BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Сёння заходнебеларускае футбольнае дэрбі

У пятніцу матчам «Славія» (Мазыр) – «Смаргонь» пачаўся 26-ы тур футбольнага чэмпіянату Беларусі. У турнірнай дыспазіцыі гэтая сустрэча асабліва важнага значання не мела. «Славія» ішла на 11-ым месцы, а смаргонцы – на 12-ым. На іх яны і засталіся пасля нулявой нічыі паміж сабой. Мазырцы ўжо 10 гульняў выступаюць без перамог.

Яшчэ па тры матчы пройдуць сёння і ў нядзелю. У цэнтры ўвагі будзе заходнебеларускае суботняе дэрбі – у прынцыповым паядынку берасцейскае «Дынама» прыме прэтэндэнта на золата – гарадзенскі «Нёман». У іншых матчах сёння «Слуцк» спаткаецца з барысаўскім БАІЭ, а магілёўскае «Дняпро» пастараецца даць бой жодзінскаму «Тарпеда».

Тэнісны турнір у Базэлі

На прадстаўнічым тэнісным мужчынскім турніры ў Базэлі вызначыліся паўфіналісты. Хольгер Руне з Даніі адолеў бельгійца Давіда Гафена – 6:2, 6:4 па партыях. Больш рэйтынгавы Стэфанас Цыцыпас (Грэцыя) прайграў французу Арцюру Філсу за два сэты – 6:7 (5:7) і 3:6, расеец Андрэй Рублёў быў слабейшым за Бена Шэлтана (ЗША) – лік па партыях – 5:7, 7:6 (6:3) і 4:6. Тры сэты спатрэбілася ў спаборы Джавані Мпешы-Перыкара (Францыя) і Дзяніса Шапавалава (Канада). Урэшце ўсё вырашылася толькі на тай-брэйку, на якім больш спрытным стаў француз – 6:7 (7:9), 6:3 і 7:6 (6:3) у заключным адрэзку.

У паўфіналах сустрэнуцца Шэлтан – Філс і Руне – Мпешы-Перыкара. Імаверна, што вырашальны паядынак можа стацца чыста французскім.

У баскетбольнай Еўралізе два лідары

Тры заключныя матчы 5-га тура прыйшлі ў мужчынскай баскетбольнай Еўралізе. Стамбульскі «Фенербахчэ» з Турцыі дома саступіў грэчаскаму «Панацінаікасу» з Афінаў – 76:81. «Барселона ў цяжкім змаганні адолела клуб АСВЕл з французскага Ліёна – 90:83. Мюнхенская «Баварыя» прымала на сваім паркеце грэчаскі «Алімпіякас» з Пірэя і дамаглася валявой вікторыі – 84:80.

Пасля 5 тураў наперадзе «Барселона» і вільнюскі «Жальгірыс» – у абодвух клубаў па 4 вікторыі. Далей ідзе група з 8-мі камандаў, у якіх па тры перамогі.

А ў чэмпіянаце Беларусі па баскетболе пасля 6 тураў лідар магілёўскі «Барысфен» – у яго 5 выйгрышаў, другое-трэцяе месцы дзеляць «Мінск» і «Гродна-93» – па 4 перамогі.

Поспех Радзьковай у барацьбе

Беларуская спартоўка Вікторыя Радзькова стала прызёркай чэмпіянату свету па барацьбе сярод удзельнікаў не старэйшых за 23 гады, які праходзіць у сталіцы Албаніі Тыране.

Беларуска ўзнялася на подыум спаборніцтваў у вагавой катэгорыі да 72 кг. Напярэдадні ў папярэдніх паядынках Радзькова перамагла Цагзолму Доржсурэн з Манголіі і японку Юку Фудзікуру, але ў паўфінале саступіла Віан Руле з Канады. Ну а ў спаборы за бронзу Вікторыя з лікам 4:0 адолела расейку Алесю Бязуглаву.

У мінулым годзе Радзькова таксама была трэцяй на моладзевым чэмпіянаце свету, а ў гэтым сезоне ў актыве беларускі золата першынства Еўропы-U20 і бронза кантынентальнага форуму-U23.

Х. Каменскі, Беларускае Радыё Рацыя