вялікабрытаніі.

Францыя выйшла ў фінал Алімпіяды, дзе сустрэнецца з Іспаніяй

У матчы паўфіналу футбольнага турніру ў рамках Алімпійскіх гульняў-мужчынская зборная Францыі ў дадатковы час абыграла каманду Егіпта з лікам 3:1. У фінальным матчы золата аспрэчаць каманды Францыі і Іспаніі, за бронзу згуляюць зборныя Марока і Егіпта. Фінал адбудзецца 9 жніўня.

“Юнацтва” стала самай дзейснай камандай па выніках першых матчаў Кубка Салея


Беларуская федэрацыя хакея (ФХБ) падзялілася інфармацыяй па выніковасці клубаў на Кубку Салея. Самай выніковай камандай пасля стартавых тураў з’яўляецца «Юнацтва». Мінчане закінулі 13 шайбаў у двух матчах – яны перамаглі “Ліду” (8:1) і “Нёман” (5:2). Форвард мінчан Станіслаў Кучкін з чатырма галамі ўзначальвае снайперскую гонку турніру.
На другім месцы па выніковасці – “Дынама-Маладзечна”, якое закінула 12 шайбаў у трох матчах. Дынамаўцы саступілі “Шахцёру” (1:3) і “Брэсту” (3:4 у авертайме), а затым разграмілі “Авіятар” (8:2). Форвард Павел Капыцін – першы ў спісе найлепшых бамбардзіраў Кубка Салея.
Мяжу ў 10 закінутых шайбаў у турніры таксама пераадолеў “Металург”. “Ваўкі” стартавалі з перамогі над “Магілёвам” (8:2), затым у гасцях абыгралі “Лакаматыў” (2:0). Каманда Дзмітрыя Краўчанкі прапусціла ў двух матчах усяго дзве шайбы.

Дзядкоў і Пятрушка атрымалі перамогу на Кубку Беларусі па пляжным валейболе

У Бабруйску завяршыўся розыгрыш Кубка краіны па пляжным валейболе. Удзел у спаборніцтвах прынялі 36 мужчынскіх і 22 жаночыя пары, акрамя беларускіх гульцоў на турнір таксама заявіліся спартоўцы з Расеі. Кубак Беларусі ў выніку дастаўся наймацнейшаму беларускаму тандэму ў складзе Аляксандра Дзядкова і Паўла Пятрушкі, якія прадстаўляюць валейбольны клуб “Мінск”. У жаночым турніры перамаглі беларускі Вераніка Гром і Крысціна Глушакова, якія абыгралі ў фінале суайчынніц Вольгу Абраменку і Надзею Цішкову.

Беларускае Радыё Рацыя