BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Сенсацыя ў Лізе Еўропы

Сёмы тур Лігі Еўропы падараваў футбольным заўзятарам мноства эмоцый. “Манчэсцер Юнайтэд” у драматычным матчы абыграў “Рэйнджэрс” з лікам 2:1 дзякуючы позняму голу Бруну Фернандэша. Гэтая перамога стала сапраўдным ратункам для трэнера Рубена Амарыма. “Тотэнхэм” таксама парадаваў сваіх фанатаў, перамогшы “Хофенхайм” 3:2. Асноўную ролю адыгралі Джэймс Мэдысан і Сон Хын Мін, які аформіў дубль.

Не абышлося без сенсацый. У Рызе латвійская РФШ перамагла амстэрдамскі “Аякс” 1:0. Адзіны гол на рахунку Адама Мархіева. Матч паміж турэцкім “Фенербахчэ” Жазэ Маўрыньё і французскім “Ліёнам” завяршыўся безгалявой нічыёй 0:0. У наступным туры “Фенербахчэ” сустрэнецца з “Мідцьюландам”, а “Ліён” згуляе супраць “Лудагорца”. Пасля семі тураў упэўнена лідыруе італьянскі “Лацыё”, які гарантаваў сабе месца ў 1/8 фіналу.

Беларускія клубы актыўна рыхтуюцца да сезону

Футбольны клуб “Смаргонь” узмацніў склад чатырма гульцамі. У арэнду ўзяты абаронца Уладзімір Танкевіч і паўабаронца Аляксей Дайнэка. Таксама ў клуб прыйшлі брамнік Дзмітрый Сай і абаронца Аляксей Фірсаў.

Рэкорд для казахстанскага футбола

Лонданскі “Чэлсі” афармляе пераход 16-гадовага нападніка “Кайрата” Дастана Сатпаева за рэкордныя 4 мільёны еўра. Малады форвард застанецца ў Казахстане да паўнагоддзя, а потым падпіша пяцігадовы кантракт з ангельскім клубам.

“Віцебск” працягвае серыю перамог у экстралізе

У хакейным “паўночным дэрбі” “Віцебск” другі раз за тры дні абыграў наваполацкі”Хімік” з лікам 2:0. Раман Бабарыка аформіў шосты шатаут у сезоне, а “мядзведзі” замацаваліся на другой пазіцыі ў экстралізе.

Трыумф францужанак у біятлоне

На шостым этапе Кубка свету ў Антхольцы французская біятланістка Лу Жанмоно выйграла спрынт 7,5 км, паказаўшы бездакорную стральбу. Другое і трэцяе месцы занялі прадстаўніцы Германіі Селіна Гроціян і Францыска Пройс.

Беларускае Радыё Рацыя